Выбрать главу

Заснуў ён толькі пад раніцу, калі сонца ледзь-ледзь прабівалася скрозь бліскучыя акенечкі недалёкага лесу. Першыя ж праменні сонца, завітаўшыя ў гумно, дзе звычайна праводзіў ноч Андрэй, пабудзілі яго. Заснуць болей ужо не мог, а варочацца з боку на бок не хацелася. Лепей даўжэй пабыць на прасторнай зямлі, дзе, аднак, людзям цесна пад ясным небам, якое таксама засцілаецца хмарамі і шуміць грознымі навальніцамі. Ці не будзе і сягоння навальніцы? Андрэй заўважыў, што перад навальнічнымі дажджамі яго наведвае бяссонне. Ды ён любіў навальніцы: няхай лепш недаспіцца, абы толькі была гучная навальніца. Ён падняўся са свае пахучай пасцелі на мяккім сене, борздзенька адзеўся і падаўся на Нёман, каб у свежай, чыстай, празрыстай вадзе сагнаць сляды стомленасці пасля маласоннай начы. І сапраўды, пасля купання Андрэю стала лёгка: цела нібы налілося новаю сілаю, і мускулы сталі пругкімі. Адзеўшыся, Андрэй прысеў на бераг. У добрае надвор’е ён любіў пабыць тут. Размераная плынь нёманскай вады заспакойвала, навявала такія лагодныя мары. Над зямлёю распасцёрся ясны купал бяздоннага неба. Толькі крыху лявей Мікуціч, на паўднёвым захадзе, паказалася тонкая даўгаватая хмарка, нібы нейкі мастак, збіраючыся напісаць малюнак, правёў упэўнена і смела першую цёмную палоску. На палосцы пачалі вынікаць вычварныя, белыя клубочкі, як гарохавінкі, вежы, розныя завітушкі. Яны то раслі, то раставалі, і на месцы растаўшых з’яўляліся новыя, яшчэ болей вычварныя.

Лабановіч сядзеў і любаваўся. Са сваіх назіранняў ён ведаў, што такія хмаркі з’яўляюцца на небе перад навальніцаю. У хуткім часе палоска знікла. Сонца паднялося вышэй. Дыхнуў вецярок, густы, цёплы. «Паўднёва-заходні, дажджавы»,— падумаў Лабановіч. Ён пайшоў у хату. Маці паставіла на стол снеданне.

— Ячмень ляжыць на просце нязвязаны. Ужо і высах. Каб часамі дождж не пайшоў — нешта прыпарвае,— сказала мімаходзь яна.

Андрэй успомніў, што дзядзька з Якубам паехалі раніцаю на Сямёнаўкі — там засталося з паўвоза сена.

Паснедаўшы, Андрэй узяў пару ёмкіх скруткаў перавясел, загатаваных загадзя, і пайшоў вязаць ячмень, скошаны на процілеглым канцы той палоскі зямлі, на якой стаяла іх сядзіба, непадалёку ад хвойніку. Гадзіны праз паўтары ячмень быў павязаны ў снапы. Андрэй акуратна паклаў іх у капу, на ўсякі выпадак умацаваў жэрдкамі, каб не разбурыў яе вецер у часе навальніцы. Наверх палажыў рэшту перавясел, а на іх — сноп-шапку, распраўлены накшталт парасона. Але гэта работа была лішняя: з двара выязджалі драбіны — дзядзька Марцін прывёз сена, а зараз ехаў разам з Якубам забіраць ячмень. Андрэй памог накласці воз, а сам пашыбаваў на Сярэднюю гару, якую любіў з самых юнацкіх дзён. Там было ціха, спакойна, утульна. Адзін схіл гары быў пакрыты жоўтым глыбокім пяском, сям-там пракідаліся чэзлыя кусцікі ялоўцу, убогія купінкі чабору і астраўкі белага баравога моху. Больш за ўсё падабалася Андрэю гара за тое, што з самага высокага пункта яе разгортваўся прыгожы краявід. Асабліва цікава было зірнуць у бок гасцінца, што ішоў праз Панямонь на Нясвіж. У полі каля гасцінца стаяла і тая чароўная хвоя, непадалёку ад якой, незадоўга да паездкі ў Вільню, праходзілі Андрэй з Янкам. Яна вельмі выразна ўзнімала з-за грэбеня занямонскіх узгоркаў кучаравую шапку-вяршаліну і дзве магутныя галіны, сіметрычна размешчаныя па абодва бакі. Здавалася, што гэта нейкая казачная жанчына ўвайшла па грудзі ў глыбокую рэчку, развёўшы ў бакі рукі, і вось-вось апусціцца ў ваду і паплыве.

Тым часам з паўднёвага захаду падымалася злавесная хмара. Яна ўсё шырэй і шчыльней засцілала неба. З-за Нёмана даносілася глухое гурчанне далёкага грому. Лабановіч падаўся дахаты. Навальніца набліжалася. Раптам рвануўся вецер і перайшоў у такую буру, што зямля закурылася пылам. Кусты прыпадалі да самага долу. Агнявымі стрэламі ўспыхвалі маланкі. І лінуў такі дождж, што вада праз сцены зацякала ў хату. Хата дрыжала пад націскам ветру, і здавалася, вось-вось перакуліцца. Бура выкаціла з-пад страхі неакованае дзервяное кола, нейкім чынам паставіла яго на вобад і пакаціла ў поле. Калі навальніца адспявала сваю грозную песню і паплыла далей, Андрэй выйшаў паглядзець на сляды, што яна пакінула. Двор увесь быў заліты дажджом. У лужынах плавала салома, вырваная са стрэх. Кола далёка адкацілася ад двара і, трапіўшы ў разору, бездапаможна ляжала на баку. Падымаючы яго з мокрай зямлі, Андрэй азірнуўся навокал, каб ніхто нават не падслухаў думкі, і сказаў сабе самому: