«Чаго ж большага жадаць,— разважаў Андрэй.— Экспертыза забяспечана, адвакат ёсць. Але ж бывае, што хворага чалавека лечыць самы добры доктар, а ён возьме ды памрэ. Так можа здарыцца і тут: захочуць суддзі засудзіць, дык і засудзяць. Лепш не думаць аб гэтым. Праз нейкі тыдзень усё стане вядомым».
Да суда заставалася некалькі дзён. Маці, дзядзька Марцін, Якуб, Андрэевы сёстры — усе дагаджалі Андрэю, як вялікаму, хоць яшчэ невядомаму пакутніку.
Дні за тры да суда Лабановіч узяў кошык, з якім звычайна хадзіў у грыбы. Хацелася паглядзець на свае грыбныя абходы і развітацца — хто ведае? быць можа, надоўга — з тымі мясцінамі, якія давалі яму столькі ўцехі і радасці. Грыбоў, праўда, было ўжо малавата, але той баравік, што пападаецца радзей і знаходзіцца трудней, робіць большае ўражанне.
Андрэй узышоў на Сярэднюю гару і спыніўся, развітальным поглядам абводзячы дарагія прасторы зямлі. Вось перад ім Мікуцічы. Гучна было тут улетку. Цяпер жа настаўнікі параз’язджаліся па школах. Напэўна, і Янка Тукала ўвайшоў ужо ў настаўніцкую каляіну. І вось жа да гэтага часу не падаў голасу.
Правей ад Мікуціч, за Нёманам, далёка на небасхіле сіняя палоска лесу, нібы піла, паложаная на зямлі зубамі ўгору, выплывае з празрыстай вераснёўскай сінечы. Правей выступаў Дзямянаў Гуз і занямонскія палеткі, сярод якіх туліліся невялічкія пасёлкі, вёсачкі і хутаркі. Не абмінула Андрэева вока і пышнай хвоі, што ўзнімала вяршаліну над далёкімі пагоркамі...
Шмат знаёмых малюнкаў разгортвалася перад вачамі заварожанага Андрэя! Налюбаваўшыся імі, ён павольна рушыў у бок маладых сасоннікаў. Сярод сыпучага жоўтага пясочку выглядалі часамі закінутыя пагоркі, зарастаўшыя маладым хвойнікам, прыземістымі кустамі калючага ялоўцу і белага моху.
Да вечара снаваў Андрэй па грыбных баравінах, падняў дзесяткі два пругкіх, крэпкіх баравікоў. Потым пайшоў на луг: хацелася паглядзець на адзінокую хвою непадалёку ад Нёмана, на каржакаваты прысадзісты дубок — яны так добра былі знаёмы Андрэю з самага ранняга дзяцінства. На схіленай вяршаліне хвоі красавалася старадаўняе буслава гняздо.
«Ну, што ж? Бывайце, мілыя, дарагія сябры!»— у мыслях прамовіў Андрэй і лугам пашыбаваў дахаты.
XXXVI
Доўгі-доўгі час у вачах Андрэя стаяла гаротная постаць маці. Яна выйшла з двара і стала паводдаль ад хаты, каб правесці сына ў невясёлую дарогу. Андрэй з дзядзькам Марцінам ад’ехаліся ўжо далёка, а маці ўсё стаяла і пазірала ў той бок, дзе дарога, падняўшыся на горку, схавалася за выступам зямлі, каб ужо болей не паказацца. Тады маці глыбока ўздыхнула, абцерла хусткаю слёзы і пайшла ў хату.
Дзядзька Марцін падвозіў Андрэя на вакзал. Перад самаю станцыяй фурманка спынілася. Сядок і фурман злезлі з воза. Дзядзька Марцін доўга не выпускаў Андрэевай рукі з свае рукі, цвёрдай і шурпатай ад цяжкай сялянскай працы. Потым уважна і пільна паглядзеў у вочы пляменніку. У маленькіх шэрых дзядзькавых вачах стаялі слёзы.
— Ну, мой родны, дарагі, бывай здаровы! Няхай Бог цябе ацаліць. Вяртайся хутка і шчасліва.
Яны моцна абняліся, пацалаваліся. Як ні трымаў сябе ў руках Андрэй, але і ў яго вачах бліснула слязінка.
Раніцаю ў дзень суда Лабановіч быў у Мінску. Ён сядзеў на лаўцы ў скверыку насупраць будынка земскай управы, дзе меўся адбыцца суд. Пасяджэнне было назначана на адзінаццаць раніцы, заставалася чакаць яшчэ паўтары гадзіны.
«І чаму так цягне мяне гэты будынак? — думаў Лабановіч.— Чаго мне чакаць ад яго — гора ці радасці? Вось жа ёсць нейкая ліхая, ды ўладная сіла, што прывязала мяне да яго».
Зала суда была даволі прасторная і не дужа прывабная, асабліва для такіх асоб, як Лабановіч, каму прыходзілася тут выступаць у якасці падсудных. У канцы залы ўзвышаўся памост накшталт тэатральнай сцэны, адгароджаны ад публікі моцным, хоць і нясклёпістым бар’ерам. У ім было некалькі праходаў: для падсудных, для сведак і для розных асоб судовага персаналу. Пакой для суддзяў знаходзіўся за сцэнаю.
Калі Лабановіч прыйшоў, у зале было амаль пуста. Патроху пачыналі сходзіцца людзі — мужчыны, жанчыны, для якіх суд, асабліва над палітычнымі, быў такім жа відовішчам, якім для тэатральных гледачоў з’яўляўся спектакль.