Выбрать главу

Нярадасна было на сэрцы і ў Лабановіча. Па-першае, яму шкада было пакідаць дом і родных. Ён ведаў, як смуткуе па ім маці і ўсе блізкія. Па-другое, непакоіла таксама і думка, чаму толькі яго і Уладзіка з усёй настаўніцкай грамады выклікаюць да жандарскага ротмістра? Гэты неспакой яшчэ болей павялічыўся, калі Андрэй даведаўся на станцыі Стаўбуны ад аднаго знаёмага аб тым, што Уладзіка Сальвэсева пасадзілі ў бабруйскую турму. Арыштавалі нібыта за пашырэнне пракламацый і нелегальнай літаратуры. А якая ж прычына для таго, каб выклікаць яго, Лабановіча? Можа, супрацоўніцтва ў беларускай газеце?

Дарога трохі заспакоіла. Лабановіч спакваля звыкаўся і з самою думкаю аб допыце ў жандарскага ротмістра. Цешыла яго і тое, што дзядзька Марцін і сям’я не будуць сядзець галоднымі, бо з поля ўсё сабралі. Нават і цялушачкі не прыйдзецца прадаваць. З такімі думкамі ехаў Андрэй у Мінск.

На Падгорнай вуліцы тагачаснага Мінска было болей дзервяных дамоў, чым цагляных. Домік, у якім змяшчалася канцылярыя і кватэра жандарскага ротмістра, стаяў ў глыбі двара. Накрыты, прасторны ганак-веранда амаль губляўся ў густой зелені дзікага вінаграду. На сцяне, на відным месцы, была прыбіта пафарбаваная бляшаная дошка з выразным нумарам дома. Разглядаючыся, Андрэй ціха ўзышоў на абвіты зелянінай ганак. Збоку на сцяне, пры ўваходзе ў жандарскае котлішча, вісела на тоўстым дроце ручка званка. Лабановіч пастаяў трохі, паразважаў, зірнуў на гадзіннік. Была палавіна адзінаццатай, час, калі чыноўнікі сядзяць ужо за сваімі сталамі. Лабановіч пацягнуў за ручку і стаў прыслухоўвацца. Неўзабаве пачуліся павольныя цяжкія крокі. Дзверы адчыніў здаравенны жандарскі вахмістр. Ён акінуў Лабановіча пранізлівымі сярдзітымі вачамі і сурова запытаў:

— Вам што трэба?

Лабановіч моўчкі падаў яму выклік да ротмістра з такім выглядам, нібы і сам ён — важная асоба. Вахмістр узяў пакет, паглядзеў на яго, потым на Лабановіча і яшчэ болей сурова буркнуў:

— Заходзьце!

Ён правёў Лабановіча ў прыёмную, паказаў на жорсткую дзервяную канапу.

— Чакайце тут! — а сам падаўся кудысьці ў глыб дома.

«Відаць, спіць або снедае»,— падумаў Лабановіч. Але хвілін праз пяць здалёку пачуўся звон шпораў, і зараз жа ўвайшоў ротмістр. Не прывітаўшыся, ён адчыніў свой кабінет і, кіўнуўшы галавою ў бок дзвярэй, спакойна сказаў:

— Ступайце за мною!

Ротмістр пайшоў паперадзе, за ім Лабановіч, а вахмістр замыкаў працэсію.

Ротмістр сеў за стол у крэсла. Цяпер Лабановіч разгледзеў яго зблізку. Гэта быў чалавек сярэдняга росту, яшчэ малады, шыракаплечы, акуратна апрануты ў форму афіцэра царскай арміі. Твар у яго быў прыгожы і нават сімпатычны. У кожным руху заўважалася ваенная выпраўка. Ён паказаў Лабановічу рукою на крэсла каля стала, а сам адамкнуў скрынку, дастаў даволі ёмкую папку, дзе ляжалі розныя паперы і дакументы. Знайшоўшы рукапісны аркуш, ён палажыў яго перад Лабановічам.

— Тут запісана паказанне аднаго з вашых калег. Можаце азнаёміцца з ім.— Затым ротмістр дастаў са стала аркуш чыстай паперы.— Напішыце коратка аб вашым удзеле ў настаўніцкім сходзе, што гэта быў за сход? Пастарайцеся ўкласціся ў адну гадзіну. Зможаце?

— Пастараюся.

Ротмістр замкнуў стол і цвёрдаю, хуткаю хадою выйшаў з кабінета ў другія дзверы, завешаныя штораю.

Перш чым брацца за справу, Лабановіч узяў «паказанне аднаго з калег». Уладзік Сальвэсеў пісаў па тым плане, што быў выпрацаваны Лабановічам і Янкам.

Прыём і паводзіны ротмістра дужа здзівілі Андрэя. Жандарскі вахмістр таксама выйшаў з кабінета, і Андрэй застаўся зусім адзін. «Што гэта: хітрасць нейкая, пастка?» — пытаў самога сябе Лабановіч. «Напэўна, за мною сочаць з патайнога кутка. Трэба быць асцярожным».

Вызначаны тэрмін яшчэ далёка не сышоў, а сваё паказанне Андрэй напісаў, і напісаў акуратна. Пасля гэтага ён стаў разглядаць кабінет, не сыходзячы з месца. На пярэднім плане вісеў партрэт Мікалашкі Другога і яго царыцы. І болей нічога не было на сценах.

Заставалася ўжо мала часу да канца тэрміну. «Што ж далей будзе?» — гэта непакоіла Андрэя. Роўна праз гадзіну прыйшоў ротмістр. Відаць, ён падмацоўваўся — ад яго патыхала каньячком.

— Ну, што? — запытаў ён, сеўшы ў крэсла.

Лабановіч падаў аркуш моўчкі. «Чым меней гаварыць, тым лепей»,— зазначыў у думках Андрэй.

Ротмістр пільна прыглядаўся да напісанага. Здавалася, яго болей цікавіў почырк, чым змест.

— А прыгожы ў вас почырк,— сказаў ён.

— Настаўніку ўжо так паложана.

Ротмістр адамкнуў скрынку стала, узяў нейкі рукапісны аркуш, паўглядаўся, перавёў вочы на запіс Лабановіча, затым і на яго самога. Ротмістр пасміхнуўся і прамовіў:

— Я не прарок, а магу вам сказаць, што ваш почырк адыграе ролю ў вашым жыцці... Можаце быць свабодным.— І ротмістр кіўнуў галавою, даючы знак, што Лабановіч можа ісці.