«Чаму яны такія жаласныя? Чаму мала разнастайнасці ў іх матывах, так мала, што трудна сказаць, аб чым спяваюць дзяўчаты: аб смутку ці радасці, бо калі толькі ні пачуеш іх спевы, яны заўсёды невясёлыя? Ці не аднатоннасць тутэйшага краявіду, гэтыя доўгія, бясконцыя дарогі між лясоў і балот адбіліся на іх?»
За колькі крокаў ад Лабановіча, вынырнуўшы з цемнаты, без шуму, як цень, выступіла жаночая постаць. Параўняўшыся з агароджай школы, яна прытрымала крок, пайшла павальней, прыглядаючыся на вокны кватэры настаўніка. Вокны свяціліся: выходзячы, настаўнік забыўся патушыць лямпу.
Угледзеўшы настаўніка ці толькі дагадваючыся аб тым, што гэта ён, жанчына прыбавіла крок, ледзь падаючыся ў бок Лабановіча. Цёмная постаць, крыху адышоўшыся, павярнула назад і накіравалася да настаўніка.
— Вам, мусіць, нявесела аднаму? — спытала жанчына ціха глыбокім маладым голасам, у якім чуўся нейкі прывабны смех.
Лабановіч пачуў, што галава яго закружылася, як бы ад хмелю, а ў крыві і па ўсім целе нібы прабеглі іскры. Ён быў ужо крыху папярэджан і ведаў, што па глухіх вёсках Палесся, у звязку з так званаю «культураю», сустракаліся такія маладзіцы, якія набіваліся самі на кампанію. Цэлы віхор розных пачуванняў пранёсся ў маладым хлопцу. Але ён перамог сябе і груба адказаў:
— Ці не думаеш ты, што мне было б весела з табою?
Маладзіца, відаць, не чакала такога адказу. Яе жаночае самалюбства было моцна абражана гэтым грубым адказам і балюча ўшчымлена. Але яна не паказала гэтага.
— Ха-ха-ха! — засмяялася яна спакусным смехам.—Хіба ж вы святы або калека? — I ўжо другім тонам, з відочнай знявагай дадала: — Вы, можа, думаеце, што я ішла дзеля таго, каб вас развясельваць?
Лабановіч, раз стаўшы на пэўны грунт і пачуўшы сябе таксама ўколатым, ужо не мог змяніць тон і лінію паводзін і ў нейкай злосці, трасучыся, сказаў:
— Няма чаго тут табе паказваць зубы, бо я іх усё роўна не бачу і бачыць не хачу.
Лабановіч чуў, што ён гатоў падскочыць да гэтай спакусніцы, каб пагнаць яе ў шыю. Таксама не ручаўся ён і за іншы вынік, і, каб быць далей ад спакусы і захаваць чыстым сваё імя як настаўніка, ён борздымі крокамі пайшоў праз вуліцу, накіроўваючыся ў той бок, дзе была старая карчма, якраз па дарозе ў Сяльцо.
Маладзіца хіхікнула ўслед, і да яго даляцелі словы:
— Гэта мужчына: ад бабы ўцёк... Неданосак! Стоптаны лапаць!
Настаўнік ішоў і тросся, як у хвэбры, бо ўся гэта праява яго дужа ўсхвалявала. Як толькі ўлеглася абурэнне, ён пачынаў каяцца ў сваёй грубасці з гэтай незнаёмай жанчынай. Хіба яна вінавата, што яе зрабілі такою розныя прахвосты, пацяробкі культуры? Хіба нельга было б ухіліцца ад яе больш далікатным спосабам, растлумачыўшы ёй усю гразь і ўвесь бруд гэтага лёгкага заработку? Цяпер яна смяецца і не сціскаецца ў розных мянушках па яго адрасу. I мае права, бо гэта права дала яго грубасць. Ну, што ж? На другі раз трэба быць больш уважлівым да чалавека, хто б ён ні быў.
Так разважаючы, дайшоў ён да карчмы, што была пабудавана яшчэ ў даўнейшыя часы, тады, калі аб манапольках нікому не снілася. Цяпер гэта карчма дажывала разам са сваім гаспадаром, старым Абрамам, апошнія дні. Не было патрэбы адбудоўваць карчму і не было каму заступіць месца старога шынкара: сыноў Абрам не меў, а дочкі павыходзілі замуж.
Лабановіч кожны раз, праходзячы тут, мімаволі зварачаў увагу на гэта месца і на гэту заняпалую карчму з пакрыўленымі сценамі і пагнутым дахам. I тое, і другое як нельга лепей стасавалася адно з другім. Месца было глухое і пустое і кожны раз выклікала ў настаўніка адно і тое пачуванне і пакідала адно і тое ўражанне. З чаго яно складалася і якая была яго сутнасць, выявіць і вызначыць было вельмі трудна, але вынікала гэтае ўражанне, відаць, таму, што ў самой мясціне было нешта варожае, непрыветнае і смутнае па сваім характары. Цікава і тое, што ніхто з сялян не будаваўся тут, нягледзячы на ўсе выгады гэтага месца. Старая карчма і яе гаспадар як бы адной нагой ступалі ўжо на край магілы. А гэта, разам усё ўзятае, хіліла думку настаўніка да заключэння, што на свеце ёсць нейкія розныя пачаткі жыцця. Адны з гэтых пачаткаў вызначаюцца ў бясконцых формах жывых арганізмаў, а другія — адбіліся ў так званай нежывой прыродзе. Але пакуль такія пачаткі не асочаны і не даследаваны як мае быць, яны і не паддаюцца нашаму разуменню, яны жывуць у нашых пачуваннях. Пачуванне ж ёсць папярэднік розуму ў доследах і вызначэннях сутнасці рэчаў.