Выбрать главу

Гэту навіну Лабановіч успрыняў без асаблівага задавалення, бо тады ўжо хадзілі гутаркі, што да беларускай газеты прымазваюцца польскія клерыкалы. Але ён палічыў за лепшае пакуль што прамаўчаць.

Доўга яшчэ гаманіў рэдактар, пераходзячы з аднаго на другое. Ён не забыў нават сказаць і пра Кракаўскі універсітэт. На развітанне рэдактар даў Лабановічу грыўню на падмацаванне.

— Падмацуйцеся і адпачывайце з дарогі.

Рэдактар паказаў рукою на пакойчык, у якім стаяў карыта-ложак.

XX

Непадалёку ад рэдакцыі была сталоўка-чайная, адчыненая «Союзом истинно-русских людей». Там можна было за пяць капеек з’есці талерку баршчу і адпаведную порцыю кашы. Аб усім гэтым паінфармаваў Лабановіча паслужлівы Стась.

— Хоць сталоўка і чарнасоценная, але чаму не пакарыстацца ёю таму, у каго мала грошай? — хітра падміргнуў Стась і дадаў: — Не зробяць жа чалавека чарнасоценцам чарнасоценскі боршч і каша. Як вы гледзіце на гэта?

— Згодзен з вамі, Станіслаў Зыгмундавіч,— падхапіў Лабановіч. У яго вачах бліснуў вясёлы агеньчык: — Гэта нават будзе цікава: «истинно- русские люди» па дзяшоўцы падкормліваюць крамольнікаў!

Стась засмяяўся.

— І не толькі крамольнікаў, але і проста... Бог яго ведае, каго,— сказаў ён.

Яны пайшлі. Сталоўка была даволі прасторная, але бруднаватая і прымітыўна абсталяваная. Сталы былі тапорнай работы і без настольнікаў. Замест крэслаў каля іх стаялі дзервяныя табарэты ці проста доўгія, вузкія лаўкі. За сталамі сядзела некалькі наведвальнікаў неакрэсленай прафесіі. Лабановічу нават здавалася, што паміж іх ёсць звычайныя тарбахваты. Сярод гэтай кампаніі Стась і Лабановіч былі самымі элегантнымі маладымі людзьмі. Вось чаму на іх з падазронасцю паглядзеў чалавек сярэдніх гадоў з шырокай русяваю барадою, які сядзеў каля буфета, дзе стаялі ёмкія чайнікі, шклянкі і талеркі незамыславатага вырабу.

Каля буфета і па сталоўцы не спяшаючыся тупала кірпатая, ружовашчокая яшчэ маладая жанчына. Яна разносіла чай і падавала боршч і кашу. Адзін з наведвальнікаў пяшчотна назваў яе «перапёлачкаю», калі яна падышла да яго.

Па суседству з тым сталом, за які селі Стась і Андрэй, прымасціліся два чалавекі, з выгляду мешчанін і селянін. Яны вялі гутарку аб сваіх справах, аб заработках, каму, як і дзе пашчасціла.

— І многа ж ты зарабіў? — пачуў Лабановіч запытанне мешчаніна, адрасаванае селяніну.

Селянін уздыхнуў, правёў рукою па вусах, зірнуў на мешчаніна і сур’ёзна адказаў:

— Руп і дзве ноздры круп.

Лабановіч не пакаяўся, што зайшоў сюды: тут можна і пасілкавацца і спакойна наглядаць людзей, пачуць трапнае слова ці выслоўе. Можна таксама пабачыць і цікавыя сцэны. Ён успомніў Янку Тукалу. Было б добра, каб і ён быў тут. Ужо, напэўна, не абышлося б без таго, каб ён выдумаў які-небудзь афарызм, напрыклад, такі: «І ў чарнасоценным брудзе можна знайсці крупінкі золата». Лабановіч меў на ўвазе выслоўе селяніна аб яго заработку.

Пачынала вечарэць, калі Лабановіч, абышоўшы значныя раёны горада, часамі надзвычай маляўнічыя, апынуўся ізноў у рэдакцыі.

Стась скончыў свой рабочы дзень і падаўся на кватэру. Лабановіч застаўся адзін і таксама пашыўся ў сваю спачывальню, дзе стаяў вядомы ўжо ложак-карыта. Пажылая кабета, што прыбірала ў рэдакцыі, прынесла дзяружку і жмут нейкіх лахманоў замест падушкі. Андрэй паслаўся, лёг і пасміхаўся: ніводзін цар, напэўна, не адчуваў сябе так добра ў сваёй пасцелі, як адчувае ў гэтым карыце Лабановіч. Доўгі час яму не ўдавалася заснуць. Ён прыгадваў розныя падзеі, уражанні пражытага на новым месцы дня, гадаў, думаў, як сустрэне заўтрашні дзень, што новага напаткаецца ў ім. Узнікала шмат пытанняў у сувязі з выданнем газеты, на якія сродкі яна выдаецца, якія перспектывы яе ў будучым.

А неўгамонны горад шумеў. За акном тарахцелі на вуліцы колы цяжкіх павозак. Рытмічна цокалі па бруку падкаваныя конскія капыты, чуліся людскія галасы і залівісты спеў рэек і колаў старамоднай конкі на крутых паваротах. Усё гэта злівалася ў глухі несціханы шум. Пад гэты прыглушаны шум Лабановіч заснуў моцным сном. Але як толькі развіднела і заспявала конка, ён прачнуўся і некалькі часу ляжаў — спяшацца не было куды. Пачынаўся новы дзень з яго клопатамі і турботамі. У першую чаргу трэба было так ці іначай вырашыць пытанне аб тым, як і на якія грошы жыць у рэдакцыі. На рэдактарскіх траяках і пятаках далёка не заедзеш. Стась учора паведаміў, што для выдання газеты спецыяльных грошай няма, што супрацоўнікі газеты,— праўда, іх не так многа,— працуюць больш з-за ідэі, чым з-за ганарару, і сам Стась атрымлівае ўсяго тры рублі ў месяц ды невялікі працэнт ад продажу газет, але ён любіць беларускую газету, спачувае і спрыяе ёй як можа.