Выбрать главу

Адно толькі не радуе: наплыўшыя раптам халады і суш запынілі рост збажыны ў палях і травы ў лузе. Асабліва кідаецца ў вочы сваёй убогасцю ярына па вузкіх шнурах, што падымаюцца на пясчаныя ўзгоркі і, дабегшы да сярэдзіны, хаваюцца па другі бок іх. Іншы выгляд мелі дваровыя палеткі, выкраеныя з лепшых кавалкаў зямлі і сабраныя ў шырокія лавы, што акружалі панскія сядзібы і фальваркі. У часе засеяныя, угноеныя багата, пышна растуць тут збажына і ярына і трывала пераносяць нягоды вясны.

Лабановіч уважна прыглядаецца да ўсяго, што трапляецца на вочы пры шпаркім бегу машыны, якая з кожнай хвілінай імчыць яго далей і далей ад Мікуціч, ад Нейгертава, адкуль яшчэ пазаўчора блукалі яны з Янкам польнай дарогай, дзе хадзіць не даводзілася. Паблізу стаяла тая пышная старая хвоя, верхавіну якой даўно бачыў Лабановіч, праходзячы праз адзін узгорак, непадалёку ад Мікуціч. Не адзін раз прыпыняўся ён там палюбавацца хвояй. Ён глядзеў у падзорную трубу, купленую калісь у Пінску, у той час, як быў настаўнікам у Выганаўскай школе. Да адзінокай хвоі было шэсць вёрст з таго пагорка. І вось нядаўна Лабановіч разам з Янкам усутыч падыходзілі да зачараваўшага яго дрэва. А зараз яно і прыяцель стаяць у Андрэевых вачах.

Чым далей ад’язджаў Лабановіч ад Мікуціч і яго ваколіц, тым меней думаў аб іх. Іншыя мыслі займалі зараз вандроўніка: аб тым горадзе, у якім яшчэ не даводзілася яму быць, аб газеце і яе рэдакцыі, куды запрашалі яго прыехаць. Што пабачыць ён там? Як прымуць яго? Якую работу дадуць у рэдакцыі? Таксама не забываўся ён і аб тым, што знаходзіцца пад патайным наглядам паліцыі. Таму было і рызыкоўна зварачацца па дазвол паехаць у Вільню. Яго могуць запытаць у паліцыі, а чаму ён просіць дазвол? Можа выявіцца, што паднагляднаму вядомы яго стасункі да паліцыі. Дык лепей паехаць цішком, а там што будзе, то будзе, абы не кіснуць на адным месцы.

Ужо зусім добра развіднела, калі Лабановіч пад’язджаў да Вільні. З-за прыгожа акругленага пагорка, якімі так багаты віленскія ваколіцы, паднімаліся ў яснае і халоднае неба, нібы залатыя стрэлы, праменні сонца. Тым часам поезд з кожнай хвілінай набліжаўся да вакзала і нарэшце спыніўся. Лабановіч з невялічкім чамаданчыкам у руцэ адзін з першых сышоў з вагона і пайшоў следам за народам, з захапленнем пазіраючы на падземныя тунелі, што вялі на вакзал і ў горад. Тут шмат было паваротак, і каб не напісы, дык новы чалавек мог бы лёгка заблудзіцца. Нарэшце Лабановіч выйшаў у горад, перасек даволі прасторную плошчу і зараз жа трапіў да Вострай Брамы, дзе была святыня каталіцкага насельніцтва, абраз Вастрабрамскай Божай Маці.

Як толькі людзі ступалі пад арку брамы, дык усе яны, і пешыя і конныя, нават важныя чыноўнікі і акалодачныя, знімалі шапкі і капелюшы ды ішлі або ехалі павольным крокам. Па баках вуліцы, не зважаючы на ранні час, стаялі на каленях багамольныя людзі, кабеты і мужчыны, заўзята білі сябе ў грудзі кулакамі і прыпадалі лбамі да халоднага тарцовага бруку. Было тут шмат жабракоў, якія маліліся з асаблівым стараннем і ўголас. Лабановіч таксама мусіў зняць шапку, прычым яму прыгадаўся адзін паляшук, якога сілаю заганялі ў царкву. Па дарозе ён казаў: «Хоць і пайду, але ні рукою, ні губою не мяльну!»

Мінуўшы Вострую Браму, Лабановіч стаў разглядацца і ўкрадкам чытаць напісы на скрыжаваннях вуліц, каб напаткаць тую, дзе змяшчалася рэдакцыя газеты. Было яшчэ рана. Горад толькі-толькі абуджаўся, і руху было мала. Зрэдку трапляліся адзіночныя постаці мужчын і кабет, якім не было калі песціцца ў пасцелях ды, можа, не ўсе яны мелі свае пасцелі. Гэта быў пераважна сярмяжны люд з навакольных вёсак ды з глухіх гарадскіх закуткаў, рамеснікі і людзі невядомых прафесій. Худыя, абарваныя, заклапочаныя, яны кудысьці спяшаліся для здабывання кавалка надзённага хлеба. Лабановіч уважліва і са спачуваннем прыглядаўся да іх і думаў: як многа такіх людзей, якім жывецца шмат горай за тых настаўнікаў, што павыганяны са школ. Не спяшаючыся, ён заходзіў у глухія, цесныя закавулкі, на якія быў багаты горад, каб лепей азнаёміцца з імі. Завулкі заводзілі часамі вандроўніка ў тупікі, дзе далей не было дарогі. Ён варочаўся назад і губляў арыентацыю ў горадзе, якога не ведаў, ішоў у другім кірунку ды ізноў упіраўся ў тупікі. Нарэшце ён выбіўся на болей прасторныя вуліцы. На кожным кроку кідаліся ў вочы манастыры, кляштары, касцёлы, цэрквы, кірхі і капліцы са своеасаблівымі скульптурамі каталіцкіх святых. Гэта былі свайго роду сімвалічныя летапісы, што расказвалі пра многавяковае жыццё горада, пра яго гістарычныя лёсы.