— Будзем! — Ён нясмела зірнуў на настаўніка. Таксама зірнуў на яго і Эдзік, і гэта азначала, што ён згодзен з братам.
— А дзе мы будзем займацца? — звярнуўся да іх Лабановіч.
На гэты час увайшла гаспадыня. Яшчэ з парога яна ветліва прывіталася, несучы на пухлявых губах прыемную ўсмешку, уласцівую толькі жанчынам. Лабановіч устаў, пакланіўся.
— А мы вось тут дагаварваемся, дзе займацца,— сказаў Лабановіч, падышоўшы да гаспадыні.
Мальвіна Казіміраўна прыязна зірнула на сваіх хлопцаў, на Лабановіча. Ёй спадабалася, што настаўнік дамаўляецца з сынамі, якіх яна вельмі любіла.
— Калі пан дарэктар не мае нічога супраць, можна займацца і ў гэтым пакоі,— ветла заўважыла обер-кандуктарка, адданая маці для дзяцей, добрая жонка для мужа і дбалая гаспадыня ў доме.
— Лепшага пакоя для заняткаў і не трэба,— згадзіўся Лабановіч.
Сапраўды, пакой быў светлы, чысты, прасторны і ўтульны.
— Дык з вашага дазволу мы і прыступім да заняткаў.
— Калі ласка! — гаспадыня прыязна кіўнула галавою і з той жа добраю ўсмешкаю пакінула настаўніка і вучняў.
Лабановіч загадаў выхаванцам прынесці кнігі, сшыткі, якія ў іх ёсць, і ўсё, што патрэбна для навучання.
Наўперад хоць збольшага трэба было азнаёміцца з вучнямі, у якой меры яны падрыхтаваны.
— Вось, Эдзік,— звярнуўся Лабановіч да старэйшага вучня,— скажы, як многа ты можаш лічыць?
— Да тысячы і болей,— упэўнена адказаў Эдзік.
— Добра... Вось ты налічыў, скажам, пяцьсот дзевяноста восем. Як ты будзеш лічыць далей?
— Пяцьсот дзевяноста дзевяць, шэсцьсот...
— Маладзец, Эдзік! А цяпер папрабуй лічыць пяцёркамі. Пяць, прылажыць яшчэ пяць?..
— Дзесяць, пятнаццаць, дваццаць.
Выявілася, што Эдзік можа лічыць пяцёркамі і дзесяткамі. Юзаф, хоць яго настаўнік не пытаў, таксама адказваў разам з Эдзікам, часамі апярэджваў яго. Болей за гадзіну гутарыў Лабановіч з хлопчыкамі. Яны аказаліся здольнымі да навучання, умелі лічыць, разбіраліся ў чытанні, маглі напісаць паасобныя словы і просценькія сказы.
Настаўнік і вучні не заўважалі, як хутка праходзіў час. У дзвярах ізноў паказалася Мальвіна Казіміраўна. Яна несла на падносіку шклянку кавы, а на талерачцы некалькі піражкоў з мясам, тоўсценькіх, пухленькіх, яшчэ гарачых.
— Вось, калі ласка, падмацуйцеся трошкі, а дзеці няхай пабавяцца пару хвілінак,— лагодна сказала гаспадыня.
— У нас, праўда, крыху зацягнулася лекцыя, хоць гэта яшчэ не сапраўдныя заняткі. Я проста знаёміўся з вашымі дзеткамі, наколькі яны падрыхтаваны.
— І якое ж уражанне ў пана дарэктара? — з некаторым неспакоем запытала Мальвіна Казіміраўна.
— Першае, што можна сказаць,— хлопчыкі здольныя. З імі можна займацца з поспехам. А што да Юзафа, дык мне здаецца, што ён можа абагнаць Эдзіка.
Мальвіна Казіміраўна зацвіла, як ружа: Юзаф быў яе любімы сын.
— Ну, то я не буду вам перашкаджаць,— з прыемнаю ўсмешкаю Мальвіна Казіміраўна выйшла з пакоя.
Лабановіч зараз жа прыступіў да падмацавання. Кава была салодкая, араматная, а піражкі самі раставалі ў роце.
«Эх, Янка!— сказаў ён сам сабе,— пакаштаваў бы ты такога піражка!.. Добра жывуць обер-кандуктары».
Пасля кароткага перапынку Лабановіч даў работу вучням для самастойных заняткаў і дамовіўся, у які час ён будзе хадзіць займацца з імі.
Не адзін раз успамінаў Лабановіч свайго амаль што земляка Міхала Баўдзея: ніхто лепей не паклапаціўся аб ім. Заняткі з малымі Рымашэўскімі прыносілі адно толькі задаваленне. Вучыліся яны старанна, былі паслушнымі, уважлівымі вучнямі. Кожны раз, калі Лабановіч прыходзіў на заняткі, хлопчыкі выбягалі яму насустрач. Адзін браў настаўніка за адну руку, другі за другую, і так усе разам уваходзілі ў свой пакой. Мальвіна Казіміраўна ўзяла за звычай кожны дзень частаваць «дарэктара» пахучаю каваю і смачнымі піражкамі. Пасля такіх падмацаванняў і на сэрцы было весялей. Сам жа Рымашэўскі, паэкзаменаваўшы потайкам сваіх сыноў, застаўся дужа задаволены.
— Вы не толькі вучыце, але і выхоўваеце іх,— прыязна сказаў ён Лабановічу і ўжо сам па сваёй добрай волі накінуў яшчэ тры рублі за навучанне.
Адным словам, жыць можна было. Праўда, і работы хапала. Рэдактары загадалі Лабановічу весці ў газеце раздзел аб Дзяржаўнай думе. З усіх прамоў дэпутатаў думы ён выбіраў усё найболей выдатнае і найболей прагрэсіўнае і толькі так сабе, мімаходам, упамінаў аб выступленнях правых і рэакцыйных дэпутатаў, каб не кідалася ў вочы царскім чыноўнікам тэндэнцыйнасць газеты. Час ад часу трэба было таксама даць і сваю ацэнку прамоў розных маркавых і падобных ім «ісцінна-рускіх» зуброў. З работай сваёю Лабановіч спраўляўся. За гэта рэдактары аплачвалі абеды ў маці Стася Гуляшака. I жыццё такім чынам сяк-так наладзілася. Пад вясёлую хвіліну Лабановіч складаў песні пра тое, як беспрытульная галота разбурыць царскі трон, скіне цара, а з яго пазалочанай парфіры пашые сабе штаны.