Лабановіч выняў з кішэні пісьмо ад Уласюка.
— Вось прачытай!
Янка ўзяў пісьмо і ўпіўся ў яго вачамі, а Лабановіч пазіраў, якое ўражанне робіць пісьмо на прыяцеля.
Прачытаўшы, Янка моўчкі і доўга глядзеў на Андрэя. Па твары было відаць, што ён узрадаван і ўсцешан.
— Гэта навіна!.. Я ж табе казаў, што нашага брата, бадзягу-бяздомніка, голымі рукамі не возьмеш і ад зямлі не адарвеш, бо яго карэнні глыбока сядзяць... Валяй, браце. Абедзвюма рукамі благаслаўляю цябе ў дарогу. Няхай будзе яна пасыпана жоўценькім пясочкам!
Янка моцна паціснуў руку Андрэю.
— Дык ты раіш мне ехаць?
— Ад усяго сэрца! — пацвердзіў Янка.
— Ну, калі так, дык будзем піць барыш!
— Лабановіч выняў кручок гарэлкі, паставіў на стол і палажыў сала, загорнутае ў паперу. Янка з захапленнем пазіраў на гэта дабро.
— А, браток ты мой! — громка сказаў ён.— Няхай будзе благаславёны той вецер, што занёс цябе ў маю хароміну! — Ён рухава мятнуўся да дзервянога шафіка і дастаў адтуль дзябёлую сялянскую чарку, борздзенька разгарнуў настольнік, адрэзаў лусты дзве хлеба. Лабановіч тым часам адкаркаваў «мярзаўчык» і наліў чарку.
— Дык давай, Янка, вып’ем за тых, у каго, як сакрамант, ляжыць на стале акрайчык хлеба, з такою любасцю і пашанаю загорнуты ў просценькі даматканы абрусік. Няхай гэтага хлеба стане болей і няхай не дадаюць да яго мякіны або тоўчанай бульбы. Няхай вольна, шчасліва і багата жывуць працоўныя людзі!
— Глядзі ты, які з цябе прамоўца! — заўважыў Янка, а Лабановіч кульнуў чарку, наліў у яе гарэлкі і перадаў прыяцелю.
Янка ўзяў чарку.
— Хоць і вялікае маё жаданне выпіць гэту чарку, але яшчэ большае жаданне таксама сказаць што-небудзь перад тым, як выпіць. Ляці ж, маё слова, далёка ў свет! Вырвіся з гэтай нізкай хаты, дзе нават няма падлогі, прабіся праз саламяную страху, бомбаю выбухні ў панскіх палацах, у кабінетах царскіх сатрапаў і ў самой царскай рэзідэнцыі і гукні ім: «Падохніце вы ўсе, акаянныя абдзіралы, крыўдзіцелі, кáты, на радасць простых працоўных людзей!» — Адным духам Янка апаражніў чарку.
— А здорава ты сказаў! Закасаваў ты мяне, Янка. Маладзец!
Янка ўзяў кавалачак хлеба і сала.
— Пры табе, Андрэй, я магу сказаць прамову, вось калі б я выступаў перад натоўпам людзей, дык нічога не выйшла б,— прызнаўся Янка.
— Бо табе ж і не даводзілася выступаць перад народам. Практыка, брат, патрэбна,— падтрымаў прыяцеля Андрэй.
Хоць кручок і не дужа вялікая мера, ды ўсё ж сябры значна павесялелі, калі асушылі яго.
— Што ж, Янка,— сказаў Лабановіч,— ці не пайсці нам шукаць свае пагібелі? Што мы будзем сядзець так?
— А куды мяркуеш ісці? — запытаў Янка.
— Сярод мікуціцкіх ваколіц для мяне малавядомай засталася адна: я ніколі не хадзіў яшчэ ў Панямонь занямонскімі польнымі дарогамі. Давай пройдземся!
— З табою я гатовы ісці хоць якімі сцежкамі, хоць якімі дарогамі на самы край свету,— даў поўную згоду Янка Тукала.
— А ведаеш, чаму я хачу завітаць у Панямонь?
— Можа, і ведаю, але не ведаю,— адказаў Янка.
— Сумленне, браток, не дае спакою мне — з таго дня, калі я пабіў збан старой Трайчаніхі. Мне мала, а можа быць, і не мала абыходзіць тое, што віну яна ўзлажыла на цябе. І ты мне скажы: нашто было крыўдзіць старую і добрую жанчыну, якая даводзіцца нам бабкаю? Гэты ж збан, можа быць, яе друг, стары спадарожнік яе жыцця, а мы ўчынілі такое свінства! Калі я не выкуплю свайго граху перад добраю цёткаю Саламеяй, дык Бог пакарае мяне самога,— жартліва-трагічна вымавіў Лабановіч.
— Бог? — запытаў Янка.
— Ну, няхай не Бог, а лёс... Ведаеш, Янка, ніякага глупства, ніякага свінства з боку чалавека, што дапускае ён у адносінах да іншых, жыццё не даруе... Гэта дробязь, але ўсё гэта верна.
— Мне падабаецца, Андрэй, усё, што ты зараз сказаў. Але як мысліш ты сабе выкупіць свой «грэх»?— запытаў Янка.
— А вось як: сягоння кірмашовы дзень у Панямоні. На кірмашы нас болей за ўсё павінны цікавіць ганчары: купім самы вялікі, паліваны збан, які толькі знойдзецца ў іх. На гэтым збане я наклею карталюшку з такім напісам: «Дарагая цётка Саламея! Не гневайцеся Вы на нас і асабліва на Янку: збан пабіў не ён, гэта наша агульная з ім віна». І падпішуся. Яна паверыць, бо ведае мяне з малых дзён.
— А калі мы не знойдзем такога збана? — запытаў Янка.
— Тады мы закажам ганчару вылепіць яшчэ большы збан і з двума вушкамі,— адказаў Лабановіч.
XIX
Пасажыраў у вагоне было не так многа. Лабановіч прымасціўся на лаўцы каля акна і пазіраў на ўсё новыя і новыя малюнкі, напісаныя шчодраю прыродаю на кожным кавалачку зямлі, а таксама і змайстраваныя рукамі чалавека. Нейкае невыказнае хараство спалучалася ў сумеснай працы чалавека і прыроды і ў тонах іх агульнага настрою.