— Атрымай тысячны аклад, і тады пытайся... Ведаеш, Андрэй, што: я прытуліў бы цябе і больш, але ці вядома табе, што пішуць аб вас, аб такіх, як ты, у «Минском голосе»?
— Гэта ў той газеце, дзе рэдактар чарнасоценец і здраднік радзімы Шмідт?
— Я не ведаю, хто ён такі, ведаю толькі, што ён — рэдактар «Минского голоса» і напісаў у газеце вось што.
Балоціч дастаў са стала, дзе ўсе паперачкі ляжалі кожная на сваім месцы і быў узорны парадак, нумар газеты «Минский голос» і паказаў нататку, у якой удзельнікі настаўніцкага сходу ў Мікуцічах шальмаваліся на ўсе лады.
Лабановіч наскора прагледзеў гэтую нататку і сказаў прыяцелю:
— Можаш даць мне гэты нумар?
— Для цябе я і хаваў яго,— адказаў Балоціч.
XXV
Падмацаваўшыся ў прыяцеля, Лабановіч падаўся ў горад: яму трэба было знайсці адваката Семіпалава і перадаць пісьмо ад рэдактараў. Адваката дома не аказалася: ён выехаў на неакрэслены час на поўдзень Украіны. Такім чынам надзеі на Семіпалава адпадалі. Дый што ён мог сказаць і якую даць параду? Напэўна, сказаў бы ехаць на месца пражывання і ад мясцовага паліцэйскага начальства прасіць дазволу жыць і працаваць у Вільні. «Але я і без папа ведаю, што ў нядзелю свята»,— прыгадаў Лабановіч старую прыказку.
Ён павярнуў назад. У скверыку насупраць архірэйскага дома выбраў болей зацішнае месца, прысеў на лаўку і выняў з кішэні «Минский голос», у якім была змешчана злая нататка аб народных настаўніках пад назваю: «Без розуму і сумлення». Прачытаў і задумаўся. І тут прыйшла ў галаву думка — зайсці да рэдактара «Минского голоса», да чарнасоценца Шмідта і ў сувязі з нататкаю пагаварыць з ім у тым плане, у якім яны з Янкам Тукалам праводзілі рэпетыцыю допыту. Спачатку думка гэта здалася недарэчнаю, але чым болей разважаў, тым глыбей яна захапляла яго. І сапраўды: што ён траціць? Калі рэдактар нават не захоча гаварыць з ім — дык што за бяда! Пра Шмідта хадзілі гутаркі, што раней ён быў флоцкім афіцэрам, украў планы Кранштацкай крэпасці і перадаў іх нямецкай разведцы. Яму далі за гэта дзесяць гадоў катаржных работ, але цар Мікалай Другі зняў пакаранне і вярнуў рэдактару грамадзянскія правы. А зараз ён — самы адданы «истинно-русский» чалавек. Лабановіч канчаткова замацаваўся ў сваім намеры схадзіць да Шмідта. Хоць паглядзець, што гэта за чалавек, і папрабаваць завесці гутарку аб выгнаных настаўніках, якіх шальмавала газета.
У прыёмнай рэдактара «Минского голоса» сядзелі два чалавекі: поп і нейкі занядбаны чыноўнічак. Папа зараз жа запрасілі ў кабінет. Праз некалькі хвілін ён выйшаў адтуль у добрым гуморы. Ён кіўнуў чыноўнічку, даючы яму знак ісці разам. Лабановіч пачуў толькі словы папа ўжо ў дзвярах, сказаныя чыноўніку:
— Скажу табе, чалавеча, галава!
Яны зніклі.
— Як далажыць аб вас гаспадзіну рэдактару? — звярнуўся да Лабановіча прыслужнік з рыжаватаю бародкаю, чалавек без усякай формы і нецікавы на выгляд.
— Скажыце — карэспандэнт «Виленского вестника», газеты віленскага генерал-губернатара,— важна сказаў Лабановіч.
Прыслужнік з павагаю зірнуў на наведвальніка і нават пакланіўся. Лабановіч сам сабе заўважыў: «Клюе!»
Чалавек з рыжаватаю бародкаю ціхенька шуснуў у дзверы рэдактарскага кабінета і зараз жа вярнуўся.
— Калі ласка! — паказаў ён галавою на дзверы.
У прасторным крэсле за сталом, засланым зялёным сукном, сядзеў рэдактар, без пільчака. Гэта быў невысокі, карэнкаваты чалавек з шырокім тварам, з пранізлівымі выцвіўшымі вачамі, з кучмаю пасівелых валасоў. На ім была руская кашуля з расшпіленым каўняром, з якога выступала тоўстая, як у вала, шыя. На прывітанне Лабановіча ён толькі злёгку зварухнуўся ў сваім крэсле.
— Чым магу быць для вас карысным? — даволі сурова запытаў ён.
— Я хачу пагаварыць з вамі, гаспадзін рэдактар, не толькі аб сваёй справе, але і аб справе сваіх калег, настаўнікаў.
Рэдактар крыху шырэй расчыніў вочы, але маўчаў, нарыхтаваўшыся слухаць далей. Лабановіч зрабіў невялікую паўзу.
— Я вас слухаю,— ужо нецярпліва прамовіў рэдактар.
Лабановіч выняў з бакавой кішэні акуратна зложаны нумар «Минского голоса» і разгарнуў яго, знайшоў нататку «Без розуму і сумлення» і паказаў на яе рэдактару.
— Я, гаспадзін рэдактар, і ёсць адзін з тых, што ў нататцы вашай газеты значацца пад такім тытулам.
Рэдактар узяў з рук Лабановіча нумар газеты, зірнуў на нататку. Твар яго адразу змяніўся. У выцвіўшых вачах бліснуў злы агеньчык.
— Дык што вам трэба? — сярдзіта сказаў рэдактар, як бы перад ім быў не малады чалавек, а нейкі шкодны гад.
— Калі чалавека незаслужана абліваюць памыямі,— спакойна, з адценнем гарчэчы ў голасе адказаў Лабановіч,— дык зусім натуральна, гаспадзін рэдактар, што гэты чалавек хоча ачысціцца ад такога бруду.