— Што скажаш, Янка, на гэта? — спытаў Лабановіч.
— Браткі мае! Матухны і татухны! — ледзь не вар’яцеў Янка.— Ці дабачваюць мае вочы? Ці не аслеп я! Ці не чорт водзіць мяне ў лузе! — Янка весела перахрысціўся.— Што ж гэта значыць? — развёў ён рукамі і раптам ірвануўся да пляшкі.— Выпіць, выпіць за таго добрага чалавека, што падаў за бяздомных «агаркаў» голас у «Минском голосе»!
— Выпіць! — падтрымаў прыяцеля Андрэй.— А вось пра чарку мы забыліся. З чаго будзем піць?
— Як з чаго? Абыдземся без вяроўкі,— была б кароўка!
Янка перадаў пляшку Андрэю.
— Гарэлка твая і твая навіна! Благаславіся, ойча Андрэю! Палыкні! З горла ў горла!
Андрэй выбіў з пляшкі корак.
— Дык што, браце Янка: узрадуемся і ўзвесялімся. Няхай адступіцца ад нас ліха, а добра пачатае няхай дабром і скончыцца. Здароў будзь!
Гарэлка забулькала ў роце Лабановіча за частаколам зубоў. Добрую чарку ўліў ён у рот, глынуў.
— Столькі ж, браце, вазьмі і ты,— перадаў ён пляшку Янку і адмераў пазногцем на шкле, колькі таму належала выпіць.
Янка ўзяў пляшку, зірнуў у бок Панямоні і Стаўбуноў, потым павярнуўся тварам да Мікуціч, падняў вочы на Дзямянаў Гуз.
— Чуеце вы, мястэчкі і сяло, і ты, Дзямянаў Гуз, і вы, дарогі, па якіх мы хадзілі, ходзім і будзем хадзіць! Здаровы будзьце! Будзь здаровы і ты, добры чалавек, што закінуў за нас добрае слова ў «Минском голосе»! Няхай табе лёгка ікнецца ў гэты час!.. І ты, Нейгертава, будзь здарова!
Лабановіч пасміхнуўся. Янка глынуў у два захады сваю порцыю, крактануў, абцёр губы, пачухаў нос і заўважыў:
— Мусібыць, яшчэ вып’ем!
— Ды гарэлка яшчэ ёсць,— патрос Лабановіч пляшку.— Давай закусім!
Янка паглядзеў на пляшку, прыкінуў на вока, ці столькі ён выпіў, як было адмерана, і заявіў:
— Трошкі перабраў!.. Ведаеш, натура ўжо мая такая: пры рабоце не дабіраю меры, а пры выпіўцы — перабіраю!
— Ну, ты ўжо трохі клеплеш на сябе, Янка.
— Кляплю, бо мне весела, і гарэлка пачынае шаламіць.
Сябры сядзелі над ракою, пад кустом, закусвалі, жартавалі, прыкладаліся да пляшкі. А калі апаражнілі яе, Янка даў поўную волю сваім пачуццям.
— Ці ёсць на свеце такі вяльможа, якому я пазайздросціў бы сягоння! Ці ёсць такі замак або палац, якія памяняў бы я на гэты куст над Нёманам. Нічога падобнага няма! — Янка энергічна махнуў рукою.
— Адкуль жа ў цябе такое шчасце?
— З дзвюх крыніц: адна — артыкул, а другая — вось гэтая пляшка, на жаль, пустая.
— З пустой пляшкі можна зрабіць поўную. Але як жа ты ставішся да «Кудесника»? Якое, на тваё меркаванне, яго значэнне для нас?
— Ды гэта, браце, дождж у вялікую сухмень!..— выгукнуў Янка.— Ты вось паглядзі на луг, на груды: папаліла іх сонца з вясны. А прайшлі дажджы, яны пачалі ажываць. Відаць, здарыўся і для нас нейкі спагадны паварот.
— Так прыблізна разважае і Косцік Балоціч. Ён сказаў нават болей: «Минский голос» для паліцэйскіх, для папоў і чыноўнікаў тое самае, што «сімвал веры» для прававерных хрысціян.
— Брава! — гукнуў Янка.
— Ведаеш, Янка,— павярнуў гутарку на другое Андрэй,— калі на тое пайшло, дык скокні да Моні — ён зараз жа тут за мостам, і вазьмі яшчэ кручок, тады я раскажу табе, як з’явіўся «Кудесник» у чарнасоценнай газеце і хто такі ён сам.
— На край свету пабягу дзеля гэтага!
Лабановіч хацеў даць грошы.
— Мая капейка таксама не шчарбатая,— адвёў руку прыяцеля Янка і памчаўся да Моні.
Пад тым жа лазовым кустом расказаў Лабановіч прыяцелю пра ўсе свае прыгоды — пра выгнанне з Вільні, пра візіт да рэдактара «Минского голоса» і пра вынік гэтага наведвання.
— Ведай, мой дружа Яне,— сказаў у заключэнне Андрэй.— Праўда, прыкрытая дзяружкаю, цікавей за голую праўду. І мне здаецца, што ты нават расчараваны гісторыяй «Кудесника». Наша рэпетыцыя не прапала дарма.
Янка сказаў у захапленні:
— «Кудесник», ты — хітры стары!
XXVII
Андрэй і Янка асталяваліся на няпэўны час у гумне дзядзькі Марціна. Гумно было прасторнае, і каб залажыць яго даверху збажыною і сенам, дык гэтага дабра хапіла б на такія тры гаспадаркі. У застаронні ляжала даволі ёмкая куча леташняй саломы, пагрызенай мышамі. Там, паслаўшы посцілкі і накрыўшыся даматканаю коўдраю, сябры спалі моцным сялянскім сном.
Гумны знарок будаваліся так, каб мела вольны доступ паветра з двара, а таму ў іх звычайна было многа шчылін: і над шырокімі варотамі і ўздоўж усяе страхі. З двух бакоў у шчытку былі нават парныя акенцы без шкла, праз якія ўляталі і выляталі ластаўкі: яны дужа любяць гняздзіцца ў гумнах. Трэба заўважыць, што гуменныя шчыліны, аднак, пакідалі з такім меркаваннем, каб не засякаў дождж, а зімою вецер не наганяў снегу.