Выбрать главу

Лабановіч ветліва павітаўся, прыпаднёс старому пачак махоркі. Базыль паўглядаўся ў Лабановіча. Вочы не дужа добра свяцілі старому.

— А чый жа ты? — запытаў Базыль.

Лабановіч сказаў, чый ён і хто такі. Стары Базыль яго добра ведаў, а зараз не пазнаваў, бо недабачваў.

— Ну, што ж? Вазьмі. Унь там Паўлюк на дрывотні. Ідзі да яго, дзеткі, няхай дасць ключ ад лодкі.

З Паўлюком справа была зроблена хутка, і хвіліны праз дзве Лабановіч сядзеў у лодцы. Шмат прыйшлося яму памахаць вяслом і затраціць сілы, пакуль не прызвычаіўся да кіравання. Быстрая вада, шырока выліўшыся з берагоў, несла лодку ўніз па плыні. Часамі на перавалах, дзе разводдзе бушавала з нястрыманаю сілаю і кідала лодку, як трэску, прыходзілася налягаць на ўсю змогу на вясло, каб выбрацца з небяспечных віроў. Пераезд на той бок даліны аказаўся не такім лёгкім і простым, як здавалася наўперад. Нарэшце большая частка вадзяной дарогі была пераадолена. Бліжэй да поля вада струменілася спакайней, а часамі і зусім не рухалася. Лабановіч уздыхнуў лягчэй. Зірнуўшы перад сабою, ён убачыў Янку. Сябар стаяў каля саменькай вады, выбраўшы найбольш зручнае месца для «прыстані». Калі Андрэй падплыў да яе, Янка зняў шапку і памахаў ёю ў паветры.

— Ура! Перамога! — крычаў ён, як відаць, маючы на ўвазе ўдачнае спатканне «ў прасторах».

— Не адна, а дзве,— азваўся з лодкі Лабановіч, выціраючы рукавом спацелы лоб.

Лодка зусім блізка падышла да берага і насавою часткаю кранулася долу. Янка ўхапіўся за нос лодкі і падцягнуў яе так, каб можна было зручна апынуцца ў ёй. Сябры радасна павіталіся. Колькі моманту яны моўчкі ўглядаліся адзін у аднаго, а на іх тварах свяцілася вясёлая ўсмешка.

— Ну, што скажаш, мой жывы афарызм?

— Няма на свеце такога невясёлага становішча, дзе б вясёлыя людзі не знайшлі сабе весялосці! — адразу адказаў Янка.

XVI

Не меней дванаццаці маладых настаўнікаў, зволеных са школ, паз’язджаліся ў Мікуцічы святкаваць Вялікдзень, а заадно пагутарыць аб сваіх справах і, галоўным чынам, аб тым, як трымацца на допыце. Але тая акалічнасць, што да гэтага часу нікога з настаўнікаў не турбавалі, заспакойвала большасць з іх. Калі б тут была сур’ёзная справа, разважалі яны, дык іх даўно ўзялі б у абаротак. Тым не меней цвёрдай упэўненасці ў гэтым не было. Вось чаму тая рэпетыцыя допыту, што правялі ў Смалярні Лабановіч і Янка, зрабіла ўражанне на іх сяброў, прымусіла затрывожыцца і цалкам прыняць спосаб абароны, распрацаваны прыяцелямі.

Некаторыя настаўнікі знайшлі работу не па сваёй спецыяльнасці. У гэтых адносінах асабліва вылучаўся Мілеўскі. Ён справіў сабе сіні даўгаполы сурдут, запусціў яшчэ большую бараду, з разгаліненнем у левы і ў правы бакі, і бáкі, а падбародак для большай важнасці галіў. Нібы клешч, учапіўся ён за пасаду памочніка валаснога пісара, маючы на мэце зрабіцца пісарам. Уся яго рэвалюцыйнасць выказалася ў падпісанні пратакола, у чым ён зараз каяўся, хоць нікому пра гэта не гаварыў. Хадзіла нават такая пагалоска, што Мілеўскі потайкам паслаў просьбу да земскага начальніка. Ён пісаў пакаянную, прасіў закінуць за яго слова перад адпаведным начальствам. З сябрамі ж ён трымаўся так, што цяжка было дагадацца аб яго патайных захадах.

На першы дзень Вялікадня настаўнікі ўсёй шумнаю грамадою рушылі ў Панямонь аддаваць велікодныя візіты мясцовым інтэлігентам. Тут быў і Адам Мілеўскі ў сінім сурдуце і з маляўнічай барадою.

— Прапалі мы з табою, брат Янка,— жартаваў Лабановіч.— Закасуе нас Мілеўскі сваім сурдутам і барадою.

— Яго барадою — прыпек падмятаць,— азваўся Янка Тукала.

Усе зарагаталі.

Настаўнікі жартавалі, смяяліся — ім было весела. Забаўляла іх і сама думка аб тым, які страх нагоняць яны на гаспадароў і гаспадынь і якую шкоду прычыняць іх велікодным сталам, калі ўваляцца ў хату гэткаю грамадою.

— Стойце, валачобнікі, сціхніце! Паслухайце песню, што мы злажылі з Андрэем,— выгукнуў Янка Тукала.

— Ну, давайце песню! — аклікнуліся настаўнікі.

— Пачынай, Андрэй, твая першая скрыпка. Так ужо мы дамовіліся: ты пачынаеш, я падбрэхваю. А вы, валачобнікі, далучайцеся да нас: прыпеўку спяваем усе! — не сунімаўся Янка.

— Што ж? Давай,— згадзіўся Лабановіч,— якраз наша песня і ёсць валачобная.

Андрэй адкашляўся і пачаў:

Ходзяць валачобнікі без дарог...

Янка падхапіў:

Яны не шкадуюць ні горла, ні ног.

— Прыпеўку! — звярнуўся да ўсіх запявала:

Памагай, Божа,

Прыспарай, Божа,—

Хрыстос васкрос,

Сын Божы.

Лабановіч:

Ходзяць валачобнікі з дому ў дом,