Янка:
А хто іх не прыме, таго забі гром!
Усе:
Памагай, Божа,
Прыспарай, Божа,—
Хрыстос васкрос,
Сын Божы.
Лабановіч:
Скіньце, дзяўчаткі, сцяснення ярмо!
Янка:
За ваш пацалунак яечка дамо!
Усе:
Памагай, Божа,
Прыспарай, Божа,—
Хрыстос васкрос,
Сын Божы.
Песня наладзілася, і ўжо далей яе спявалі з захапленнем у тым жа парадку:
Прывітанне ў хату вам, дзядзька Тарас!
Не шкадуй гарэлкі нам і кілбас!
Пад Тарасам разумеўся Тарас Іванавіч Шырокі. З яго натоўп настаўнікаў пастанавіў пачаць свае візіты. Апошні куплет меў варыянт — на той выпадак, калі прыйдзецца зайсці з павіншаваннем да Базыля Трайчанскага:
Жыві і красуйся, Трайчанскі Базыль!
Віся каля Надзенькі, як матыль!
Для сядзельца Кузьмы Скаромнага быў зложан асобны куплет:
У Кузьмы Скаромнага дом, як сад.
Нібы майскіх кветак, нарасло дзяўчат.
Складальнікі песні не мінулі таксама і ўрадніка, што схапіў пратакол:
Ёсць у Панямоні ўраднік-кашчэй,
Але мы не пойдзем да яго дзвярэй.
Не забыліся «валачобнікі» і пра валаснога старшыню Язэпа Брыля, што данёс на настаўнікаў земскаму начальніку:
Ёсць у Панямоні Брыль — старшыня.
Маленькі сабачка быў і ёсць шчаня.
Канчалася валачобная песня так:
Што ж? Канчаем песню, бо канчаць пара.
Добрым панямонцам выгукнем — ура!
Песня яшчэ болей узняла вясёлы настрой «валачобнікаў». Некаторыя куплеты яе выклікалі дружны смех. Складальнікаў песні — Андрэя Лабановіча і Янку Тукалу — не адзін раз віталі па-сяброўску прыязнымі словамі адабрэння:
— А бадай вы папруцянелі!
Былі, праўда, і крытычныя заўвагі. У ролі крытыка выступіў Мілеўскі Адам.
— Ну, якія там у Кузьмы Скаромнага майскія кветкі! Ды яго дочкі проста пудзілы!
Супроць такой знявагі абурыўся Янка Тукала.
— Няхай сабе сядзельцавы дочкі не дужа прыгожыя. Дык ці ж пра гэта казаць ім у вочы, галава твая капусцяная? А калі мы пахвалім іх у песні, дык і самі яны і бацькі іх будуць на сёмым небе і пачастуюць цябе так, што і сурдута на пупе не зашпіліш.
— Брава, Янка!
— Каб крытыкаваць нашу песню,— сказаў заахвочаны пахвалою Янка,— табе трэба падмесці сваёю барадою не прыпек, а цэлы двор.
Янку зноў падтрымалі громкім смехам.
«Валачобнікам» было весела ў дарозе не столькі ад жартлівай песні, колькі ад цеплыні і яснасці веснавога дня, калі ўсё, што трапляла на вочы, выглядала так ласкава, молада, утульна і хіліла да сябе. Асабліва было прыемна зірнуць з дзервянога моста на шырокую наднямонскую даліну ўгору па Нёмане. Рака ўжо амаль што ўвайшла ў берагі. На лугавых нізінах сям-там яшчэ стаяла вада, а над ёю лапушнымі кусцікамі жаўцела лотаць, рассцілаючы буйныя лісты. З лугу патыхала веснавою вільгаццю. Берагі Нёмана, багата напоеныя разводдзем, яшчэ не прасохлі. Там прабівалася густая жаўтавата-зялёная, яшчэ кволенькая мурожная траўка, як сведка ажывання і аднаўлення зямлі. Над нёманскай далінай узвышалася поле з глыбокімі равамі, пракладзенымі снегавою і навальнічнаю вадою, з высокімі пагоркамі, заросшымі хмызам. Далёка на поўдні выступала блакітная вежа мікуціцкай царквы.
Колькі хвілін стаялі на мосце настаўнікі-«валачобнікі», любаваліся Нёманам, яшчэ мнагаводным і быстрым, лугамі, полем і лесам. Шмат разоў бачыў іх Лабановіч, але ніколі не дакучалі яны, бо выразна гаварылі, хоць без слоў, аб волі, аб вялікіх прасторах зямлі, аб маладым жыцці.
— Эх, хлопцы! — прамовіў ён.— Як добра было б жыць на свеце, калі б чалавека не гналі, не крыўдзілі, не пазбаўлялі волі, не звязвалі крылляў.
XVII
Амаль паўвека прайшло з таго часу, калі мае «валачобнікі», а з імі і я, хадзілі ў Панямонь з велікоднымі візітамі і павіншаваннямі. Шмат каго з тых людзей, аб якіх расказваецца тут, ужо няма на свеце. І калі я сягоння трывожу іх памяць, то мне робіцца сумна: быць можа, не так сказаў пра іх, як гэта было ў сапраўднасці, часамі, можа, недарэчы пасмяяўся або не ў меру зганьбіў каго. Яны не напішуць мне і не прыйдуць да мяне, каб сказаць: «Ты адступіў ад праўды, бо мы не такія, як ты нас паказваеш». Калі б яны былі жывыя, дык мы паразумеліся б і прыйшлі да згоды. А так я магу толькі сказаць: «Прабачце! Я ж хацеў і хачу аднаго — праўды».
Як ужо было дамоўлена, «валачобнікі» накіраваліся да Шырокага, бо так зручней: кватэра Тараса Іванавіча стаяла тэрытарыяльна першай. «Валачобнікі» ўвайшлі ў двор школы і пасталі каля акна. Лабановіч і Янка выйшлі наперад. Астатнія выстраіліся ў два рады.