Выбрать главу

Але нічога не вечна пад ясным месяцам. Не гадаў Лабановіч, што яго віленскаму дабрабыту прыйдзе нечаканы канец. У адну ноч, калі горад сцішыўся, а Лабановіч сніў сны, смачна сплючы ў сваім «карыце», раптам пачуўся грук у дзверы рэдакцыі. Лабановіч прачнуўся, прыслухаўся, у дзверы загрукалі яшчэ мацней. Не было сумнення, што кулак быў здаравенны і напрактыкаваны па часці груку ў дзверы познім начным часам.

Лабановіч нацягнуў нагавіцы, накінуў на плечы пільчак і пад барабанны бой кулака басанож падышоў да дзвярэй.

— Хто там? — упаўшым голасам запытаў Лабановіч.

— Адчыняй! — уладна пачуўся голас з-за дзвярэй.

— Я ж не ведаю, каму адчыняць, можа, вы якія грабежнікі.

— Адчыняй, кажуць табе!.. Не грабежнікі, а паліцыя!

У галаве Лабановіча мільганулася думка: што лепей — грабежнікі ці паліцыя? Ён адамкнуў дзверы, а сам падаўся ўбок. Парог пераступіў жандарскі вахмістр з ліхтаром у руках, за ім тры гарадавыя, чалавек у цывільным і жандарскі ротмістр. Ён навёў ліхтар у твар Лабановічу.

— Ты што тут робіш? — грозна запытаў ротмістр.

— Служу,— адказаў Лабановіч.

— Пашпарт ёсць?

Лабановіч паказаў. Ротмістр перагартаў пашпарт, а потым зірнуў на Лабановіча. I ўжо болей чалавечна прамовіў:

— Дзе вашы рэчы?

Лабановіч расчыніў свой убогі чамаданчык, дзе ляжала запасная пара бялізны, лёгенькія шкарпэткі, некалькі пісем і спісаных аркушаў паперы. Жандарскі ротмістр усё гэта перагледзеў, вахмістр з гарадавымі пашворыліся ў рэдакцыі. Нічога не знайшлі. Ротмістр пазабіраў пісьмы, аркушы спісанай паперы, некалькі рукапісных вершаў. Усё гэта ён запісаў у пратакол. Калі вобыск быў скончаны, ротмістр строга сказаў Лабановічу:

— Калі вы ў трохдзённы тэрмін не выедзеце самі, дык я вас арыштую і адашлю этапам да месца вашага пражывання.

Ротмістр завярнуўся і накіраваўся да дзвярэй. За ім пайшла і ўся яго капэлія.

ХХІV

Прыйшлі, панюхалі, пагаўкалі і зніклі... Добра, што хоць так абышлося. І ўсё ж клопату нарабілі шмат.

Спаць Лабановіч ужо не мог. Вырысоўваўся новы этап жыцця і новая праграма дзеяння. Нечаканы візіт жандараў і гарадавых разбурыў усе планы. Тры дні! За гэты час трэба ліквідаваць усе справы. Па-першае, паведаміць обер-кандуктару, каб ён шукаў для сваіх сыноў новага «дарэктара», і развітацца з яго домам. Па-другое, зайсці да рэдактараў. Можа, яны чым-небудзь памогуць. Ды спадзявацца на іх падтрыманне — марная справа. Меў рацыю Баўдзей, калі гаварыў, што ў Кракаў зямляк яго паедзе тады, калі ўкусіць свой локаць. Дык няхай хоць паклон перададуць свайму Кракаву. Іншыя думкі круціліся ў галаве: як зрабіць, каб ізноў вярнуцца ў Вільню? І раптам нечакана вырашыў: выкарыстаць орган віленскага генерал-губернатара «Виленский вестник» і пры яго дапамозе адхіліць перашкоды, што паўсталі на дарозе. А для гэтага трэба наведаць рэдакцыю, ды не з пустымі рукамі. Лабановіч сеў за стол і пачаў пісаць невялічкае апавяданне, вельмі памяркоўнае, не было ў ім рэвалюцыйнасці, але не мела яно і нічога агульнага з чарнасоценствам. Да дзесяці гадзін раніцы работа была скончана. Апавяданне спадабалася аўтару, ён падпісаўся «Іван Торба».

Захапіўшы рукапіс, Лабановіч накіраваўся ў рэдакцыю «Виленского вестника», якая змяшчалася ў шыкарным доме. Памяшканне было прасторнае і багата абсталяванае.

Рэдактара яшчэ не было. Лабановіча прыняў сакратар рэдакцыі, малады, бялявы, прылізаны чалавек.

— Сядайце! — паказаў ён на крэсла і дапытліва зірнуў на наведвальніка.

— Прашу прабачыць мне за ранні візіт,— сказаў пачціва Лабановіч.— Я еду ў правінцыю. Мне ж хочацца быць карэспандэнтам і наогул супрацоўнікам вашай газеты. На першы пачатак прынёс вам невялічкае апавяданне.

Сакратар узяў рукапіс, прагледзеў яго, зірнуў на подпіс.

— Гэта ваша сапраўднае прозвішча? — запытаў сакратар.

— Не, гэта мой псеўданім.

— Здорава гучыць,— усміхнуўся сакратар і дадаў: — Ваш расказец мне падабаецца. У чарговым нумары газеты будзе змешчан. Толькі напішыце ваша сапраўднае прозвішча і адрас. Яшчэ чым магу служыць?

Узрадаваны Лабановіч прамовіў:

— Мне хацелася б мець нейкі дакумент, скажам, карэспандэнцкі білет, у якім значылася б, што я — супрацоўнік або карэспандэнт «Виленского вестника». Гэта памагло б мне быць болей карысным для газеты супрацоўнікам.

— Гэта можна,— згадзіўся сакратар.

Хвілін праз пяць Лабановіч меў на руках акуратна напісаны на добрай цвёрдай паперы, з выразнаю пячаткаю, карэспандэнцкі білет ад «Виленского вестника». Гэтая ўдача акрыліла Лабановіча, але ён сам яшчэ не ўсведаміў у належнай ступені яе значэнне.