Выбрать главу

З паніжаным настроем ішоў Лабановіч у кіраўніцтва палескіх чыгунак, каб здаць перапіску, так неахайна выкананую. Інжынер Блок сядзеў у тым жа крэсле, такі ж важны і спакойны. Лабановіч пакланіўся. Блок адказаў на паклон лёгкім, ледзь прыметным кіўком галавы.

— Ну, што — перапісалі? — запытаў Блок.

— Перапісаў, гаспадзін інжынер, ды толькі першы блін выйшаў камяком. Калі б вы былі ласкавы і далі мне аркуш чыстай паперы, дык я зрабіў бы гэта добра.

Інжынер нічога не адказаў, узяў скручаныя ў трубку аркушы. Ледзь прыметная ўсмешка адбілася на яго твары.

— М-да,— прамовіў ён.— Перапісчык-бухгалтар з вас няважны.

— Дайце мне чысты аркуш, я перапішу нанова. Я цяпер ведаю, у чым была мая памылка.

Блок нічога на гэта не сказаў, палажыў у стол аркушы, а потым выняў з кішэні бумажнік, даў Лабановічу дзесяцірублёўку і моўчкі кіўнуў галавою, даючы гэтым зразумець, што болей гаварыць няма аб чым і што работы болей не будзе.

«Прынізіў мяне кадэт,— разважаў Лабановіч, выходзячы з кіраўніцтва чыгунак, а на вуліцы сам сабе сказаў: — Дзесяць рублёў не ў яйцы пішчаць». І накіраваўся ў свой бярлог.

Выхад новага нумара газеты прыносіў ажыўленне ў рэдакцыю. Звычайна ў такі дзень пад вечар Стась браў возніка і ехаў у друкарню забіраць выдрукаваны нумар газеты. К гэтаму часу прыходзіў і сам рэдактар. А ў рэдакцыі ўжо было многа вучнёўскай моладзі: гімназісты, студэнты тэхнічнага вучылішча і проста маладыя людзі, якіх трудна было аднесці да якой-небудзь катэгорыі. Усе яны памагалі «фальцаваць» надрукаваныя аркушы газет. Работа часам зацягвалася за поўнач. Было шумна і весела. Рэдактар расказваў розныя байкі, сам смяяўся і другіх смяшыў. А прымус шумеў несціхана, падаграваючы адзін за другім закураныя чайнікі.

У такія вечары зрэдку паказваўся ў рэдакцыі і Стафан Ліскоўскі. Ён акідаў памяшканне і прысутных вокам строгага гаспадара, трымаўся падкрэслена важна і незалежна. З яго прыходам Мікіта Аляксандравіч рабіўся адразу болей сталым і не пускаўся ў гутаркі. Стафан прыязна ківаў таму-сяму галавою з лагоднай усмешкаю. Ён спыняўся, бегла пераглядаў некалькі нумароў газеты, а потым заходзіў за перагародку, дзе сядзеў Стась Гуляшак, і меў з ім сакрэтную размову, даваў інструкцыі і забіраў грошы, паступаўшыя ад продажу газет. Потым, таксама важна і велічна, выходзіў з рэдакцыі. Такім чынам навочна пацвярджаліся словы Стася аб тым, што сапраўдны рэдактар газеты ёсць Стафан Ліскоўскі.

На адным з такіх вечароў пазнаёміўся Лабановіч з панямонцам Міхалам Баўдзеем, амаль што сваім земляком. Сустрэцца з ім у Панямоні Лабановічу не давялося. Міхал Баўдзей зараз таксама быў безработным: яго зволілі са службы за ўдзел у забастоўцы чыгуначнікаў. Як у амаль што землякоў, у іх шмат чаго знайшлося для агульнай гутаркі.

Баўдзей гады на два быў старэйшы за Лабановіча. Ён вельмі ганарыўся тым, што таксама прымаў удзел у рэвалюцыі і страціў у сувязі з гэтым работу. Але ў роспач ён не ўпадаў: рана ці позна зноў прымуць назад, бо работнік з яго быў здольны. Ужо шмат каго са зволеных чыгуначнікаў варочаюць ізноў на старыя месцы.

Міхал Баўдзей па натуры быў скептык, да ўсяго новага ставіўся недаверліва. Бадай што ўсіх ён высмейваў і ў шчырасць чалавечай натуры не верыў. Рэдактара Уласюка называў ён абмежаваным прасцяком, але куды болей чэсным, чым браты Ліскоўскія, бо яны проста — езуіты, са шляхецкаю афарбоўкаю. Іх трэба асцерагацца. Яны, як казаў ён, умеюць залезці чалавеку ў душу з тым, каб што-небудзь апаганіць у ёй. Баўдзей таксама адмоўна ставіўся і да выдання беларускай газеты: ці патрэбна яна, калі ёсць дасканалая, развітая руская мова, якую беларусы добра разумеюць? На гэтым грунце паміж ім і Лабановічам былі спрэчкі. Ніякіх разумных довадаў супраць існавання беларускай газеты Баўдзей не прыводзіў. Ён толькі высмейваў беларускія словы і тэксты, напісаныя гэтымі словамі, што вельмі абражала ў Лабановічу нацыянальнае пачуццё.