Усходзіла сонца. Абуджалася ясная летняя раніца. Тысячы шчылінак і дзірачак загараліся на сонцы, і ўсё гумно налівалася бліскучымі патокамі святла, зіхцела, жыло і ззяла ў залатых праменнях.
— Трасцу што-небудзь падобнае бачыў калі цар,— сказаў, абудзіўшыся, Янка і залюбаваўся істужкамі яркіх праменняў, у якіх мітусіліся мільярды пылінак.— Ты чуеш, што я табе кажу? — спытаўся ён, не пачуўшы голасу прыяцеля.
Андрэй жа глядзеў, як над гнёздамі махалі лёгенькімі крыльцамі юркія ластавачкі і так лагодна шчабяталі.
— Вось ведаеш, Янка, я ніколі не бачыў, каб ластавачкі біліся паміж сабою,— заўважыў ён, прапусціўшы міма вушэй сябравы словы,— ён проста не чуў іх.
— Слаўныя птушэнцыі! — падхапіў Янка.— Калі яны пачнуць шчабятаць над гняздом, дык я прыгадваю маладзіц, што збяруцца часамі з вёдрамі каля калодзежа і на ўсе галасы разліваюцца, бо гэта ўжо іх такая патрэба.
У гумно даляталі і штодзённыя песні вясковай працы, і водгулле працоўнага сялянскага дня. Некалькі разоў бразнулі дзверы ў хаце, рыпнулі вароты ў хлеве — гэта маці пайшла даіць карову. Пасля зарыпеў журавель над калодзежам. Крыху счакаўшы, загрукаў сякач у карыце — гатавалася снеданне свінням. Потым пачуўся нездаволены голас Юзіка, другога Андрэевага брата: ён выганяў на пашу жывёлу, ды не даспаў, быў сярдзіты і сваю злосць спаганяў на каровах. Дзядзька Марцін спыніў Юзіка таксама сярдзітым вокрыкам:
— Што ты хвошчаш пугаю карову? Што яна табе зрабіла? Вось вазьму гэтую пугу ды пацягну па тваёй спіне.
Юзік маўчаў, покуль двор не застаўся ззаду, а тады агрызнуўся:
— Не дастанеш: рукі кароткія! А пуга — вось яна, у маіх руках.
— Глядзі, Дзюбок, каб яна не апынулася ў маіх!
Дзядзька Марцін сядзеў на плашцы і кляпаў касу.
Аднастайны стук малатка па жалезнай бабцы, забітай у калодку, уторыў ранішнім гукам, што разносіліся па двары. Да ўсіх ранейшых гукаў зараз далучаўся спеў гарластага пеўня.
Лабановіч успомніў, якая зараз гарачая пара: дзядзька Марцін ладзіў касу — надыходзіў час касьбы. Трэба было спяшацца, бо калі русінаўцы скосяць свае шнуры, дык яны адразу і коней пусцяць на пакошу. А застануцца там два шнуркі дзядзькавай сенажаці, дык іх патравяць, патопчуць коні. Сумленне Лабановіча казала, што трэба памагчы Марціну.
Сябры моўчкі ляжалі. Кожны думаў сваё. І раптам Лабановіч перарваў маўчанне:
— Ведаеш, Янка, які афарызм скажу я табе?
— А-ну! — ажывіўся Янка, нібы прахапіўшыся.
— Усяму на свеце ёсць канец,— урачыста прамовіў Андрэй.
— Гэта праўда, як праўда і тое, што калі чалавек галодны, дык ён хоча есці,— падпусціў «жука» Янка.
— А калі праўда, дык годзе нам ляжаць. Давай падымацца!
— Падыманне не варта такога афарызма,— усё яшчэ жартаваў Янка, але вылез з-пад коўдры і сеў на саломе, сказаўшы: — І добра ж, брат, спаць тут! Не спіш, а боскае пітво п’еш!
— Гумно гэта — дача на дачы, рай, які не сніўся Адаму і Еве.
Сябры зараз жа адзеліся і пайшлі мыцца ў Нёман. На сцежцы, што была пратоптана каля гумна і вяла да ракі, сябры спыніліся і паздароўкаліся з дзядзькам Марцінам. Ён ссунуў з ілба на патыліцу «варшаўскую» шапку. Калісь Марцін насіў яе ў святочныя дні. Цяпер яна састарылася, страціла ранейшы панскі форс, форму і колер, але нават і ў такім выглядзе нагадвала шапкі, якія насілі фальваркоўцы.
— Ну, як спачывалі? — запытаў дзядзька прыяцеляў і смаркануў направа і налева, упёршыся кулаком спачатку ў адну ноздру, а потым у другую.
— Спалі як пшаніцу прадаўшы,— азваўся Янка.
Андрэй запытаў:
— Ёсць у дзядзькі запасныя косы?
— Чаму ж няма! Ёсць, і не адна.
— Дык наладзь іх харашэнька: пойдзем разам касіць. А русінаўцы няхай наматаюць сабе на вус: калі занадта ўлягуць у касьбу, то каб не былі ў іх пяты падрэзаны,— сказаў жартам Андрэй.
Дзядзька Марцін засмяяўся. Ён любіў Андрэя і як пляменніка і як выдатнага касца. І ён ведаў, што з такім памочнікам у хвасце не застанешся.
Досвіткам наступнага дня дзядзька Марцін і Андрэй, пабраўшы косы і прыхапіўшы малаток і бабку, пайшлі на касьбу ў Ёлава. Янка з Якубам павінны былі прынесці ім туды снеданне і ўзяць з сабою граблі: работы хопіць для ўсіх.
Андрэй з ранняга дзяцінства любіў Ёлава. Там было многа такіх магутных дубоў, што чатыры чалавекі ледзь-ледзь маглі абняць камель. Дубы пераважна стаялі над ракою, іх верхавіны чарнелі буслінымі гнёздамі. У глыбі лугу рос густы арэшнік, а Нёман так прыгожа павіваўся, утвараў такія лукі, што імі нельга было не залюбавацца.