Лабановіч, колькі хапала сілы, пачаў:
Прывітанне ў хату вам, дзядзька Тарас!
Янка таксама на ўвесь голас падхапіў:
Не шкадуй гарэлкі нам і кілбас!
I ўсе разам грымнулі вядомую прыпеўку, ды грымнулі так, што шыбы задрыжалі. Акно расчынілася, паказаліся дзве галавы — жаночая і мужчынская. Вольга Сцяпанаўна ўсміхнулася, згледзеўшы натоўп «валачобнікаў», большасць якіх была ёй вядома. Тарас Іванавіч таксама прасвятлеўся. З уласцівай яму імклівасцю ён рушыў на ганак.
— Браточкі мае! Хрыстос васкрос! — выгукнуў Тарас Іванавіч і рынуўся да «валачобнікаў». Кожнага ён ветла абнімаў і са словамі: «Хрыстос васкрос!» цалаваў тры разы ў губы; «валачобнік» на момант амаль што знікаў у магутных абнімках Тараса Іванавіча. Толькі калі чарга дайшла да Адама Мілеўскага, гасцінны гаспадар пацалаваў яго ўсяго адзін раз і заўважыў:
— Барада твая, брат, як дзяркач!
«Валачобнікі» зарагаталі. Смяяўся і сам уласнік барады. Ён нават ганарыўся, што меў такую жорсткую бараду, бо гэта — сведчанне цвёрдага характару.
Тарас Іванавіч зараз жа запрасіў сяброў у кватэру. Самы большы пакой,— а ён знаходзіўся пры ўваходзе ў кватэру,— быў прыстасаваны спецыяльна для велікодных візітаў. На Вялікдзень звычайна ў госці не запрашалі, хто хацеў, прыходзіў сам. Такі быў звычай, заведзены дзядамі і прадзедамі.
Пасярэдзіне пакоя стаяў доўгі стол, засланы белым абрусам і ўсцяж застаўлены багатаю і разнастайнаю закускай, выпіўкай, пасудаю. Нажы і відэльцы ляжалі ў некалькіх кучках. Госці самі ў меру патрэбы бралі пасуду, нож і відэлец і, выпіўшы добрую чарку, нацэльваліся на закуску, якая найболей адпавядала іх густу. Самае пачэснае і віднае месца на стале займала шынка, запечаная ў хлебным цесце. Па велічыні яна нагадвала добрую падушку і ляжала на адмысловым дзервяным крузе, убраная сцяблінкамі бруснічніку і вянком з дзеразы. Гэта шынка была ўкрасаю стала і гордасцю Вольгі Сцяпанаўны і Тараса Іванавіча. Янка Тукала адразу ж заўважыў:
— Вось гэта дык шынка! Не шынка, а Дзямянаў Гуз!
На стале красаваліся засмажаныя парасяты, скруткі каўбас, мяса розных гатункаў, пара індычак, бабкі, мазуркі і цэлая горка афарбаваных яечак.
— Вось як буржуі жывуць! — дабрадушна сказаў хтосьці з «валачобнікаў», акінуўшы поглядам стол.
— Хопіць работы нам, безработным, на доўгі час,— жартаваў Янка.
— Сядайце, сядайце ж за стол,— запрасіла гасцей Вольга Сцяпанаўна.
Тарас Іванавіч прынёс некалькі крэслаў з другіх пакояў, бо для ўсіх не хапала месца.
«Валачобнікі» расселіся. Гарэлку наліваў кожны сам сабе, яе было многа. Выпілі па чарцы, па другой, прапусцілі па трэцяй. Шынка найболей прыйшлася даспадобы «валачобнікам» і на вачах мізарнела ў сваіх памерах. За сталом было шумна, весела.
Лабановіч ціхенька падышоў да Янкі Тукалы:
— Ведаеш, Янка, трэба ў нашу валачобную песню дадаць прысвячэнне Вользе Сцяпанаўне.
— А гэта было б дарэчы,— падтрымаў прыяцеля Янка.
Яны трошкі пашапталіся, падбіраючы найлепшыя варыянты. Калі куплеты былі знойдзены, Янка гукнуў:
— Увага! Хлопцы! Уславім у валачобнай песні нашу мілую гаспадыню, Вольгу Сцяпанаўну.
— Уславім! Уславім! — дружна азваліся «валачобнікі».
Усе пападымаліся са сваіх месцаў. У пакоі зрабілася ціха. Лабановіч прыняў позу рэгента і запявалы. Побач з ім стаяў Янка Тукала.
Песня загрымела з вялікім уздымам:
Мілейшай дружачцы гаспадара...
Воленьцы Сцяпанаўне жадаем дабра!
Памагай, Божа,
Прыспарай, Божа,—
Хрыстос васкрос,
Сын Божы.
Жывіце на свеце сорак тысяч дзён.
Калі мы не любы, ганіце нас вон!
Вольга Сцяпанаўна зацвіла, як ружа. Яна падышла да запявалы і падпявалы і пацалавалася з імі, астатнім нізка пакланілася.
Тарас Іванавіч ускочыў са свайго крэсла.
— Браточкі мае, «валачобнікі»! Вып’ем і будзем спяваць усю вашу валачобную песню! Яны ж і пра мяне не забыліся,— сказаў ён да жонкі.— Я хачу спяваць з вамі!
— Заспявайце, заспявайце! — з радасным узбуджэннем далучылася да мужа Вольга Сцяпанаўна.
— Чуеш, Янка, і вы, вахлакі: які вялікі поспех мае наша песня! — звярнуўся Лабановіч да свае кампаніі.
Дружна выпілі, закусілі. Лабановіч выцер губы.
— Ну, Янка, пачнём!
«Валачобнікі» збіліся ў гурт. Уперадзе зноў сталі Андрэй і Янка, пачалі песню. Куплеты, у якіх гаварылася пра дзяўчат, каб яны скінулі «сцяснення ярмо», пра сядзельца Кузьму Скаромнага і пра старшыню, выклікалі бурнае захапленне Тараса Іванавіча. Ён смяяўся, пляскаў у далоні і ўвесь быў у руху. Асабліва вясёлае ажыўленне было, калі па шчаслівай выпадковасці, якраз тады, як меркавалі заспяваць пра Базыля, увайшоў сам Трайчанскі. Лабановіч падаў яму знак спыніцца, маўчаць і слухаць. Для Тараса Іванавіча, для Вольгі Сцяпанаўны і для самога Базыля гэты куплет быў невядомы. Вось чаму, калі запявала і падпявала выканалі радкі, прысвечаныя Трайчанскаму, Тарас Іванавіч сарваўся з месца і, як рэгент, замахаў рукамі ўсім, каб яны падхапілі прыпеўку.