Выбрать главу

Лабановіч стаяў на самым высокім пункце берага, адкуль яму вельмі добра былі відаць Дзямянаў Гуз, Мікуцічы, мястэчкі Панямонь, Стаўбуны і сіняя палоска Сіняўскага гаю — малюнак, якім нельга было не залюбавацца. Але вочы Андрэя Лабановіча пільней узіраліся ў Дзямянаў Гуз: там зараз павінна была з’явіцца постаць чалавека, імя якому Янка Тукала.

Перш чым пакідаць Смалярню і перабірацца ў Мікуцічы, Андрэй паведаміў аб гэтым Янку і сказаў:

— Без цябе, Янка, мне горка на свеце жыць, давай не будзем разлучацца і надалей. Дык вось што, мой дружа: зрабі і ты сабе канікулы, тым болей што не за гарамі Вялікдзень, і перабірайся да бацькоў у Нейгертава, за Нёман, у вашы славутыя Сёлы.

Янка на гэта ўзнёсла азваўся:

— Твая радасць — мая радасць, тваё гора — маё гора, твой Бог — мой Бог, няхай будзе благаславёна імя яго! I няхай станецца па слову твайму.

— Адчуваю, Янка, і ведаю, што ты — мой сапраўдны друг. А калі так, дык давай наладзім наша наступнае спатканне ў вялікую пятніцу і наладзім яго... у прасторах!

— Да гэтага я ўсё разумеў, а вось спатканне «ў прасторах» не дайшло,— заўважыў Янка.

— Растлумачу табе. Ведаеш Дзямянаў Гуз? — запытаў прыяцеля Андрэй.

— Ведаю, добра ведаю.

— А пра Клешчыцы ты чуў?

— I Клешчыцы ведаю. I гарэлку там піў, і смачную юшку еў.

— Ну, дык так, мой браце: у дванаццаць гадзін у вялікую пятніцу ты ўзыдзі на гару высокую, сірэч — на Дзямянаў Гуз. Я ж у гэты час буду стаяць над Нёманам, на высокім беразе ў Клешчыцах. З гэтага берага добра відаць Дзямянаў Гуз, а з Дзямянавага Гуза яшчэ лепей відны Клешчыцы. Калі ты ўзыдзеш на Дзямянаў Гуз, я два разы махну табе хваёваю галінаю. А гэта будзе азначаць: «Здароў, Янка!» А паколькі лесу ў раёне Дзямянава Гуза няма, дык ты прымацуй да ёмкага кія дзяружку, хустку ці проста анучу і такім саматужным сцягам памахай мне. I я буду ведаць, што ты пабачыў і зразумеў мой сігнал і ў адказ пасылаеш мне сваё прывітанне.

Янку Тукалу ў высокай ступені было ўласціва захапленне. Яму дужа спадабалася Андрэева выдумка.

— Цікавейшая думка! — весела адгукнуўся Янка.— Арыгінальная выдумка! Ды ты ведаеш, брат: мы створым цэлую сістэму сігналаў, каб гаварыць на адлегласці, або, як трапна ты сказаў,— наладзім спатканне ў прасторах.

Прыгадваючы гэтую гутарку з прыяцелем, Лабановіч зрэдку паглядаў на Дзямянаў Гуз. Пяці хвілін не хапала да дванаццаці. І раптам з-за схілу кургана паказалася чалавечая постаць. Не было ніякага сумнення, што гэта Янка. Узыходзячы на самую макушку Дзямянавага Гуза, ён трымаў добра прыметны саматужны сцяг, хоць адлегласць паміж сябрамі была не меней вярсты. Паветра было празрыстае. На фоне неба фігура Янкі вырысоўвалася вельмі выразна. Узрадаваны Лабановіч падняў угору даволі ёмкую хваёвую галіну і павольна махнуў ёю два разы. Зараз жа над Дзямянавым Гузам узвіўся Янкаў сцяг, ён таксама пасігналіў, як было дамоўлена раней. Сябры абмяняліся прывітаннямі. Тады Лабановіч зноў падаў сігнал, зрабіўшы галінай круг над галавою. Тое самае зрабіў і Янка на Дзямянавым Гузе. А гэта азначала: здаровы, новага пакуль не чуваць. Наступны сігнал і быў такі: Лабановіч адной рукою падняў над галавою галіну, а другую руку працягнуў убок. Янка адказаў такімі ж рухамі. Гэта значыла: з аднаго боку — хачу пабачыць цябе зблізку, а з другога — я таксама хачу. Пасля гэтага Лабановіч дзвюма рукамі падняў галіну ўгору і стаў махаць ёю ў свой бок, даючы гэтым знак, каб Янка сыходзіў з кургана і накіроўваўся да грэблі, што пачыналася зараз жа за Нёманам насупраць Мікуціч і пралягала праз усю нёманскую даліну. Другім сваім канцом грэбля ўсутыч падыходзіла да занямонскага поля; зараз яна была заліта вадою. Пабачыўшы сігнал, Янка падняў свой сцяг і некалькі разоў махнуў ім у бок Андрэя: зразумеў, іду і буду чакаць пераправы.

Лабановіч шпарка накіраваўся ў сяло, каб узяць лодку і плысці да Янкі. На ўсе Мікуцічы было не болей трох лодак, хоць у сяле налічвалася каля двухсот двароў. Былі, праўда, чаўны, але каб плысці на чаўне, трэба мець спрыт, бо пры такой вадзе перапраўляцца на ім небяспечна. Якраз насупраць грэблі, над самым Нёманам, на грудку стаяла хата старога Базыля, у якога была лодка. Да яго і звярнуўся Лабановіч. Праўда, сам Базыль ужо не мог упраўляцца з лодкаю, ёю распараджаўся старэйшы сын Паўлюк. Але павага да старасці вымагала звярнуцца наўперад да Базыля. Стары сядзеў на прызбе ў кажусе і пасмоктваў сваю піпку, якой ён ніколі не выпускаў з рота, хіба толькі тады, калі садзіўся за стол пасілкавацца або калі спаў.