— У пэўныя хвіліны мы любім цешыць сябе ўсялякім глупствам,— адказаў Андрэй.
XXX
Непрыметна праходзіў час.
Амаль кожны дзень Андрэй праводзіў у полі, вязаў ячмень, авёс, памагаў дзядзьку Марціну звозіць збажыну і складаць у гумне. Кожную раніцу або ў іншы вольны час зазіраў ён і на ўзораны поплаў. Авёс і віка раслі так буйна, што люба было паглядзець. Нават людзі, праходзячы ўскрай Нёмана, зварочвалі з дарогі, каб палюбавацца, як пышна і дружна падымаецца рунь, і самі сабе ківалі галовамі.
— Вось табе і сіняпёс! А такога аўса з вікаю і ў панскіх дварах не знойдзеш.
— А гэта, кажуць, Андрэй дарадзіў Марціну пасеяць тут авёс з вікаю. І падгнаілі пасеў дый попелам папасыпалі,— не без зайздрасці гаварылі людзі з Мікуціч.— На ўсё ўмельства трэба і практыка,— дадавалі яны глыбакадумна.
Сам дзядзька Марцін сяды-тады наведваўся на паплавец. Калі ён пазіраў на гонкі рост свайго засеву, дык дзядзькаў твар свяціўся, як месяц у поўню, а пышны вус сам сабою ставіўся на пазіцыю задавалення.
Кожную раніцу на досвітку, калі пачалі расці баравікі, Андрэй, захапіўшы кош, бег у хвайнякі па грыбы. Для яго не было болей прыемнага занятку, як хадзіць па баравінах і шукаць баравікі. Нідзе не было іх так многа, як у мікуціцкіх баравінах. Ды што за баравікі! А якое чыстае і звонкае паветра ў летнюю раніцу! Гукнеш, дык здаецца, што хвойкі пераклікаюцца адна з другою і кожная падае свой голас. А якая радасць для сапраўднага грыбніка, калі насунешся на мнагалікую сям’ю рознага ўзросту чорных, з адценнем срэбранага налёту на маладых пругкіх шапках, ладных, ні з чым не параўнаных баравікоў! Усё тады забываеш на свеце, нават жандарскага ротмістра.
У Янкі не было ахвоты цягацца з кашом па хвайняках, ён слаба арыентаваўся ў лесе дый вочы меў блізарукія. А таму ён лічыў за лепшае паспаць або проста паляжаць на свежым пахучым сене, падумаць ды паразважаць. Калі ж Янка перабіраўся ў свет сваіх мар, сваіх запаветных думак, тады ён быў да ўсяго глухі і нямы. Аб чым ён толькі не думаў, не марыў! Але гэта было святая святых, аб гэтым ён нікому не расказваў, нават Андрэю. Дый расказваць было трудна: хіба можна выказаць у словах тыя няўлоўныя лятункі і пачуцці, што напаўнялі яго сэрца і розум? Янку здавалася, калі пачне ён пра ўсё гэта расказваць каму б там ні было, дык усе яго самыя яркія адчуванні зліняюць, і нічога ад іх не застанецца.
Адзін раз Андрэй, назбіраўшы поўны, пад самую ручку, кош дасканалых баравікоў, зайшоў па дарозе ў гумно праверыць — там Янка ці пацягнуўся куды. Прыяцель ляжаў на свежым пахучым сене.
— Янка, ты тут?
— Тут, браце,— азваўся Янка.
— Што ж ты качаешся, абібок ты! — па-прыяцельску папікнуў Андрэй.— Злазь, купацца пойдзем!
Янка борздзенька нацягнуў майткі і верхнюю кашулю, хадакі ўзяў у руку і спусціў на ток.
— Хоць бы ты пайшоў палавіў рыбы вудаю.
— Дай ты свет! — махнуў рукою Янка.— Тфу! Тфу! — плюнуў ён два разы.
— Што з табою здарылася? — запытаў Андрэй.
— Тфу! — плюнуў яшчэ раз Янка. Не відаць было, каб ён быў хворы. — Ведаеш, брат, такая прыснілася брыда, што і цяпер яшчэ праціўна ў роце.
— Што ж ты сніў?
— Сніў, браце, што хадзіў па лузе, збіраў горкі чэмер і еў.
Нельга было без смеху глядзець на Янкаву скрыўленую міну. Лабановіч аж клаўся са смеху, слухаючы прыгоды, што прысніліся яго прыяцелю.
— Можна сказаць, сон біблейскі.
Раздзеўшыся, Янка кінуўся ў Нёман, плыў, набіраў у рот ваду, паласкаў рот і адплёўваўся.
— Багаты будзеш, Янка, раз прысніў такі сон.
— Калі б гэта была праўда, дык я гатоў яшчэ прысніць яго,— жартаваў Янка. А потым павярнуўся да Андрэя і сказаў:— А можа, і сапраўды пабагацею... Ведаеш, мой дзядзька Сымон, настаўнік Якшыцкай школы, прыслаў пісьмо, каб я прыехаў да яго. Кажа, добры заработак ёсць.
— Вось бачыш: сон табе ў руку. А калі атрымаў ты пісьмо?
— Нядаўна Якуб прынёс, пераслалі з Мікуціч. Як ты мне раіш, ехаць ці не ехаць?
— А чаму ж не паехаць? Вазьмі толькі дазвол ад паліцыі.
Праз дзень Янка сабраўся ў дарогу, а яшчэ праз дзень маці, дзядзька Марцін, Якуб з сёстрамі праводзілі і Андрэя за вароты двара. Дзядзька хацеў завезці яго да станцыі на падводзе. Андрэй катэгарычна адмовіўся.
— Не ўсё яшчэ сабрана з поля, нашто марнаваць час?
Маці доўга стаяла каля весніц і глядзела ўслед. У яе сэрцы была крыўда: Янка паехаў у вёску да дзядзькі на нейкія заработкі. А чаго ж Андрэя цягнуць у Мінск? Не на добрае гэта. Яна стаяла, пакуль Андрэй не перайшоў Сярэднюю гару і не знік з вачэй.