Выбрать главу

— Злавіць бы гэтага Бога ды паашалёстваць пугаю вушы, дык ён ведаў бы, як рабіць прыкрасць людзям і худобе!

Мікуціцкія жанчыны пайшлі па іншым шляху. Знайшлася адна з іх, Тарэся, што ведала верны спосаб, як расчыніць у небе дзверы для цёплых дожджыкаў. А для гэтага трэба было да ўсходу сонца пераараць упоперак Нёман, яго дно, ды каб саху не конь і не валы цягнулі, а самі жанчыны. Яны так і зрабілі ў адну з халодных майскіх раніц. І ўсё ж такі дождж не пайшоў. А каб ён пайшоў напэўна, дык яшчэ трэба было разбурыць плот Міколы Стырніка, што гарадзіўся паміж двума Юр’ямі — каталіцкім і праваслаўным. Раскідалі і плот, хоць гэта каштавала некалькіх касмыкоў на галаве дзвюх кабет, цёткі Тарэсі і Стырнікавай Тэклі: яны пабіліся пры разбурэнні плота. Крыўдней за ўсё было тое, што і гэта мерапрыемства не памагло, а аўтарытэт цёткі Тарэсі, завадыяшчыцы ўсёй справы, зусім упаў. Так і не было дажджу і цяпла аж да самага чэрвеня.

У гэтае сухое, непрыемнае надвор’е, калі вакол чуліся адны толькі скаргі і нараканні, да Лабановіча прыйшло пісьмо з Вільні. Пісаў яму Уласюк.

«Паважаны дзядзька Андрэй!

Калі вы не маеце дужа прыбытных заробкаў, дык прыязджайце да нас: работа для Вас знойдзецца. Даволі Вам сядзець у шчыліне, трэба выходзіць у людзі. У гэтым мы Вам можам памагчы і з часам зрабіць з Вас адукаванага чалавека — паслаць Вас туды, дзе вучыцца Цётка-Пашкевічанка. Трымайцеся, дзядзька, і трымайце хвост трубою.

З пашанаю да Вас М. У.»

Невялічкае і крыху дзікаватае пісьмо павярнула зусім у іншы бок думкі Лабановіча. Перш за ўсё было прыемна, што яго запрашаюць у рэдакцыю. «Рэдакцыя» здавалася яму тады самаю высокаю і самаю разумнай установаю ў свеце, дзе сядзяць самыя разумныя людзі. А важней за ўсё — у пісьме быў намёк, што яго пашлюць для навукі ва універсітэт, а гэта была даўняя мара Лабановіча. Сядзець жа дома, не маючы пэўных заняткаў, было нецікава. Вось чаму пісьмо так усхвалявала яго і падняло настрой. Было моцнае жаданне зараз жа паказаць каму-небудзь гэтае пісьмо, пагутарыць аб яго змесце. З кім жа, як не з Янкам, падзяліцца мыслямі і пачуццямі? У гэтыя дні Янка гібеў у бацькоў. Была б добрая вясна, дык ужо ў такі час выраслі б цыбуля ў агародзе, шчаўе на лузе і смалуды ў лесе на пасеках. Зараз жа нічога такога не было, хіба толькі зрэдку перападала яечка,— усё ж ён быў сын у маці. Наспявала патрэба падацца ў Стаўбуны: там наклёўвалася сякая-такая работа.

Да Янкі і накіраваўся Андрэй Лабановіч, узяўшы невялікі кавалачак сала і кручок гарэлкі.

Вада ў Нёмане апала. Мікуціцкія людзі гаварылі, што зараз і курыца пяройдзе раку ўброд. Лабановіч перабрыў Нёман і хвілін праз сорак падыходзіў да Нейгертава, дзе жыў Янка. Вёсачка тулілася на ўзгорку, малапрыметная і маленькая. У ёй была адна толькі вулачка. Сам жыхар вёскі, Янка, так азначаў даўжыню свае вуліцы: у пэўны час, на досвітку, з аднаго і з другога канца сяла выходзілі на двор, вылезшы з бярлогу, дзед Мацей і дзед Аўсей. Яны рабілі сваю справу, пазіралі на зоры, на неба, гадалі аб надвор’і. І кожны гук ад аднаго дзеда зараз жа перадаваўся другому.

Лабановіч пераступіў высокі, амаль на локаць, парог і спыніўся каля дзвярэй. У хаце, апроч Янкі, нікога не было.

— Здароў, Янка! Няхай не падзе на цябе цень бярозы, пад якою сядзеў грэк!

Янка не чакаў прыходу прыяцеля. Ён сядзеў з краю просценькага сялянскага століка і чытаў кніжку «Так гаварыў Заратустра». На покуці над сталом віселі абразы ў просценькіх саматужных асадках, але пад шклом, каб мухі не забруджвалі твары святых угоднікаў. На адным канцы століка ляжаў загорнуты ў даматканы абрус акраец хлеба. Хлеб, як бы ні было яго мала, не павінен сыходзіць са стала.

Янка здзівіўся і ўзрадаваўся.

— Каго я бачу! Ці не зманьваюць мяне мае вочы! — выгукнуў ён і выскачыў з-за стала.— Вітаю чалавека, які шукае сабе пагібелі, каб стаць чалавекам!—дадаў Янка і горача павітаўся з прыяцелем.

— Вось гэтага ад цябе я не чуў яшчэ. Ці не ад Ніцшэ запазычыў? — спытаў Лабановіч.

— Ад яго, сабачага сына!— прызнаўся Янка і пры гэтым выказаў жаль, што ў хаце нікога няма, усе ў полі, а таму і пачаставаць няма чым і няма каму.

— Не аб адным хлебе жыў будзе чалавек,— азваўся Лабановіч. Ён ведаў, што Янкава сям’я жыла бедна.— Я прыйшоў да цябе не для таго, каб ты мяне частаваў,— заўважыў Лабановіч і дадаў: — Можа, і сапраўды кажаш ты праўду, калі гаворыш пра чалавека, які шукае сабе пагібелі, каб стаць чалавекам.