XXXI
Апынуўшыся на вуліцы і пераканаўшыся, што ззаду жандараў не відаць, Лабановіч адчуў сябе так, як бы з яго плячэй зваліўся цяжкі камень і сам ён другі раз нарадзіўся на свет. Усе страхі, што варушыліся ў свядомасці, развеяліся і расплыліся, як хмары ў сухмень. Але на змену страхам прыйшло пытанне: чаму жандарскі ротмістр так уважна ўглядаўся ў характар рукі Лабановіча? Праўда, гэта магла быць проста выпадковасць, тым болей што ён і ад сяброў чуў пра свой прыгожы почырк. І ўсё ж на гэтае пытанне дакладнага адказу не знаходзілася. Але ўжо добра адно тое, што ён вольна ходзіць па вуліцы, зліваецца з людзьмі, што шнуруюць туды і сюды па тратуарах. Як бы добра было пагутарыць зараз з Янкам! Ды Янка далёка, жыве дзесь на рэчцы Беразіне ў дзядзькі.
Болей блізкага знаёмага, як Балоціч, у Андрэя тут не было. Хвілін праз дзесяць ён пераступіў парог чысценькай кватэры былога сябра.
— А, гэта ты, крамольнік! Ну, рады бачыць цябе.— Такімі словамі, аздобленымі жартам, сустрэў Балоціч Андрэя.— Сядай! — сказаў ён госцю.— А ці ж скора вас будуць судзіць?
Пытанне, як і ўсе паводзіны Балоціча, не спадабалася Андрэю. Не падабалася яму прылізанасць і кватэры, і самога гаспадара яе, і падкрэслены парадак ва ўсім.
— Пра суд нам стане ведама тады, калі ўручаць павесткі. Хіба, можа, ты што-небудзь чуў? Ты ж маеш доступ у «вышэйшыя сферы», а нам туды зачынены дзверы,— даволі суха адказаў Лабановіч.
— А ты ўжо і надзьмуўся! — заўважыў Балоціч.— У «вышэйшых сферах», як ты кажаш, я не бываю. Дый само разуменне «вышэйшыя сферы» неакрэсленае. А вось ад пісарчука аднаго — не ведаю, з якіх ён... «сфераў»,— я чуў, што ўся ваша справа, дарэчы сказаць, бязглуздая, пойдзе на скасаванне.
— Што ты кажаш?
— Тое, што ты чуеш.
— Каб справа пайшла на скасаванне, гэта было б вельмі добра. Але чаму ж мяне выклікалі да жандарскага ротмістра для дачы паказання? Вось толькі што вырваўся адтуль!
Балоціч ускінуў плячамі.
— А пра што ў цябе дапытвалі?
— Па сутнасці, і допыту ніякага не было. Сказаў жандарскі ротмістр напісаць, як праходзіў настаўніцкі сход і што там было. І нават дазволіў пацікавіцца, што паказвалі мае сябры, даў мне цэлую бібулу папер.
Лабановіч расказаў, як ротмістр хваліў характар пісьма паддопытнага.
— Што ж, можа, мяркуе ўзяць у справаводы цябе,— заўважыў Балоціч.
— Эх, брат Балоціч! Табе смешкі ды жарты. Каб ты быў на маім месцы, так лёгка я не паставіўся б да цябе. І скажы, чаму наш сход называеш ты бязглуздзіцаю?
— Ды вельмі проста, у ім няма ніякага сэнсу.
— Чаму?
Балоціч іранічна пасміхнуўся, а потым ужо сур’ёзна, нават злосна адказаў:
— Дзяржаўны лад мануліся разбурыць, цара скінуць і замест аднаго паставіць тысячы цароў у асобе розных камітэтаў, муніцыпалітэтаў, камун, сябрын... І гэта ваша народапраўства?! Моські вы, што брэшаце на слана!
Лабановіч паглядзеў на Балоціча, як бы не даючы веры, што перад ім былы таварыш. Стрымліваючы вострую ўспышку абурэння, ён спакойна і з адценнем суму сказаў:
— Эх, Косцік! Як моцна засеў у цябе князь Мяшчэрскі і ўся закваска чыноўніцка-папоўскай семінарыі! Як усё перамяшалася ў тваёй галаве!
— Не ведаю, у каго болей перамяшалася,— агрызнуўся Балоціч. Відаць, ён быў не ў гуморы.
— Не будзем спрачацца, у чыёй галаве большая мешаніна,— спакойна адказаў Андрэй,— але нашто гаварыць тое, чаго ты не ведаеш і не разумееш? Пэўна ж, лягчэй, зручней і выгадней спяваць: «Боже, царя храни», чым заступацца за абяздоленых, галодных людзей і мець за гэта штурхялі жандараў і паліцыі ды косыя погляды чарнасоценцаў усіх масцей.
— Даволі я наслухаўся ўсякіх агітатараў і начытаўся розных пракламацый, дык ты мне такіх песень не спявай,— перапыніў Андрэя Балоціч.
Лабановіч паглядзеў на яго, памаўчаў. А потым ціха прамовіў:
— Прабач! Песні ў нас розныя, і нашы дарогі скірованы ў процілеглыя канцы. Ды хто ведае? Жыццё не стаіць на адным месцы. Адно толькі магу сказаць: па дарозе князёў мяшчэрскіх, дубровіных і гамзеяў гамзеявічаў я не пайду!
— Гэта твая справа. Чалавек есць хлеб траякі: белы, чорны і ніякі.
Лабановіч усміхнуўся.
— Мне здаецца, што ты любіш больш за ўсё белы хлеб.
— Гэта ўжо мая справа. Табе ж вось што скажу: тая дарога, па якой ты ідзеш, завядзе цябе не туды, куды ты хочаш.
Лабановіч падняўся, каб пакінуць кватэру былога сябра: шмат разоў чуў ён такія гутаркі. На памяць прыйшоў пісар Дулеба, з якім вялася гэткая ж спрэчка.
— Вось ты ўжо і надзьмуўся як мыш на крупы,— пагадліва сказаў Балоціч.— Пасядзі, перакусім!