— Дзякую! Мне трэба ехаць дамоў, зараз адыходзіць поезд,— адмовіўся Андрэй ад пачастунку.
Балоціч недаўменна пазіраў на былога друга, але не ўпрошваў яго застацца. Ужо стоячы на парозе, Лабановіч дакорліва ўсміхнуўся і нечакана для самога сябе сказаў:
— Ніводзін цар не ездзіў каранавацца верхам на свінні. Бывай!
З гэтымі словамі, не падаўшы рукі, Андрэй выйшаў за дзверы. Балоціч, застаўшыся адзін, кіўнуў сам сабе галавою.
— З глузду з’ехаў, ці што? Ці розум за розум зайшоў?
XXXII
Андрэй ішоў на станцыю. У галаве праносіліся розныя думкі. І недарэчны допыт у кабінеце жандарскага ротмістра, і размова з Балоцічам, якая па сутнасці была сваркаю.
Балоціч жа ў гэты час сядзеў за рабочым столікам, абапёршы галаву на рукі. Ён думаў аб тым, што несправядліва пакрыўдзіў Андрэя... На памяць прыйшло адно здарэнне, Балоціч прыгадаў выпадак у сваім жыцці. На семінарскіх канікулах, калі Балоціч быў ужо на апошнім курсе, ён пазнаёміўся з дачкою чыгуначнага інжынера, якая канчала гімназію. Балоціч моцна пакахаў Валю, а Валя яго. Гэтае першае, чыстае, нясмелае каханне захапіла Балоціча. Яму цяжка было захаваць пачуццё ў глыбіні свайго сэрца. Трэба было знайсці такога друга, якому ён мог бы даверыць каханне і падзяліцца сваімі пачуццямі. І лепшага ахоўніка сардэчнай пячаці ён не мог знайсці, апроч Лабановіча. Цэлую ноч, прылёгшы на адзін ложак з Андрэем, расказваў Балоціч пра Валю, якая яна мілая, прыгожая і як кахае яго. А назаўтра ўдзень паказаў дзяўчыніну фатаграфію, чытаў яе пісьмы. Лабановіч свята ахоўваў даручаную яму юнацкую тайну і прыняў удзел у сардэчных справах сябра. Часамі яны разам складалі пісьмы да Валі, гаварылі аб ёй. Усё гэта зблізіла сяброў і парадзіла паміж імі шчырую дружбу. З год перапісваўся Балоціч з Валяй. І вось аднойчы прыслаў Лабановічу пісьмо, поўнае роспачы і сардэчнага смутку: Валя знайшла сабе болей выгаднага і знатнага жаніха і выйшла замуж. Лабановіч, як мог і як умеў, суцяшаў Балоціча і не асуджваў Валю. Што ёй за пара бедны, малавядомы вясковы настаўнік?
Усё гэта зараз прыгадваў Балоціч. Яго давераная асоба свята ахоўвала тайну друга і ніколі нічым не абражала яе. Але ўсё адышло ўжо ў прошласць і забылася, як першая веснавая навальніца...
Лабановіч таксама адчуў і зразумеў, што Балоціч быў выпадковаю з’яваю ў жыцці, прыяцелем да пары. Дзяўчына адышла. Балоціч падаўся на іншую дарогу. І зараз дарогі іх скіраваны ў процілеглыя бакі. Дык не было падставы гараваць па страце друга, друга да першай крутой павароткі.
У Стаўбунах Лабановіч сышоў з поезда. Ён забег на пошту, апусціў у скрынку пісьмо да Янкі, падрыхтаванае ў дарозе. Андрэй паведамляў аб тым, як лёгка адрабіўся ён у жандарскага ротмістра. Не забыўся і пра тое, што найбольш цікавіла ротмістра ў паказаннях і што гэта з’яўляецца для Андрэя неразгаданаю загадкаю. На пошце было пісьмо і ад Янкі.
«Дарагі мой беспрытульны вандроўнік Андрэй! Кожную часіну думаю аб табе, малюся ветру, сонцу і хмарам, каб яны адганялі ад цябе напасці, якімі ўсеяны нашы дарогі. Сам жа я жыву, як вол на бровары: ёсць што есці і ёсць што піць. Маю сякія-такія заработкі. Коцяцца да мяне рублікі, а часамі траячкі і пяцёркі. Школа майго дзядзькі Сымона стаіць непадалёку ад Бярозы ў сяле Якшыцы. Слаўная гэта рэчка, хоць, можа, і не такая прыгожая, як наш Нёман. Каля берагоў трапляюцца цэлыя зараснікі розных лапухоў, вадзяной травы. А ў траве так і шворацца акуні, язі, голаватні. Шкада, што няма тут цябе: мы раздабылі б таптуху і налавілі б процьму рыбы. Я ж без цябе сам, як рыба, выкінутая на пясок,— ні чорту качарга ні богу свечка. Пішы мне, як і што з табою. Падмацуй маю душу крылатым словам. Свайму ж дзядзьку я не пара. Ён усё працуе, скардзіцца, сам сухі, нагадвае тарана, што нашы бацькі купляюць на Каляды для поснай верашчакі. Абнімаю цябе, цалую. Твой Янка».
Андрэй некалькі разоў прачытаў пісьмо. Хацелася адказаць адразу ж, ды лепш пачакаць: няхай прыйдзе адказ на тое, што паслаў ён, прыехаўшы ў Стаўбуны з Мінска.
Дні праз тры Андрэй, пакуль што вольны ў сваіх учынках і паводзінах, пайшоў на пошту ў надзеі атрымаць вестку ад Янкі. I сапраўды, пісьмо прыйшло. Як толькі Андрэй апынуўся адзін, ён распячатаў канверт. Янка пісаў:
«Друг мой сардэчны, таракан запечны! Ты — і радасць мая, ты — і смутак мой. Тое, што ты паведаміў, мяне трохі занепакоіла. Пісаць табе пра гэта няма патрэбы, бо тое, што легла табе на сэрца, ляжыць каменем і на маім. Я доўга не спаў — усё думаў ды гадаў. Нарэшце стрэліла ў галаву... Ці памятаеш ты, як аднойчы прыйшоў я ў тваю «школу»? Тады ж я сказаў адзін «афарызм»: «Смерць ёсць пачатак новага жыцця». Можа, я не зусім літаральна паўтараю яго, але сэнс такі. Нам чамусь не давялося пагутарыць пра гэта: ці афарызм быў няўдалы, ці нас адцягнулі іншыя думкі. Скажу проста, прыгадай нашу «скарбонку» і пакланіся карчу: ён скажа тое, што я табе сказаць хачу. Будзем простыя і лагодныя, як галубы, і мудрыя, як змеі, ды пальца нам у рот не кладзі. Ёсць мова, зразумелая для ўсіх, і ёсць мова, даступная для нямногіх...»