З Андрэевых вачэй нібы апала заслона: ён успомніў, як Янка прыносіў адозву ад невядомай групы настаўнікаў: яна пачыналася словамі: «Таварышы настаўнікі!» Аб гэтай адозве была ў сяброў грунтоўная гутарка. І нарэшце яе занеслі ў патайную скрынку пад выварат. Цяпер Лабановічу стала зразумела, чаму жандарскі ротмістр так пільна ўзіраўся ў почырк яго паказання і параўноўваў, звяраў потайкам з нейкім рукапісным лістком! Гэта ж і была тая настаўніцкая адозва, адзін экземпляр якой схавалі сябры. А значыць — на Лабановіча падае падазрэнне, што адозву напісаў ён!
Мінуўшы возера і млын, Андрэй раптам спыніўся: прыйшла новая думка — збочыць з дарогі і наведацца ў Смалярню. Перад вачамі паўстаў выварат, «скарбонка» і адозва ў асмаленай скрынцы. Гэта адозва набывала зараз для Лабановіча зусім іншы сэнс, хацелася самому паглядзець на яе з новага пункту гледжання і параўнаць той почырк са сваім. Ці ёсць жа падабенства?
Каб не сустракацца з людзьмі, Лабановіч ішоў хмызнякамі і зараснікамі, трымаючы кірунак на Смалярню. Нарэшце ён апынуўся ў Цёмных Лядах, абмінуў леснікову хату,— з братам зараз яму не хацелася сустракацца. Смалярня і пануры лес вакол яе выглядалі зараз яшчэ болей непрыветна, чым зімою, калі белае адзенне крыху аздабляла і весяліла гэтыя ціхія ваколіцы.
Ні сцежкі, ні нават следу, які б вёў пад запаветны выварат, тут не было, але Андрэй меў добрую зрокавую памяць і неўзабаве апынуўся на месцы. І гэты корч набыў цяпер новае значэнне: гэта быў не проста выварат, а як быццам лорд-ахоўнік дзяржаўнай пячаткі, як гэта заведзена ў Англіі.
Лабановіч прыпыніўся. Ён зараз жа знайшоў канцы, за якія трэба ўзяцца, каб дабрацца да «скарбонкі». Яна стаяла ўсё ў тым жа месцы, як і паўгода назад. Андрэй выцягнуў яе з-пад выварата і мімаволі падаўся назад: на «скарбонцы» сядзела пухлая, агідная, на кароценькіх лапках, уся ў бародаўках, жаўтавата-шэрая жаба-рапуха!
— Ну ты, цётка, злазь адгэтуль! — сказаў Лабановіч, нахіліў «скарбонку» і строс жабу на зямлю. На вечка скрынкі няўзнакі нацярушыўся пясок і рознае смецце. У самой «скарбонцы» нічога не папсавалася, хоць трохі і паліняла ад часу. Тоненькія брашуркі і пракламацыі захаваліся добра. Сярод іх была і патрэбная адозва — самае важнае, што зараз найболей цікавіла Андрэя. Ён борздзенька акінуў яе вачамі. З першага погляду здавалася, што між характарам рукі, пісаўшай адозву, і почыркам Лабановіча небяспечнае падабенства нібы і было. Ён згарнуў адозву ў чатыры часткі, схаваў у кішэню, каб потым грунтоўна заняцца параўнаннем і зверкаю почыркаў.
Усё астатняе, што хавалася ў «скарбонцы», і сама скрынка цяпер былі ўжо непатрэбны. Лабановіч павыбіраў лісткі і брашуркі і падлажыў пад іх запалку. Папера загарэлася. Андрэй патрос яе ражончыкам, каб, апроч чорнага попелу, нічога не засталося. Непаваротная жаба смешна заварушыла кароценькімі лапкамі, уцякаючы далей ад агню. «Скарбонку» Андрэй не паліў, каб не нарабіць шмат дыму, а паламаў яе на шматочкі і параскідаў па лесе. Ён апошні раз паглядзеў на выварат, нібы для таго, каб развітацца з ім назаўсёды, а сам падаўся ў свой бок.
Не адзін раз, зашыўшыся ў патайны куточак, разглядаў Андрэй кожны радок і кожную літару адозвы. У выніку такіх разглядаў ён неаднойчы казаў сам сабе:
— Ну, дзе ж тут падабенства? Якому дурню магла ўзбрысці ў мазгаўню такая думка?
Але Лабановіч быў яшчэ маласпрактыкаваны і дасведчаны ў жыцці чалавек. Ды ўсё ж на памяць прыходзілі гутаркі старых людзей. Яны расказвалі, як адна рэч ператваралася часамі ў другую, белае рабілася чорным. Нарэшце Лабановіч махнуў рукою: няма чаго гадаць ды забягаць наперад. Можа, гэта адны толькі страхі. У выніку такіх разважанняў Андрэй сеў за стол пісаць Янку.
«Дзе ты, мілы, белабрысы? Дзе ты, адгукніся!» — Андрэй пачаў пісьмо словамі песні, як некалі ў Цельшыне.— «Слухай, дружа: я пакланіўся карчу, і ён даў мне тое, чаго мы не шукалі. Ды не мы шукаем бяду, а бяда шукае нас. Так было, напрыклад, з адным чалавекам, што прадаваў смятану. Да яго падышоў акалодачны. «Што продаеш?» — «Смятану». Акалодачны памачыў палец у смятану і аблізаў яго. «Што ж ты брэшаш? — накінуўся ён на чалавека.— Гэта не смятана, а маслянка!» У акалодачнага знайшліся сведкі, якія таксама паказалі, што чалавек прадае маслянку. Патаргаваўшыся яшчэ трохі, акалодачны паказаў рукою на паліцыю і сказаў: «Калі ты будзеш стаяць на сваім, дык завяду ў акалодак!» І чалавек мусіў згадзіцца, што ён сапраўды прадае голую маслянку, і з гэтай прычыны смятана была канфіскавана. Усё гэта я кажу, каб ты ведаў, што ў пэўных выпадках адны рэчы пераходзяць у другія. Можна, скажам, давесці, што Пятрусь Маргун падобен з твару да архангела Міхаіла, што я — не я і хата не мая. Дык шкада, браце, што ты на Бярозе, а не тут са мною. Будзем жыць надзеяй, што сустрэнемся і станцуем танец «зялёнага асла».