Выбрать главу

Гадзін у дзесяць раніцы Стась першы завітаў у рэдакцыю. Ён ветла паздароўкаўся з Лабановічам.

— Як жа адпачывалі? — запытаўся Стась.

— Дзякую. Адпачываў, можна сказаць, не горш за губернатара: губернатар дрыжыць за сваё жыццё, ён баіцца тэрарыстаў. А мне чаго баяцца? Далей высылкі і астрога дарог для мяне няма,— жартам прамовіў Лабановіч.

— Няхай лепш у высылку і ў астрогі ідуць губернатары,— заўважыў Стась.

Яны разгаварыліся. Стась быў больш-менш знаёмы са справамі газеты і яе ўнутраным механізмам, але не ўсё выкладаў: можа, ён і не ўсё ведаў, а можа, проста не хацеў пра ўсё расказваць. Ад Стася даведаўся Лабановіч, што рэдактар Уласюк адыгрывае ў газеце другарадную ролю, з’яўляецца афіцыйнаю асобаю, прадстаўніком рэдакцыі, юрыдычным рэдактарам. Сапраўдныя ж кіраўнікі і заправілы газеты — браты Ліскоўскія, Стафан і Ясь. Фактычным рэдактарам з’яўляецца Стафан Ліскоўскі. Старэйшы брат, Ясь,— скарбнік газеты. Большую частку свае дзейнасці ён праводзіць далёка за межамі рэдакцыі, галоўным чынам у раз’ездах. Што гэта былі за раз’езды, Лабановіч даведаўся потым. Ясь Ліскоўскі паставіў сабе мэту — сабраць як мага болей беларускіх экспанатаў і адчыніць краявы музей. Не апошнюю ролю ў гэтай справе адыгрывалі і меркаванні пэўнай эканамічнай выгады. Некаторыя экспанаты Ясь Ліскоўскі выменьваў на такія, якіх у яго не было, і пры гэтым з прыбыткам для сябе. Вандруючы па розных кутках Беларусі, па старажытных гарадах і мястэчках, ён не абмінаў кляштараў, касцёлаў і старых цэркваў, заглядаў у панскія двары, у шляхецкія фальваркі, рабіў свае справы і збіраў падпіску на беларускую газету. Ксяндзы, арандатары і фальваркоўцы бачылі ў газеце адзін са сродкаў, што можна выкарыстаць для пашырэння польскасці ў беларускім краі. А можа, на гэтую думку наводзіў іх сам збіральнік беларускай старасветчыны. Ксяндзы і панкі, калі не ўсе падпісваліся на газету, то давалі пэўную даніну на яе выданне. Адгэтуль стала ясна, чаму газету друкавалі некаторы час кірыліцай і лацінкай.

У свой строга вызначаны час прыйшоў рэдактар. Як і заўсёды, пышныя рэдактарскія вусы стаялі па-баявому на сваёй пазіцыі, не выходзячы за межы той формы, якую надалі ім навуснікі. I сам рэдактар быў, як і заўсёды, спакойны, ураўнаважаны, з тым жа выглядам незалежнага, вясёлага чалавека, які любіць пажартаваць і пасмяяцца.

— Ну, як адчуваеце сябе на новай кватэры і ў новай, пане мой, абстаноўцы? — запытаў рэдактар Лабановіча, павітаўшыся з ім і Стасем.

— Дзякую, Мікіта Аляксандравіч, адчуваў бы сябе зусім па-губернатарску, калі б у жываце кішкі не спявалі.

Рэдактар зарагатаў дабрадушна і раскоціста.

— Люблю беларусаў за тое, што яны не трацяць гумору і маюць апетыт запарожскіх казакоў, што? — азваўся рэдактар.— Я вам, пане мой, найду заробак,— казаў ён далей.— Ёсць у мяне ў кіраўніцтве палескай чыгункі знаёмы інжынер, Блок па прозвішчу. Я з ім перагавару. Ён дасць вам перапіску з добраю аплатаю.

— За гэта дзякую,— шчыра адказаў Лабановіч.

— Мы вас, пане мой, на ногі паставім і свет расчынім перад вамі,— не сунімаўся рэдактар,— а каб кішкі не трубілі, дык мы зараз закоцім баль на ўсю Завальную вуліцу.

Рэдактар даў Стасю некалькі медзякоў і паслаў яго купіць пару пляцак і абаранкаў. Сам жа ён выцягнуў з кутка прымус і з захапленнем узяўся тупаць каля яго.

— А ў гэты час, покі я буду гатаваць губернатарскае падмацаванне, вы перагледзьце карэспандэнцыю «Марціна з-за рэчкі» і, дзе трэба, папраўце. Чалавек здольны, толькі мова ў яго пакульгвае.

Рэдактар сунуў у рукі Лабановічу жмуток доўгенькіх паперачак, на якіх была напісана карэспандэнцыя, а сам завінуўся каля прымуса.

Лабановіч прысеў за столік, каб азнаёміцца грунтоўна з карэспандэнцыяй.

«Робяць мне экзамен,— падумаў ён.— Ну, што ж? або пан, або прапаў. І не святыя ж гаршкі лепяць»,— разважаў Лабановіч пад густы шум прымуса.

XXI

Зранку, на другі дзень пасля размовы з рэдактарам, Лабановіч надумаўся зайсці да яго і да братоў Ліскоўскіх. Усе яны былі нежанатыя, ці, як тады казалі, кавалеры, і жылі на адной кватэры. Ранні прыход незнаёмага і нечаканага госця здзівіў Стафана Ліскоўскага. З усіх трох кватарантаў ён устаў раней і прысеў за пісьмовы стол. На нясмелы стук у дзверы Стафан падышоў і спытаў:

— Хто там?

Лабановіч як умеў растлумачыў, хто ён такі і чаго прыйшоў. Дзверы расчыніліся. На парозе стаяў самы сапраўдны рэдактар беларускай газеты, малады, невысокі чалавек, з белым, даволі прыгожым тварам, з цёмна-шэрымі вачамі. Ён паціснуў руку Лабановічу і з прыемнай усмешкаю павёў яго ў кабінет.