Выбрать главу

Бывай здаровы!

Р. S. Пад вываратам засталася адна шурпатая жаба-рапуха! «Скарбонка» растрасла свае костачкі па лесе.

Твой Андрэй».

XXXIII

У чалавека ёсць два жыцці: адно жыццё творыць ён сам, а другое не залежыць ад яго і часта выходзіць за межы яго волі. Другімі словамі сказаць: у чалавека ёсць жыццё яўнае і ёсць жыццё прыхованае, калі за цябе стараюцца пабочныя людзі, пераважна начальства. Так адчуваў Лабановіч, але замацаваць сваё адчуванне ў пэўнай форме не здолеў. Ён толькі ведаў, што вакол яго нешта накручваецца, як ніткі на верацяне, каб потым з верацяна перайсці ў клубок, а з клубка ў аснову кросен. І кросны звычайна вянчаюць канец, і гэты канец — нешта накшталт чацвёртага акта драмы або камедыі.

У сярэдзіне лета тысяча дзевяцьсот восьмага года ў мясцовых газетах было надрукована паведамленне, цікавае не для аднаго толькі Лабановіча, а і для цэлага рада яго таварышаў:

«Адміністрацыйна-распарадчае пасяджэнне выязной сесіі Віленскай судовай палаты пастанавіла:

1. Справу аб настаўніцкім сходзе ў сяле Мікуцічы спыніць і скасаваць.

2. Настаўнікі, падпісаўшыя так званы пратакол,— у пастанове яны пералічаліся — вызваляюцца ад суда і следства. Яны маюць права заняць настаўніцкія пасады па ўзгадненню з дырэкцыяй народных вучылішчаў Мінскай губерні.

3. Што ж датычыць Лявоніка Уладзімера Сальвэсева, Лабановіча Андрэя Пятрова і Тургая Сымона Якубава, дык памянёных вышэй асоб прыцягнуць да судовай адказнасці па 126 арт. крымінальнага кодэкса».

Паведамленне глыбока ўсхвалявала Андрэя. Па-першае, ён адчуваў маральнае задаваленне: яго артыкул, змешчаны ў «Минском голосе», бясспрэчна, зрабіў пералом у іх настаўніцкай справе. Па-другое, адчуваўся і нейкі лагодны смутак: таварышам памог, а сам застаўся перад невядомаю і, быць можа, трагічнаю павароткаю ў жыцці.

Што ж магло быць прычынаю таго, што Лабановіча ставяць перад судом ды яшчэ па такім артыкуле, які прадугледжвае пакаранне катаргаю за звяржэнне дзяржаўнага ладу? Абвінаваўчага акта Андрэю яшчэ не ўручылі. Заставалася думаць і пераконвацца ў тым, што адозва «Таварышы настаўнікі!» ёсць асноўная таму прычына. Лабановічу прыгадаліся словы жандарскага ротмістра: «Ваш почырк адыграе ролю ў вашым жыцці».

Андрэй чакаў далейшага развіцця падзей. Дзіўным і незразумелым здавалася тое, што ў справу быў замешан нейкі Тургай. Андрэй ніколі не чуў пра яго і ніколі не бачыў у вочы. Як жа так магло стацца, каб у адну цялежку ўпрэглі такую тройку? Уладзіка арыштавалі і пасадзілі да суда ў бабруйскі астрог за пашырэнне пракламацый, забароненай літаратуры і за агітацыю супроць існуючага самадзяржаўнага ладу. Тургая, як неўзабаве даведаўся Лабановіч, злавілі ў Карэлічах на пошце і загналі ў навагрудскі астрог. Апроч усёй іншай «крамольнай» дзейнасці, Тургаю ставілі ў віну і агітацыю сярод вяскоўцаў, каб яны не хадзілі на работу ў панскія двары, бо ўсе маёнткі павінны належаць народу... Шмат было няяснага ў той павуціне, якую выткалі для іх трох царскія юрысты-павукі.

У чаканні падзей і таго ці іншага канца іх Андрэй жыў у сваіх родных на Нёмане. Адлучацца куды-небудзь з дому было зараз нязручна. Ён толькі хадзіў збіраць грыбы, а іх было многа. У лесе было так ціха і нішто не замінала думаць думкі, ствараць у галаве такія малюнкі, ад якіх рабілася весялей, але якія рэдка калі ажыццяўляюцца. Кожны дзень чакаў ён і пісем ад сваіх былых сяброў... Але яны маўчалі. Нават Янка, такі ўжо шчыры, адданы друг, і той не падаваў голасу. Хіба гэта не крыўдна? Не, крыўдзіцца няма чаго! Былыя сябры і самы блізкі з іх, Янка, зараз думаюць, як замацавацца ў якой-небудзь школе — восень не за гарамі. Дык што ім ён, Андрэй! Яны цяпер чыстыя, палітычна надзейныя. Дык навошта мець зносіны з крамольнікам, якога наперадзе чакае суд? Андрэй адчуў вялікую адзіноту, але не паддаваўся паныламу настрою. Проста было крыху смутна на сэрцы.

У гэту ноч Андрэю не спалася. Вільготная зямля і начная цішыня даносілі разнастайныя гукі неўгамоннага жыцця. Вось па дарозе мякка прашумелі ў пяску колы сялянскай цялежкі. Хтось, запазніўшыся, павольна ехаў у свой двор, у свой дом. За Нёманам мілагучна свіснула нейкая таксама бяссонная птушка. З нізінкі па гэты бок Нёмана заложна, несціхана, аднатонна кракталі жабы. І гэтае крактанне злівалася ў адну аднастайную і нібы засмучоную песню жальбы... Як усё гэта блізка, знаёма з самага дзяцінства!