Выбрать главу

— Калі пачуеш, як у сетку таўхане што, дык хватай угору: гэта напэўна будзе шчупак.

Амаль у кожны заход траплялася сякая-такая дробная рыбка. Пападалася і ніштаватая. Трывогі рыбакам і наглядальнікам нагнаў язь. Праўда, ён быў фунты два, а лопату ў сетцы нарабіў фунтаў на чатыры. І тым не меней усе былі задаволены, тым болей што, апроч язя, у сетцы плюхаліся ніштаватыя ляшчы. Часта трапляліся плоткі, акуні, яльцы. Укаціўся ў сетку малавёрткі мянтуз і адзін дужа паважны і гультаяваты лінь. Ён ляжаў у сетцы так спакойна, што дзядзька Марцін спачатку не заўважыў і ледзь быў не выкінуў яго ў ваду.

Надыходзіў вечар, змяркалася. Трэба было вылазіць з вады, але Марцін, што б там ні стала, захацеў яшчэ раз паставіць сетку каля купінкі аеру. Прылаўчаліся доўга, асцярожна. Нарэшце дзядзька мяльнуў нагою. Патапталіся трохі. Марцін з вялікаю надзеяй падняў сетку. Рыбы не было, затое паважна сядзела дзябёлая зялёная жаба і са здзіўленнем пазірала на незнаёмую абстаноўку. Якуб так і паехаў са смеху.

— Злавілі плотку, што не лезе ў глотку! — рагатаў ён.

Дзядзька Марцін вытрас сетку, а потым выпаласкаў з яе розны бруд і твань на чыстай бягучай вадзе.

Рыбакі старанна вымыліся і палезлі на бераг адзявацца і падлічваць трафеі. Лоўля аказалася болей чым удачная. Дзядзьку ж Марціну прыйшла думка — буйнейшую рыбу занесці заўтра раненька або яшчэ лепей сягоння ў Панямонь. А заўтра якраз пятніца, вечарам заходзіць яўрэйскае свята — шабас. У такі час на рыбу надзвычайна вялікі попыт. Дзядзькаву думку падтрымалі. Дома рыбу перабралі. Драбнейшую пакінулі сабе, адборную ж Андрэй і Янка патарабанілі ў Панямонь. За парогам Янка сказаў:

— Плакаў, плакаў, а Бог быў аднакаў, пачаў танцаваць, пачало шанцаваць.

— Мы трапілі ў добры струмень,— згадзіўся Лабановіч.— А што прынясе заўтрашні дзень, няхай яно таксама будзе радасным.

— Добра на лузе ў час сенакосу,— прызнаўся Янка.

XXIX

Часамі, як кажуць, чалавек трапляе ў шчаслівы струмень, што так лагодненька носіць цябе па хвалях жыцця. І ты моцна жадаеш, каб гэты струмень як мага даўжэй калыхаў і песціў, гойдаў цябе, нідзе не страсянуўшы, не падкінуўшы на выбоіне. Але так бывае вельмі рэдка і вельмі нядоўга. Струмень твой раптам расплывецца, развеецца, як лёгкі ранішні туман, і ты застанешся пры тым жа старым, разбітым карыце.

Андрэй і Янка захапіліся рыбацтвам. Ім спачатку шчасціла. На рыбе яны трохі падмацаваліся. Янка гаварыў часамі:

— Чорт яе бяры, настаўніцкую службу! Перавяду стрэлкі на рыбацтва!

Янка нават марыў набыць другую таптуху, бо калі адною сеткаю яны ў сярэднім лавілі па дзесяць фунтаў, дык у дзве зловяць паўпуда.

Андрэй з гэтай прычыны сказаў Янку:

— Аднойчы ішоў я праз мост у Панямонь. Пад мостам ляжала старое рэчышча — нямнішча, заросшае лотаццю і рознаю травою. Там было мелка і гразка. У гэтай азярыне тапталася з брадніком чарада жанчын. Калі яны захоплівалі рыбу, дык шумелі, крычалі, лямантавалі. Адна ўжо немаладая панямонская кабета, трымаючы ў зубах і смокчучы, як суслу, ёмкую папяросу, з захапленнем казала: «Вось налаўлю рыбы і, далібог, куплю каня!» Дык ці не падобен і ты да той жанчыны?

— І нашто ж ты разбіваеш мае, можа, самыя лепшыя мары? Няўжо ж чалавек не мае права хоць у думках пабыць шчаслівым? — сказаў Янка.

— І тая жанчына была шчаслівая ў сваіх думках; а вось ці купіла яна каня за налоўленую рыбу, не ведаю. Напэўна — не.

Касьба, шчаслівая пара, тым часам скончылася. Дзядзька Марцін сказаў аднойчы Андрэю:

— Сёлета з сенам у нас, браце, скупавата. Прыйдзецца цялушачку прадаць. А шкада! Удалая цялушка.

Андрэй адказаў:

— Ведаеш, дзядзька, а што, калі ўзараць кавалак поплаву каля агарода, дзе капуста, ды засеяць аўсом з вікаю, прыцярушыўшы гноем.

Дзядзька Марцін задумаўся.

— А што ты думаў? — сказаў ён.

Думка гэтая яму спадабалася.

Назаўтра Андрэй з Янкам, прыйшоўшы з рыбы, убачылі завораны поплаў, старанна выбаранаваны і нават прыгладжаны валікам. Андрэй употайку насіў на засеяную мясціну попел і не шкадуючы рассяваў яго, пакуль не пабачыў, як густа і зелена ўсходзілі авёс і віка.

Яшчэ ў часе касавіцы да Лабановіча прыйшло пісьмо ад Райскага, сакратара неіснуючага настаўніцкага бюро. Ён у вялікім захапленні пісаў: «Ці ведаеш, старына, якая важная навіна? І хто б мог паверыць! Шмідт, рэдактар «Минского голоса», адвёў месца ў сваёй газеце для артыкула аб нашым няўдачным сходзе, бярэ нас пад абарону! Што ж гэта ў лесе здохла? Вось табе і Шмідт! Выходзіць, калі не родны, дык хросны бацька!»

Андрэй і Янка весела пасмейваліся, чытаючы гэтае пісьмо, але раскрываць тайну з’яўлення артыкула палічылі непатрэбным і нават шкодным. Яны напісалі Райскаму, шмат выказвалі радасці, надзей на шчаслівы канец і накідаліся на нікчэмства ўсяе чыноўніцкай тармасні вакол настаўніцкага сходу. І ўсё ж такі дадалі евангельскія словы, упэўненыя ў тым, што іх пісьмо чыноўніцкіх рук не міне: «Бойся Усявышняга і не гавары лішняга».