— А вы ж маеце якое-колечы дачыненне да аўтарства, як сказалі вы? — Пасля ён дадаў:— Мне вы можаце гаварыць праўду: у вашых інтарэсах гэта мае значэнне. Пракурору і следчаму можна салгаць, абы толькі гладка,— зусім прыязна ўсміхнуўся адвакат.
Візіт закончыўся на тым, што Семіпалаў паабяцаў у гэты ж дзень азнаёміцца з матэрыяламі следства і ўжо тады даць пэўную параду.
— А пятай-шостай гадзіне вечара зайдзіце да мяне,— сказаў адвакат і падаў руку Лабановічу.
Марудна цягнуўся час да вечара. А такіх добрых знаёмых, да якіх можна было б зайсці, каб прабавіць час, Лабановіч цяпер не меў. Дружба з Балоцічам скончылася, ды ісці да яго ў такіх абставінах было проста нязручна. Лабановіч пайшоў вандраваць па вуліцах старога, пераважна драўлянага Мінска. Нарэшце зайшоў у танненькі рэстаранчык, каб падмацавацца. Тым часам набліжалася і запаветная пара: было пяць гадзін вечара.
З пачуццём некаторага хвалявання Лабановіч пайшоў да Семіпалава. Адвакат ужо быў дома. Ён весела зірнуў на свайго кліента і павёў яго ў кабінет.
— Сядайце! — Семіпалаў паказаў на крэсла каля стала і сам сеў.— Вашы прыпушчэнні аказаліся слушнымі,— прамовіў адвакат.— Вам сапраўды ставяць у віну напісанне адозвы да настаўнікаў. Такое заключэнне далі эксперты.
— Гэтакім экспертам не экспертызы рабіць, а носам зямлю рыць! — сказаў абурана Лабановіч.
Адвакат засмяяўся.
— Можа, ваша і праўда,— заўважыў ён,— аднак факт застаецца фактам, і з ім прыходзіцца лічыцца. Але паколькі вы адозвы не пісалі, дык абарона ваша мае законнае права патрабаваць ад суда назначэння новай экспертызы. Ды гэта акалічнасць няхай вас дужа не радуе. Калі нават другая экспертыза абвергне першую, гэта яшчэ не значыць, што вы чысты перад судом. У суда ёсць свае меркаванні, і ён часта больш кіруецца палітыкаю, чым законам. Апрача таго, у суда можа быць і так званае сваё ўнутраное пераконанне.
Семіпалаў гаварыў пераканаўча, важка, і трудна было пярэчыць яму.
— Ну, што ж? — азваўся Лабановіч.— Засудзяць дык засудзяць — за чужы грэх!
— Так песімістычна глядзець на рэчы не варта,— сказаў адвакат, але тут жа дадаў:— З другога боку, не шкодзіць падрыхтаваць сябе псіхалагічна і да горшага. А наконт абароны вам трэба падумаць. Каго б вы хацелі мець сваім адвакатам?
Лабановіч крыху памаўчаў.
— Праўду сказаць, я і сам не ведаю. Прасіў прысяжнага паверанага пана Урублеўскага. А калі ён не згодзіцца, дык, можа б, вы былі ласкавы ўзяць на сябе маю абарону? — нясмела звярнуўся Лабановіч да Семіпалава.
Адвакат адразу пасур’ёзнеў.
— Я дужа ўдзячны вам за давер’е. Ды ўсё ж такі я ў поўнай меры падтрымліваю ваш выбар — звярніцеся да Урублеўскага. Ён вядомы сярод усіх юрыстаў Расіі, і з ім пракурор мусіў бы сур’ёзна лічыцца. Пракуроры ж звычайна і асабліва пракуроры па палітычных справах падбіраюцца злыя, пякучыя, языкатыя, адным словам, прайдзісветы.
— А калі Урублеўскі па якіх-небудзь прычынах не зможа ўзяць на сябе абарону мяне і маіх сяброў, з адным з якіх я зусім і незнаёмы?
— Нават гэтак? — здзівіўся крыху Семіпалаў.
Адвакат і яго кліент памаўчалі.
— Вось што, давайце зробім так: даручыце мне весці перамовы ад карпарацыі прысяжных павераных горада Мінска з панам Урублеўскім. Вы ў гэтых справах ненапрактыкаваны.
Лабановіч устаў з месца:
— Я вельмі і вельмі ўдзячны за дапамогу, якую вы абяцаеце мне.
— Ну, вось і добра,— сказаў Семіпалаў.— Так ці іначай ваша абарона ў судзе будзе забяспечана.
Адвакат запісаў адрас Лабановіча, абяцаў неўзабаве зрабіць усё, што трэба і што можна зрабіць, а потым аб усім паведаміць. Лабановіч горача паціснуў руку Семіпалаву і развітаўся з ім. Ідучы на вакзал, Андрэй прыгадваў паслужлівага юрыста, што вызваліў яго ад клопату і турбот, ад лішніх выдаткаў на паездкі да адвакатаў. Здавалася, усё ідзе добра. Аднак, паразважаўшы глыбей, Андрэй мусіў прызнаць адно: не ўсё яно так добра, як здалося ў першыя хвіліны. Папярок дарогі станавіліся эксперты і іх заключэнне. Аказваецца, яшчэ мала абвергнуць паказанне першай экспертызы. Андрэй прыгадаў важкія словы Семіпалава: суд — асноўны эксперт і ўсё вырашае псіхалагічная пераконанасць саміх суддзяў. Мала ўцехі ў такой пераконанасці знарок падабраных прыхільнікаў царскага самаўладства.
Але турботныя і невясёлыя думкі ў дарозе развеяліся. Аптымізм, уласцівы натуры Лабановіча, вера ў лепшае ў жыцці ўзялі верх над прыкрымі развагамі, і ён у добрым гуморы вярнуўся дамоў.
Семіпалаў аказаўся сумленным і праўдзівым чалавекам. Роўна праз тыдзень Лабановіч атрымаў пісьмо. Семіпалаў паведамляў, што суд задаволіў хадайніцтва адваката Казіміра Адамавіча Петруневіча назначыць новых экспертаў для праверкі першай экспертызы. Урублеўскі, пісаў Семіпалаў, ахвотна ўзяў бы ўдзел у абароне на судзе Лабановіча і яго сяброў, калі б не быў заняты на другім працэсе. Вось чаму ён дагаварыўся з прысяжным павераным Петруневічам і даручыў абарону яму. Лабановіч чуў, што Петруневіч лічыўся адным з лепшых адвакатаў у Мінску.