Выбрать главу

— Ці не пагоніць у поле, як і гэтае кола, мяне варожая сіла?

XXXIV

Лабановіч ішоў з лесу і нёс кошык баравікоў. Не даходзячы з паўвярсты да хаты, ён пачуў за сабою мяккі грукат калёс. Андрэй азірнуўся. У лёгкай, даволі зухаўской брычцы ехаў ураднік Ставоліч. Сумнення не было: гэты госць ехаў да яго, Лабановіча. Ён сышоў крыху з дарогі і спыніўся. Параўняўшыся, ураднік спыніў каня.

— Дзень добры! — прывітаў ён Лабановіча.— Сядайце, падвязу, хоць, праўда, тут і недалёка.

— Вы, пэўна, з нейкім паведамленнем да мяне? — запытаў Лабановіч, сеўшы ў брычку.

— Угадалі: ёсць такая справа,— адказаў ураднік і змоўк. Маўчаў таксама і Лабановіч: да хаты зусім блізка, там усё стане вядома. Выказваць жа нецярплівасць перад ураднікам ён не хацеў.

Заехаць у двор ураднік адмовіўся: не меў часу. Ён спыніў каня каля частаколу, закінуў лейцы на шула, узяў партфель і разам з Лабановічам пайшоў у хату. Андрэя вельмі кранулі паводзіны Якуба: ён збегаў у гумно і прынёс жмак лепшага сена для ўраднікавага каня. Гэтым, відаць, хлопец думаў паддабрыць урадніка, нібы ад яго залежала даць Андрэю палёгку. Занепакоена была і маці: яна ведала, што такія наведванні нічога добрага не прыносяць.

У хаце ўраднік зняў шапку, што крыху здзівіла Андрэя, і сеў за стол. Не спяшаючыся расчыніў партфель і выняў з яго паперку.

— Вось распішыцеся ў атрыманні,— сказаў ураднік, разгарнуўшы разлінованы журнал.

Лабановіч зірнуў на паперку: гэта была позва да Віленскай судовай палаты з’явіцца на суд пятнаццатага верасня тысяча дзевяцьсот восьмага года аб адзінаццатай гадзіне дня. У позве было прыпісана папярэджанне, што ў выпадку няяўкі ў паказаны час падсудны будзе арыштаваны і дастаўлены ў суд пад канвоем. Лабановіч распісаўся і ўзяў павестку. Прачытаўшы яе яшчэ раз, ён прамовіў, ні да каго не зварачаючыся:

— Каціся, маё кола, пакуль коцішся!

Ураднік не зразумеў, на што ківае Лабановіч, дый для самога Андрэя сказ гэты быў не зусім выразны, хоць у ім быў нейкі сэнс. Відаць, тое кола, што нядаўна выкаціла бура з двара ў поле, навяло на такое выказванне.

— Ведаеце што? — сказаў ураднік.— Давайце паедзем у Панямонь. Чаго вам заставацца тут аднаму? Праветрыцца трэба.

Андрэй здзівіўся: ураднік яму спачувае і хоча адвесці ад сумных думак... Вось табе і ўраднік, паліцэйскі чын! А можа, тут якія хітрыкі? Лабановіч падзякаваў.

— Баюся, што затрымаю вас; я не снедаў яшчэ,— адмаўляўся ён.

— Якая ж гэта затрымка, снеданне! Можаце пацярпець з паўгадзіны! А за гэты час мы будзем на хутарку — там і паснедаем. Паедзем?

І сапраўды: чаму ж не паехаць?

Яны селі ў брычку, праехалі Мікуцічы, адтуль цераз Нёман, уброд, выбраліся на дарогу, праехаўшы паўз Нейгертава, дзе жыў Янка Тукала. Андрэю стала сумна, і ён падумаў: «Эх, Янка! Ці гадаў ты, што я паеду з ураднікам каля твае хаты і не зайду ў яе? Але цябе тут няма, і ты маўчыш, не прамовіш мне ніводнага слова! Няўжо ж ты памёр для мяне?»

Думкі перабіў ураднік.

— У чым жа вас абвінавачваюць? — запытаў ён.— За што судзяць? Чаму ўсіх вызвалілі з-пад суда, а вас не?

Лабановіч усміхнуўся і сказаў:

— У народнай казцы расказваецца так. Ішоў кот лесам, сустрэў яго воўк. «Куды ідзеш, кот?» — «Іду судзіцца».— «А ў чым твая крыўда?» — пытае воўк. «Як жа не крыўда,— адказвае кот,— нашкодзіць кошка, а віну ўскладаюць на ката». Дык вось так і са мною: хтось напісаў адозву да настаўнікаў, а мяне за яе судзіць будуць.

— Як жа гэта так? — здзівіўся ўраднік.

Лабановіч растлумачыў, як стаіць справа і чаму так выйшла.

Ураднік слухаў, верыў і не верыў, а потым азваўся:

— Калі не вы пісалі, дык за што судзіць вас? Хіба тут, можа, яшчэ што замешана?

— Вось гэтага не ведаю, а калі замешана, дык не па маёй віне і не з майго боку,— адказаў Лабановіч і падумаў: «А ўрэшце чорт яго ведае: можа, падгледзелі, як я з Янкам прыбіваў да крыжа пракламацыю? Не, тады і Янку ўзялі б на цугундзер».

Тым часам з-за ўзгорка выплыў хутарок, сядзіба дробнага арандатара. Сюды і павярнуў каня ўраднік. Пры ўездзе ў двор стаяла высокая брама, над архітэктураю якой, відаць, ламалі галовы мясцовыя архітэктары, а можа, і сам гаспадар. Брама складалася з двух дзябёлых дубовых слупоў, роўных, старанна выгаблеваных, на якія была паложана таксама дубовая шапка. Адступіўшы з аднаго і другога боку шапкі на аршын, на ёй прымацавалі яшчэ чатыры бярвенцы: кожнае вышэйшае сіметрычна ўкарочвалася і было з канцоў счэсана наўскасяк. У верхняе, самае кароценькае бярвенца быў упушчаны стаячок, завостраны ўгары, як іголка.