— Вось папрабуй разабрацца, дзе праўда, а дзе хітрая выдумка! — у захапленні сказаў ён.
— Паміж праўдаю і выдумкаю, падобнаю да праўды, трудна, мой дружа, правесці мяжу,— заўважыў Лабановіч.— Канву ж для іх дае само жыццё.
— Завілавата гаворыш, мой браце. Не выпіўшы чаркі добрай настойкі, нічога не разбярэш.
Сказаўшы так, Балоціч падаўся да свайго даволі прыгожага і нават утульнага буфеціка, дастаў ёмкую пляшку і паставіў на стол.
— Гэта, браце мой, накшталт польскай старкі. Доўгі час я хаваў яе на ўрачысты выпадак.
— Гэтым самым, дарагі мой Балоцімус, ты даводзіш, што ты мой сапраўдны друг, якім быў і ў семінарыі.
Наліваючы настойку ў чаркі, Балоціч сур’ёзным тонам заўважыў:
— А ведаеш, Лабуня, гэты артыкул зробіць калі не пераварот, дык поўнае замяшанне ў галовах судовых чыноўнікаў, а таксама і ў паліцэйскіх, бо «Минский голос» — гэта іх сімвал веры.
— Што ж? — весела азваўся Лабановіч, падняўшы чарку.— Дай, Божа, нашаму цяляці воўка зваяваці!
Вечарам, сардэчна развітаўшыся з Балоцічам, Лабановіч накіраваўся да вакзала. Ён захапіў з сабою некалькі экземпляраў «Минского голоса», у якім быў выдрукаваны яго артыкул. Седзячы ў вагоне, ён думаў аб тым, як будуць здзіўлены сябры, зволеныя з настаўніцкіх пасад, калі раптам дачуюцца пра «Кудесника». Нікому і ў галаву не прыйдзе, што гэта напісана ім, Лабановічам. Яму было весела і разам з тым смешна. Ён думаў у першую чаргу пра свайго прыяцеля Янку Тукалу, думаў, як латвей апавядаць яму аб сваіх прыгодах.
У Стаўбуны поезд прыбываў каля адзінаццаці гадзін раніцы. Каб не размінуцца з Янкам, Лабановіч рашыў зайсці на яго ранейшую кватэру. Ад вакзала да мястэчка было з паўвярсты. Як жа здзівіліся і ўзрадаваліся прыяцелі, калі, па шчаслівай выпадковасці, сустрэліся на дарозе, там, дзе яна крыжавалася з павароткаю на вакзал! Яны кінуліся адзін да аднаго.
— Янка!
— Андрэй!
Сябры моцна паціснулі адзін другому рукі і пацалаваліся.
— Як жа гэтак нечакана апынуўся тут? Адкуль ты ўзяўся? — пытаў з радасным недаўменнем Янка.
— Час майго вандроўніцтва нікім не лічаны, а дарогі мае толькі Богам ды жандарамі мераны,— урачыста адказаў Андрэй.
— Ты гаворыш, як нейкі старадаўні прарок,— засмяяўся Янка ў прадчуванні важных навін, аб якіх павінен паведаміць прыяцель.
Андрэй жа запытаў:
— Ты ж куды вандруеш?
— Не сам я вандрую: мае ногі нясуць чэрці,— у тон прыяцелю адказаў Янка.— Збіраўся ў Мінск, але калі пабачыў цябе, дык чэрці ад мяне адступіліся — па боку Мінск!
— Добра сказана!.. Ведаеш, Янка: я ўвесь час думаў, як бы не размінуцца нам. А мы ўзялі ды сустрэліся!
— Калі каму шанцуе, той і ў лапцях танцуе,— прыказкай пацвердзіў Янка.— Выкладай, браце, аб тваім, нікім не лічаным, часе.
Лабановіч абвёў поглядам наваколле і ціха сказаў:
— Кожнай агародніне свой час. Свой час ягадзе і свой час баравіку... Слухай, Янка: давай заскочым у мястэчка, возьмем на дарогу таго, што весяліць сэрца чалавеку. Адыдземся ад вуліц і ад сцен хат і там, у зацішным месцы, расчынім нашы душы і волю дамо нашым словам.
— Вось што значыць пабыць у рэдакцыі! Адразу відаць, што чалавек набраўся розуму! І дурань будзе той, хто стане супраць гэтага пярэчыць.
Прыяцелі накіраваліся ў шынок да цёткі Гені па падмацунак. На першым утульным месцы над Нёманам яны спыніліся.
— Вось тут мы і расчынім вусны нашы,— сказаў Лабановіч.— Садзіся, брат Янка!
Яны селі на зялёнай траўцы за пышным лазовым кустом, што раскінуў тонкія, гнуткія дубцы над самым Нёманам. Патрывожаная лугавая мята разліла навокал востры пах. Унізе, пад зрывістым берагам, несупынна гнала рака празрыстыя хвалі, нібы жывое срэбра.
— Што скажаш, Янка: хораша, утульна, спакойна тут! — сказаў, азіраючыся навакол, Лабановіч.
— Што хораша, то хораша, але не гэта я спадзяваўся пачуць ад цябе,— заўважыў Янка.— Выходзіць, з вялікага грому малы дождж!
Андрэй засмяяўся.
— Ведаеш, брат, я ўсё думаў: як пачаць расказваць пры спатканні з табою пра ўсё, што здарылася за гэты час. І нібы не знаходжу такога пачатку, які б задаволіў мяне і цябе.
— Тады адкаркоўвай пляшку, можа, яна развяжа табе язык,— рашуча сказаў Янка і дадаў: — Чуе маё сэрца, што скажаш нешта цікавае.
Лабановіч выцягнуў з кішэні кручок, загорнуты ў паперку кавалак каўбасы і хлеб. Янка ў чаканні не зводзіў вачэй з прыяцеля. Андрэй сказаў:
— Покі я буду накрываць «стол» і ўходжвацца каля яго, ты прачытай вось гэтую нататку.
У руках у Янкі апынуўся «Минский голос». Ён так і ўпіўся вачамі ў артыкульчык. Лабановіч рэзаў каўбасу і ўкрадкам сачыў за прыяцелем. А Янка, у меру таго як чытаў, мяняўся ў твары, збіваўся з тропу, некалькі разоў варочаўся да пачатку артыкула, глядзеў на подпіс, на назву. Нарэшце працёр вочы і доўгім позіркам паглядзеў на Андрэя.