— Вось выштукаваў сабе браму Язэп Глынскі,— прамовіў ураднік, спыняючы каня.
Андрэй выскачыў з брычкі, праз веснічкі ўвайшоў у двор, каб адчыніць вароты, але ў гэты час выйшаў з хаты сам гаспадар, лысы, сярэдніх гадоў чалавек, у расшпіленай камізэльцы. Глынскі быў шляхціц і хоць чым-небудзь імкнуўся адрознівацца ад простага мужыка.
— Калі ласка! Калі ласка! — борздзенька гаварыў Глынскі, расчыніўшы вароты. Калі брычка спынілася, ён падбег да ўрадніка і патрос яго руку абедзвюма рукамі.
— Дзень добры! Дзень добры! А як жа вы ў часе заехалі! Якраз на полудзень!.. Пойдзем жа ў хату!
Лабановіча ён не заўважаў, хоць і ведаў яго, і рукі не падаў. Глынскі не любіў Лабановіча за тое, што той «забастоўшчык» і гатовы адбіраць зямлю ад паноў і арандатараў. А такія людзі — лайдакі, па думцы Глынскага. Лабановіч адстаў ад арандатара і ад урадніка і ўжо меркаваў, дзе б яму схавацца. Але якраз ураднік азірнуўся і падаў голас:
— А вы што ж, Андрэй Пятровіч? Хадзем у хату!
Тады ўжо і гаспадар змяніў свае паводзіны ў дачыненні да «забастоўшчыка». Ён падбег да Андрэя, узяў яго пад руку і павёў да дзвярэй.
— Калі ласка! Калі ласка, заходзьце! Колісь мы з вашым нябожчыкам бацькам былі добрыя знаёмыя.
Глынскі павёў гасцей у чыстую палавіну. Там стаяла многа вазонаў, кветак, дужа пашыраных у сялянскім абыходку. У хаце была прохладзь, стаяў своеасаблівы пах і наогул чыстае паветра. Паміж фікусаў утульна прымайстраваўся стол, засланы белым абрусам.
Глынскі папрасіў гасцей садзіцца, а сам адамкнуў буфецік і дастаў ёмкую бутлю вішнёвай настойкі на чыстым спірытусе. Потым, папрасіўшы прабачэння, адлучыўся ў другую палавіну хаты. Вярнуўся ён разам з гаспадыняй, яшчэ маладой і дужа прывабнай кабетай. Яна хораша прывіталася з гасцямі, рассыпаючы самыя прыязныя ўсмешкі. У дзверы ўсунулі галовы сын і дачка гаспадароў. Лабановіч толькі на кароткі момант мог заўважыць, што дачка падобна да маткі, а сын да бацькі. А Глынскі зараз жа загадаў ім пайсці ў сад, дзе было многа вішань, і назбіраць каробку для «пана ўрадніка».
Тым часам на стале з’явіліся відэльцы, нажы і талеркі і следам паплылі сакаўныя вэнджаныя кілбасы, цэлая талерка па-мастацку нарэзаных скрылікаў паляндвіцы, чырвоных, як пялёсткі вяргіні, сыр свежы, запраўлены смятанай і чорненькімі кропкамі кмену, і сыр, крыху падсушаны. Адным словам, багаты пачастунак.
Ураднік, уважлівы, далікатны кавалер, звярнуўся да прыгожай гаспадыні, пані Анэлі:
— Сядайце, пані, за стол: без вас не будзе парадку.
Гаспадар наліў ёмкія чаркі настойкі і сказаў цэлы тост. А гаспадыня пераводзіла вочы то з мужа на ўрадніка, то наадварот. Лабановіча абмінала. Глынскі казаў:
— Вып’ем за дарагога нашага госця, Герасіма Паўлавіча. Няхай Бог паможа яму лавіць злодзеяў, канакрадаў і ўсякіх забастоўшчыкаў, што становяцца ўпоперак дарогі начальству.
— Добра сказалі, пане Юзаф,— пахваліў Андрэй,— толькі б трэба было дадаць і «казнакрадаў».
— Гэта само сабою разумеецца,— азваўся гаспадар.
Вылучыўшы зручную хвіліну, Андрэй падзякаваў, папрасіў прабачэння і выйшаў з-за стала.
— Пане Лабановіч,— сказаў Язэп Глынскі,— прашу вас зайсці ў мой садок ды пашчыпаць вішань, колькі выстарчае вашай душы.
Такіх спелых, буйных вішань Лабановіч ніколі ў жыцці не бачыў.
Калі банкет скончыўся і брычка выехала з хутара, ураднік запытаў Лабановіча:
— Не каецеся, што паехалі са мною?
— Не, не каюся! Наадварот, вельмі дзякую.
Брычка ўзяла кірунак на Панямонь.
XXXV
Не так ужо далёкі суд змусіў Лабановіча паехаць у Мінск. Ён прыгадаў адваката Семіпалава, да якога накіроўвалі яго ў свой час рэдактары Уласюк і Стафан Ліскоўскі.
Семіпалаў якраз быў дома. Гэта быў яшчэ малады чалавек, ён толькі што рабіў сваю адвакацкую кар’еру. Адвакат выказаў жывы ўдзел у справе Лабановіча і ў яго лёсе.
— Па якім жа артыкуле закону вас прыцягваюць да судовай адказнасці? — запытаў Семіпалаў і зыркімі шэрымі вачамі зірнуў на Лабановіча.
— Па 126-м, па першай частцы,— адказаў Лабановіч.
— І што канкрэтна ставіцца вам у віну? — цікавіўся далей адвакат, перабіраючы пальцамі сваю акуратную цёмна-русую бародку, падстрыжаную знізу пад завостраны колік.
— Абвінаваўчага акта я не маю, ён дзесь вандруе па паліцэйскіх інстанцыях, але па ўсім відаць, што мне прыпісваюць аўтарства ў складанні адозвы да настаўнікаў.
— Але гэта вашы дагадкі? — не адступаўся адвакат.
— Так, дагадкі, але яны маюць пад сабою грунт.
Лабановіч расказаў Семіпалаву пра допыт у жандарскага ротмістра. Адвакат памаўчаў, падумаў, а потым, хітра ўсміхнуўшыся, запытаў: