У Ёлаве быў дужа добры луг, асабліва бліжэй да Нёмана. Луг і зямля, на якой знаходзілася сядзіба дзядзькі Марціна, належалі князю Радзівілу. Яе наўперад арандаваў Моўша Перац, які трымаў у Мікуцічах карчму. Калі Вітэ ўвёў манаполію на гарэлку, Моўша ліквідаваў свае справы і перабраўся ў Панямонь, а скарбовую зямлю заарандаваў дзядзька Марцін.
Ад хутарка дзядзькі Марціна да Ёлава лічылася чатыры вярсты. Нашы касцы прыйшлі на луг, калі з-за лесу ледзь-ледзь паказвалася сонца. Дзядзька Марцін не зводзіў часу. Ён убіў у дол касу, павесіў на кульку торбу, дзе ляжалі малаток і бабка, а сам пайшоў правяраць граніцы свайго шнура сенажаці. Агледзеў, ці на сваім месцы стаяць пáлі, а потым дробненькімі крокамі пайшоў ад пáлі да пáлі рабіць «брод», каб у часе касьбы не зрабіць перакосу. У людзей было так мала сенажаці, што яны калаціліся за кожную пядзю.
Дзядзька Марцін і Андрэй пастанавілі пачаць касьбу ад лесу, з нізіны, дзе луг быў перамешаны быдлячымі нагамі, сляды якіх заставаліся на доўгі час. У лагчыне дзе-нідзе было мокра, але затое і трава расла мяккая, хоць і нецікавая. Дзядзька Марцін правёў «брод» аж да палавіны доўгага і нешырокага шнура. Гэты кавалак падзялілі на дзве часткі. Марцін узяў сабе горшую дзялянку. Намянцілі косы. Перш чым замахнуцца касою, дзядзька, не знімаючы шапкі, перахрысціўся і сказаў: «Госпадзі, благаславі!» Андрэй за гэты час управіўся спрытна махнуць касою разоў пару.
Трава была маладая, ранішняя раса рабіла яе вільготнаю і мяккаю. Добра наклёпаныя і наладжаныя косы толькі пасвіствалі. Трава лёгка паддавалася і пакорна лажылася ў роўныя пракосы.
Касцы хоць і былі далекавата адзін ад другога, але стараліся ваўсю. Сонца паднялося ўгору і стала прыпякаць. Паскідалі шапкі. На лбе выступаў пот. Паскідалі і кашулі. Абодва былі мокрыя ад поту, але ніводзін не паддаваўся другому. Ужо заставаліся адны толькі шматкі няскошанай сенажаці, калі Андрэй, менцячы касу, заўважыў Янку, а з ім і Якуба. Углядацца доўга не было калі, бо дзядзька Марцін ужо дакошваў сваю дзялянку. Аднак Андрэй паспеў згледзець над галавой у Янкі сетку-таптуху, нібы шлем старадаўняга багатыра, і збан у руцэ, напэўна, з кіслым малаком — дзядзька Марцін любіў яго. Якуб нёс на плячах пару грабель, а ў руцэ ёмкую торбу з лігомінай, як называлі па-плытніцку харчы. Андрэй і сам не ведаў, чаму яму раптам стала весела.
Хвілін праз дзесяць грабцы падышлі да дзядзькі Марціна.
— Вось якраз у самы час прыйшлі. Малайцы, хлопцы!
Марцін падаўся разам з хлопцамі да Андрэя, які дабіваў астатні пракос. Дзядзька весела сказаў:
— Касі, каса, пакуль раса, раса далоў, касец дамоў!
Усёю грамадою, касцы і грабцы, падаліся пад дуб на бераг Нёмана.
— Вось добра, што ўзялі з сабою сетку! Дай, Божа, здароўя таму, у чыю галаву прыйшла такая выдатная думка,— азваўся Андрэй.
— Гэта Якуб распарадзіўся,— сказаў Янка.
— Якуб — золата, а не хлопец! — сказаў Андрэй.
Дзядзька Марцін дадаў:
— Вы яшчэ не ведаеце, што за галава на Якубавых плячах.
Марцін і сам быў рады, што Якуб дагадаўся захапіць сетку.
XXVIII
Для Якуба самаю вясёлаю і радаснаю парою года быў час сенакосу. Дый дзе столькі разгону для твае жвавасці, для твайго спрыту, для тваіх забавак, як не на касьбе! І, сказаць жа, работа на лузе няцяжкая. Чаго варты пахучыя хвалі скошанай і прывяўшай травы! Ды не аднымі забаўкамі захапляўся малы Якуб: якіх толькі відовішчаў не сустрэнеш на сенажаці! Работа захапляе цябе ўсяго з галавы да пят.
Якуб пільна прыглядаўся, як спрытна валодае касою дзядзька Марцін. Для хлопца гэта быў лепшы ў свеце касец. Цэлыя гадзіны сядзеў ён каля Марціна, калі той кляпаў касу, і не прапускаў ніводнага дзядзькавага руху. Дзядзька Марцін не заўсёды дагадваўся, што за ім сочыць так уважліва вока пляменніка. Неспадзявана Якуб часамі даваў такія гаспадарчыя дарады, што дзядзька толькі здзіўляўся. Часамі ў гэтакіх выпадках ён абнімаў пляменніка, цалаваў ды казаў:
— Ты, брат Якуб, залаты чалавек, і галава твая светлая.
Пакуль дзядзька Марцін і Андрэй падмацоўваліся пад дубам, які стаяў якраз на іх шнуры, Якуб не чакаў загаду, што трэба рабіць. Ён даў Янку граблі, а другія ўзяў сам.
— Пойдзем выграбаць сена з лагчыны і пазносім яго на груд; там яно бадай што да вечара высахне.
Янка не пярэчыў Якубу, бо той гаварыў праўду. Сушэйшага мурагу яны прынеслі па пярэберычу пад дуб: пасля падмацавання захочацца паляжаць на сене ў цяньку. Сам Янка не дагадаўся б зрабіць гэтага, у чым потым і прызнаўся.
Касцы доўга не ляжалі, хоць хацелася прыдрамаць. Прычына гэтаму была сетка-таптуха, якая стаяла тут жа пад дубам кулём угору. Дзядзька Марцін вельмі любіў лавіць рыбу наогул. А тут і месца добрае, і ніхто з рыбакоў яшчэ не патрывожыў прыбярэжных заток. Аб рыбе таксама думалі Андрэй і Якуб. Але ў першую чаргу трэба падагнаць работу. Адзін толькі Янка заставаўся абыякавым у дачыненні рыбы: ён не пазнаў яшчэ асалоды ў лоўлі сеткаю-таптухаю.