Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да захаду сонца, а сена было ўжо ўсё згрэблена і зложана ў копы, каб не рыжэла ад расы. Другі шнур таксама быў скошан на вялікае задавальненне дзядзькі Марціна. Яшчэ дзень-другі пагоды — і сена будзе прыбрана з лугу і звезена ў гумно.
— Ну, як, хлопцы, пройдземся каля беражкоў з сеткаю? — весела запытаў Марцін сваю рабочую грамаду.
— Цяпер самы час паплюхацца,— стала прамовіў Якуб.
— Даўно пара,— падтрымаў яго Андрэй.
— Ну, то давайце пачнем! Ты, Якубок, будзеш насіць тытун і скручваць нам цыгаркі, бо калі ловіш рыбу, дык асабліва хочацца курыць.
— І асабліва тады, калі яна ловіцца,— заўважыў Андрэй.
Дзядзька аддаваў далейшую каманду:
— А ты, брат Янка, пільнуй адзежу, бо прыйдзецца зняць усё, апроч шапак... Не канечне стаяць над ёю крукам,— зрабіў агаворку Марцін,— а з вока спускаць не трэба.
— Рад служыць агульнай справе! — як салдат, азваўся Янка.
Дзядзька Марцін узяў сетку і першы спусціўся ў Нёман. За ім падаўся і Андрэй. Абодва былі голыя, толькі ў адных шапках. Лазіць голаму па вадзе, па жорсткай траве — не дужа прыемная рэч. Зусім іншая справа была б, каб надзець рыбацкую адзежу. Але яе не ўзялі, бо нязручна было несці ўсё разам.
— Вось давай, брат, патрасём гэту завоінку,— сказаў Марцін.
Завоінай называлася паласа стаячай вады пры беразе. Звычайна яна зарастала розным зеллем, лотаццю, макрыцай, сітняком. З самага дна падымалася доўгая, на ўсю глыбіню, трава, нібы тонкія ніці. Выбіўшыся на паверхню, яна рассцілала на вадзе акруглыя белаватыя лісцікі. Трапляліся часамі пры беразе чароты і аер. У гэтым вадзяным зарасніку хавалася рыба, адпачывала пасля жыравання ці проста ратавалася ад сваіх заклятых ворагаў, шчупакоў і акунёў.
У рыбацкай справе вёў рэй дзядзька Марцін, як самы сталы і спрактыкаваны па часці лоўлі рыбы. Ён узяўся за адзін бераг абруча сеткі, а памочнік яго — за другі, і абодва ціхенька-ціхенька пачалі выкрадацца да берага. Сетку лёгенька вялі бліжэй да берага ў вадзе. Бывалі такія выпадкі, калі які-небудзь дурнаваты язь або лешч, уцякаючы «на ваду», трапляў у сетку.
Дзядзька выбіраў месца, дзе магло што-небудзь злавіцца, і каманду свайму памочніку падаваў шэптам:
— Асцярожней, асцярожней! Ну, спускай сетку на дно ціхенька-ціхутка ды глядзі, каб яна не завісала на корані або на купіне, бо рыба пад ніз пойдзе. Ну, стаўляй!
Сетку шчыльна ставілі на дно ў адпаведным месцы. Андрэй стаяў нерухома каля краю сеткі, пакуль дзядзька Марцін, трымаючыся за абруч з процілеглага боку, не заносіў як мага далей нагу і не «замельваў» ёю, паволі гонячы рыбу. Калі такі рух быў зроблены, таксама заносіў нагу і боўтаў Андрэй, каб рыба не заставалася пры беразе. Тады ўдвух падымалі сетку, прычым падымаць трэба было хутка. Так адбываўся першы зачын.
Раптам пры першым зачыне, калі паднялі сетку, з куля бухнуў здаравенны шчупак, высока падскочыў угору, апісаў у паветры дугу і вось-вось быў гатовы пляснуцца ў ваду! Дзядзька Марцін рвануўся, як тыгр, і падставіў сетку, каб падхапіць яго. Збегліся Якуб, вартаўнік Янка. І якая гэта была агульная радасць, калі шчупак фунтаў з пяць пачаў біцца ў кулі сеткі!
— Не, брат, дудкі! — урачыста прамовіў Марцін.
Удвух з Андрэем неслі яны сетку на бераг, трымаючы вусцем угору, і, толькі адышоўшыся далей ад вады, перавярнулі яе кулём на дол. Ладны шчупак, яшчэ, можа, большы, чым здалося адразу, доўга трапятаўся, падскокваў угору, пакуль не аслабеў.
— Ну і спрытняк вы, дзядзька Марцін! Каб не вы, плаваў бы шчупак у Нёмане! — у шчырым захапленні казаў Янка.
— Гэта, брат, рэдкі выпадак, проста пашанцавала,— заўважыў Марцін.— Але калі яму прызначана трапіць у гаршчок або на патэльню, дык тут ужо нічога не папішаш.— Дзядзька Марцін рэдка калі дазваляў сабе выхваляцца спрытам, хоць і быў чалавек дасціпны і спрытны. I ўсё ж пышны вус Марціна стаяў яшчэ доўгі час на пазіцыі шчаслівай усмешкі.
— Так, брат, і я зраблюся хутка рыбаком,— сказаў Янка.
Выпадак са шчупаком прынёс многа вясёлага ажыўлення. Дзядзька Марцін і Андрэй зараз жа зноў палезлі ў Нёман. Сонца яшчэ не зайшло, але яго вялізны чырвоны круг ужо апускаўся на паверхню зямлі. Завоіна ж была амаль уся наперадзе. Рыбакі яшчэ больш асцярожна пасоўваліся ўздоўж берага. Шапталіся, ставілі сетку і падымалі яе. Дзядзька Марцін ціха гаварыў Андрэю: