Чымсьці блізкім, родным патыхнула на Лабановіча, калі ён аглядаў двор, будынкі і ўбогі скарб нескладанай сялянскай гаспадаркі, дзе кожная рэч нагадвала далёкае, бестурботнае дзяцінства. І ў той жа час яшчэ з большай сілай абуджаўся ў душы пратэст супраць несправядлівага ладу жыцця, дзе беднаму чалавеку адведзен такі цесны куток. Адно толькі цешыла сэрца: народ не хоча змірыцца з такім ладам. І ў гэтым — зарука перамогі.
Андрэй ніколі не цураўся сялянскай работы і ў кожны зручны час ахвотна памагаў дзядзьку Марціну. Калі ён быў настаўнікам, дык часта пасылаў сваім хатнім грошы. А цяпер ён у гэткім становішчы, што такой дапамогі аказаць не можа, хоць яна вельмі патрэбна. Прамільгнула невядома адкуль вынікшая думка аб тым, колькі новых месцаў прыходзіцца змяніць чалавеку на сваім жыцці. Не болей чвэрці веку пражыў на свеце Лабановіч, а пабыць яму даводзілася шмат дзе. І якія мясціны чакаюць яго наперадзе! Але зараз не было як затрымацца на гэтых разважаннях: рухавы, гаваркі Якуб звінеў, як званок, і ўсё стараўся як мага болей паказаць і расказаць брату аб розных рэчах і праявах. У гумне ён падвёў Андрэя да шырокага дубовага шула. На ёмкім гвазду гэтага шула паважна адпачывалі цапы. Якубу хацелася паказаць цэп з тым хвацкім бічом, пра які расказваў дзядзька Марцін: біч, высечаны ў дубняку самім Якубам!
— Сапраўды, біч хвацкі,— азваўся Андрэй, зняўшы з гвазда цэп і разоў пару падняўшы яго ўгору.
З хаты выйшла маці, руплівая, працавітая, заўсёды заклапочаная жанчына. Яна паклікала Андрэя снедаць. Дзядзька Марцін і Якуб у хату не пайшлі, спаслаўшыся на тое, што яны нядаўна добра пад’елі.
Маці палажыла на стол дзервяны кружок і паставіла на яго скавараду з яечняй, засмажанай на тлустых скварках.
— Ведаеш, мама,— звярнуўся да яе Андрэй,— і дым з кадзіла, што пускае поп у царкве, не пахне так прыемна, як гэта скаварада са скваркамі.
— Не трэба, сынок, гаварыць лішняга,— з журботнаю ўсмешкаю заўважыла маці.
Пасмакаваўшы яечні, Андрэй ізноў азваўся:
— Такой яечні не толькі губернатар, але і наш дурань цар, Міколка Другі, не еў.
— Еш, сынок, і глупства гаварыць не трэба,— запярэчыла маці.— Вось вы пайшлі супраць начальства, зняважылі цара, а зараз сядзіце без месца. Забыліся вы прыказку: не чапай гною, бо смярдзець будзе.
Лабановіч громка зарагатаў:
— Вось гэта, мама, праўда. Але раз гэта гной, што зусім справядліва, дык яго трэба ў зямлю закапаць, каб угнойваў яе.
Андрэй падышоў да маткі, пацалаваў яе ў руку.
— Дзякую, мама, за снеданне. Даруй мне за непрыемнасці, за прыкрасці, што я прычыніў вам. Смуткаваць жа і плакаць няма чаго. Вось калі б я зрабіў злачынства людзям, простым людзям, дык тады можна было б адвярнуцца ад мяне і ў хату не пусціць, хоць я і родны ваш сын. Я ж хачу, і многія-многія сотні тысяч такіх, як я, хочуць, каб простым людзям жылося добра, каб самі яны былі гаспадарамі над сабою і каб не чынілі над імі здзекаў паны, чыноўнікі, пачынаючы ад урадніка і губернатара і канчаючы царом. У імя ж цара і ад імя цара творацца ўсе гэтыя несправядлівасці: мужыкам на зямлі, рабочым на фабрыках і заводах. А ці маем жа мы права сядзець злажыўшы рукі і спакойна пазіраць на ўсю гэту пачварнасць? Калі б праменні сонца не знішчалі вясною снегу і лёду, дык зямля б не вызвалілася ад холаду і не было б вясны. Няхай мяне выгналі, няхай я сяджу без работы, хоць, праўда, работу сякую-такую знаходжу, няхай мяне судзяць і засудзяць, я ніколі здавацца не буду, бо ведаю, у імя чаго змагаюся.
Маці слухала і плакала.
— Ох, сынок, калі ўжо так трэба, дык трэба.
І выцерла хвартухом слёзы.
XV
За Мікуцічамі ўгору па Нёману, за паўвярсты ад сяла, ёсць высокі прыгожы груд, дзе раслі пышныя, разложыстыя хвойкі. Уся гэта мясціна мела адну назву — Клешчыцы. Тут быў тады малады яшчэ лясок і маляўнічыя зацішныя далінкі, куды любілі сходзіцца летам мікуціцкія настаўнікі лавіць рыбу і наладжваць таварыскія маёўкі. Глыбока ўнізе, пад зрывістым пясчаным берагам, струменіўся быстры Нёман, праносячы па чыстым жолабе веснавыя воды і падразаючы высокі свой бераг. Тут, як расказвалі старыя людзі, знаходзілі чалавечыя чэрапы і косці. Тыя ж людзі сцвярджалі, што тут быў калісь курган, магіла забітых на вайне са шведамі салдатаў.
Нёман яшчэ не ўвайшоў у свае берагі. Даволі шырокая даліна была заліта веснавою вадою. Там, дзе вада спадала, прабівалася і жаўцела буйная шыракалістая лотаць. На процілеглым баку даліны раскінуліся палеткі, вузкія палоскі ўзгоркаватай зямлі занямонскіх сялян, дзе туліліся закрытыя пагоркамі невялікія вёскі, якія мелі агульную назву — Сёлы. Якраз насупраць Клешчыц, на тым баку даліны, узнімаўся досыць высокі курган. На самым версе кургана красаваўся выступ, нібы круглая шапка. У Мікуцічах яго называлі Дзямянавым Гузам.