Выбрать главу

Лабановіч сеў бліжэй да бар’ера, адкуль можна было наглядаць за ўсім, што будзе адбывацца на судзе і ў зале. Найбольшую ўвагу Лабановіча прыцягваў памост, які ён у думках назваў Галгофаю, што значыць — месца пакуты. Пасярэдзіне памоста красаваўся вялікі стол, засланы зялёным сукном. Тут жа стаялі крэслы для адвакатаў і пракурора. Адвакаты Петруневіч і Мяцёлкін сядзелі сярод публікі непадалёку ад бар’ера.

У зале стаяў стрыманы шумок. І раптам пачуўся гучны голас:

— Устаць! Суд ідзе!

Гэта выгукнуў судовы прыстаў.

Усе, хто быў у зале, паўставалі. З расчыненых за памостам дзвярэй паказаўся гурт суддзяў і саслоўных прадстаўнікоў. Уперадзе важна выступаў старшыня суда, член Віленскай судовай палаты, шырокі, сівабароды, грамозны чалавек. Барада яго была раздзелена на дзве палавіны і рабіла такое ўражанне, быццам пад сківіцамі ў старшыні былі прымацаваны два караткаватыя венікі, звязаныя з белага курчавага баравога моху, дзе любяць расці чорныя баравікі. Гэта быў вядомы ў той час сярод палітычных падсудных сапраўдны стацкі саветнік Бабека, чалавек, бязлітасны да сваіх ахвяр. Недарма сярод засуджаных ім хадзіла такая прымаўка: «За сталом сядзіць Бабека, той, што губіць чалавека».

За Бабекам таксама спаважна дыбалі суддзі — Бужынскі, Кіслоўскі, Верхаводаў. Усе яны былі ў парадных сініх сурдутах, у накрухмаленых белых манішках, строгія, непрыступныя, нібы яны неслі з сабою па кавалачку «божага памазаніка» — цара, якому прысягалі служыць верна. За суддзямі, таксама захоўваючы саслоўныя градацыі, ішлі: напышлівы прадстаўнік дваранства, мінскі губернскі маршалак Ромава-Рымша-Сабур, член управы Янцэвіч, які прыбыў замест гарадскога галавы. Замыкаў працэсію прадстаўнік ад сялян, валасны старшыня Пахальчык, апрануты ў бравэрку з простага даматканага сукна, у вялізных ботах, даўно няголены і, відаць, добра «падмацованы». Бабека заняў самае віднае месца ў цэнтры і сеў у самае высокае крэсла. Пахальчык прымасціўся з краю стала ў групе саслоўных прадстаўнікоў. Асобнае месца заняў на памосце пракурор, чалавек ужо немалады, з невялічкаю сівізною, сярэдняга росту, панурага выгляду, даволі ёмкі ў целе. Кончыкі яго вушэй крыху выступалі наперад, як завітушкі барановых рожак. Са свайго назірання Лабановіч устанавіў, што людзі з такімі вушамі маюць здольнасць да красамоўства. Пракурор ні на кога не глядзеў, сядзеў моўчкі, нібы зазіраў у сваё нутро, і ледзь прыметна пажоўваў пярэднімі зубамі, як быццам на іх быў кавалачак арэхавага зерня. Адвакаты селі бліжэй да лавы падсудных. Петруневіч, яшчэ малады, відны мужчына, з добрым абліччам, надзеў фрак, што аздабляла яго фігуру. Мяцёлкін, шмат старэйшы за свайго калегу, быў у скромным, але строгім сурдуце.

У зале стала ціха. Старшыня суда велічна ўзняўся з крэсла. Два венікі яго барады крыху падаліся ўгору. Ён абвясціў, што разгляду палаты падлягае справа аб сялянах Андрэю Лабановічу, Уладзімеру Лявоніку, Сымону Тургаю і Мацвею Астраўцу. Прозвішча чацвёртага падсуднага Лабановіч пачуў упершыню таксама, з абвінаваўчага акта. Бабека пералічыў усе артыкулы і пункты, на падставе якіх палата будзе судзіць памянёных асоб. Пасля гэтага ён спакойна і важна аддаў загад судоваму прыставу прывесці ў залу падсудных, што знаходзіліся пад вартаю. З малапрыметнай бакавушкі зараз жа паказаліся салдаты-канвойнікі, а ў іх строгім атачэнні — Уладзік і Тургай, якога Лабановіч толькі цяпер пабачыў. Абодва падсудныя былі бледныя: доўгае знаходжанне ў астрозе да суда налажыла на іх свой адбітак. Канвойнікі вялі арыштаваных сурова, ступалі цвёрда і моцна грукалі па памосце цяжкімі салдацкімі ботамі. Арыштаваных пасадзілі на лаву падсудных, самі канвойнікі пасталі ззаду і па канцах лавы, трымаючы напагатове стрэльбы і шаблі. Падсудныя спакойна і нават весела пазіралі на публіку. Андрэй не зводзіў з іх вачэй, нібы просячы поглядам зірнуць у яго бок. Уладзік згледзеў Андрэя, ледзь прыметна ўсміхнуўся і ўкрадкам падміргнуў яму.

Як вымагаў судовы парадак, старшыня запытаў падсудных, ці ўручылі ім копіі абвінаваўчага акта, спісы суддзяў і саслоўных прадстаўнікоў. Затым суд учыніў паверку сведак. Паказанні сведак, адсутных па законных прычынах, суд пастанавіў агаласіць у свой час. Пасля гэтага Бабека абвясціў, што згодна пастановы палаты суд будзе адбывацца пры зачыненых дзвярах.

«Значыць, справа швах»,— падумаў Лабановіч.

Судовы прыстаў выдаліў публіку з залы, а сведак завёў у асобны пакой. Калі ўсё гэта было зроблена, Бабека, седзячы на сваім троне, прыступіў да чытання абвінаваўчага акта. Чытаў ён аднатонна і нудна, і сам акт быў нудны і занадта доўгі. Нічога новага не пачуў у ім Андрэй. Суддзі і саслоўныя прадстаўнікі ўпотайку, прыкрываючы рот, пазяхалі так, што здавалася, разарвуцца сківіцы.