Выбрать главу

— Давай крыху перачакаем,— параіў Лабановіч.

— Музыка безгалосая, а пачуецца далёка,— з некаторым непакоем і з насмешкаю з саміх сябе сказаў Янка.

Ісці зараз да Мальвіны Фідрус не выпадала. Сябры абмяркоўвалі новы план. I раптам бачаць — дарогаю імчыцца нехта верхам на кані! Падскакаў да сцежкі, якую паказваў сябрам селянін, і павярнуў на яе.

— Ураднік, стаўбуноўскі ўраднік! — ціха вымавіў Янка.

— Няхай ловіць ветра ў полі. Разумна зрабілі, Янка, што пераправіліся за рэчку.

Толькі надвячоркам сябры прыйшлі ў Панямонь, адмераўшы дзесяткі лішніх вёрст, каб замесці свае сляды.

Сустрэцца і пагаварыць з настаўніцай Фідрус Янку і Андрэю давялося ўжо другім разам.

XIV

Ёсць свой дадатны бок у пэўнай абмежаванасці твайго дабра і багацця, калі ты можаш спакаваць яго ў скрынку або ў чамадан, закінуць за плечы і ісці, узяўшы кій у рукі, куды табе трэба. Такое становішча было зараз і ў Лабановіча.

Як толькі пацяплела надвор’е і падсохла зямля, сабраў ён сваю маёмасць, а ўсё лішняе і не дужа патрэбнае пакінуў у брата, развітаўся з ім і рушыў у дарогу. На ўскрайку лесу Лабановіч прыпыніўся і акінуў вокам Смалярню, двор і хату, невялічкі садок, дзе ўжо збіралася зацвітаць маладая дзікая груша. «Можа, не давядзецца болей пабачыць мне гэты часовы прыпынак»,— падумаў ён.

Мінуўшы глухія Цёмныя Ляды, Лабановіч павярнуў улева, трымаючы кірунак на Мікуцічы. Малапрыметнымі ляснымі дарожкамі і сцежкамі абышоў засценак, дзе было лясніцтва і дзе амаль усе людзі ведалі яго, выгнанніка. Дарога ішла праз лес, чысты, высокі, стромкі бор. Бор гэты меў назву — Сустрэнаўка. «Чаму яго назвалі так? Відаць, тут адбылася нейкая сустрэча»,— разважаў Андрэй, падаючыся далей у бок Мікуціч. I раптам заўважыў — уперадзе, крыху ў бок ад дарогі, стаіць вялізны стары лось, гарбаносы, з цёмнаю шэрсцю на спіне, са здаравеннымі лапчастымі рагамі. Знянацку Лабановіч спыніўся, углядаючыся ў лася. Лось таксама стаяў і пазіраў на яго.

«Дай жа напалохаю!» — сказаў сам сабе Лабановіч і рынуўся на лася. Калі паміж імі заставалася крокаў сорак, лось стаў у баявую позу, адкаціўшы цёмны хіб, і не крануўся з месца. Лабановіч спалохаўся і ад наступлення перайшоў у адступленне. Схаваўшыся за тоўстай хвояй, ён стаў ляскаць па ёй палкаю. Лось трохі занепакоіўся, але не траціў свайго гонару. Ён паставіў на месца грозны хіб, прыняў звычайны выгляд і не спяшаючыся падаўся ў глыб лесу.

«Вось табе і Сустрэнаўка»,— сказаў сам сабе Лабановіч, не на жарты напалоханы. Ён пайшоў далей, паглядаючы направа і налева. Але лася нідзе не было відаць. Лес скончыўся, і перад вачамі вандроўніка вынікла пясчанае, узгоркаватае поле мікуціцкіх сялян.

Маці і дзядзька Марцін больш са смуткам, чым з радасцю, сустрэлі бяздомнага і безработнага вандроўніка. Але яго добры гумор і настрой трохі развесялілі іх абоіх. Дзядзька Марцін заўважыў нават, бестурботна махнуўшы рукою:

— Не ўдалося цяпер, то, можа, удасца ў чацвер. Толькі не загналі б куды за свет.

Ні маці, ні дзядзька не папікнулі Андрэя за прыкрае здарэнне на сходзе настаўнікаў. А Якуб шчыра быў рады прыходу брата. Калі ж ён даведаўся, што Андрэй збіраецца жыць тут усё лета, дык Якубава радасць яшчэ павялічылася. За апошні час ён значна падрос і быў праваю рукою дзядзькі Марціна.

— Без Якуба я проста як без рук,— сказаў дзядзька.— Ён і ў гумне памагае мне, і ў полі, і ў лесе. То пойдзе ўкрадкам высеча ялінку на грабільна або на кассё, то заскочыць у дубняк і калі выбера біч, дык толькі падымай цэп: біч сам будзе малаціць.

Ведаў дзядзька Марцін, чым і як дагадзіць пляменніку. А Якуб слухаў і ўвесь расцвітаў ад задавалення. Каб не выявіць свайго ўзрушэння, шчаслівы Якуб сказаў, зварачаючыся да брата:

— Я пакажу табе, Андрэй, адно месцейка на Нёмане ў Бервянцы — вось там рыбы дык рыбы! Часамі як плюхне, ці то сом, ці шчупак, дык аж булбаткі ўстаюць на вадзе. А язёў там, а голаватняў! Так і ходзяць чародамі.

— А ты ж часамі не прабаваў падчапіць на вуду язя? — пацікавіўся Андрэй.

— Цяжка ўзяць яго там,— безнадзейна прызнаўся Якуб.— Карчаўё, карэнне. Не адзін кручок мой застаўся там.

— А можа, мы з табою ўдвух ці не далі б рады? — спытаў Андрэй.

Якуб запэўніў, што і ўдвух нічога не зробяць. Дзядзька Марцін слухаў і пасміхаўся ў вус.

— Ужо калі Якуб сказаў, значыць, так яно і ёсць,— падтрымаў малога пляменніка дзядзька Марцін. Яны былі вялікімі дружбакамі.

— Вось калі пацяплее, дык яны сеткамі, таптухамі наловяць з пуд рыбы,— заўважыла маці і пайшла да печы: пэўна ж, Андрэю з дарогі захацелася падсілкавацца.

Дзядзька Марцін, Андрэй і Якуб выйшлі на двор агледзець гаспадарку.