Прадстаўнік ад сялян, Пахальчык, заснуў моцным сном. Лабановіч і падсудныя раптам заўважылі, як прадстаўнікі іншых саслоўяў крутнулі насамі і паціхеньку пачалі адсоўвацца далей ад Пахальчыка. Дух дайшоў і да Бабекі. Але таму трэба было захоўваць паважнасць і вытрымку. Лабановіч і яго сябры ледзь стрымлівалі смех, заўважыўшы такую праяву ў судзе, што вёўся па загаду яго імператарскай вялікасці. Бабека толькі шпарчэй стаў чытаць. Калі чытанне акта было скончана, Пахальчык прачнуўся. Яму здалося, што, заснуўшы, ён адсунуўся ад сваіх калег, і прадстаўнік ад сялян стаў патрошку падсоўвацца да іх. Гэта было яшчэ смяшней.
Бабека тым часам запытаў наўперад Лабановіча, а затым і астатніх, ці прызнаюць яны сябе вінаватымі ў тых «злачынствах», аб якіх гаварылася ў акце.
Лабановіч адказаў упэўнена і выразна:
— Не!
Уладзік, хвалюючыся, прызнаў сябе вінаватым у тым, што даваў свайму знаёмаму, нейкаму Пятрушý, літаратуру, у тым ліку аповесці Гогаля: «Шынель», «Прапаўшая грамата» і іншыя. Ён катэгарычна адмаўляў свой удзел ва Усерасійскім саюзе настаўнікаў, гаворачы, што толькі меў намер уступіць.
Сымон Тургай прызнаўся, што ўваходзіў ва Усерасійскі саюз настаўнікаў і напісаў адозву аб байкоце. Другія ж адозвы пісаў не ён. Таксама пісаў і не Андрэй Лабановіч: усе іншыя адозвы былі напісаны трэцяю асобаю. Гаварыў Тургай смела, упэўнена і пераканаўча.
— Хто ж гэта трэцяя асоба? — запытаў пракурор.
— Я не сведка на гэтым судзе, а падсудны,— з годнасцю адказаў Тургай і дадаў: — Калі б я і ведаў «трэцюю» асобу, дык закон дае мне права на некаторыя пытанні не адказваць.
— Другіх запытанняў не маю,— сказаў старшыні трохі абсечаны пракурор.
Андрэй падзівіўся смеласці Тургая і яшчэ болей упадабаў яго.
Па прапанове старшыні суда пракурор і адвакаты азнаёміліся з «доказамі» па справе. Гэтых «доказаў» было не так багата: настаўніцкі пратакол, захоплены ў Мікуцічах, статут Усерасійскага саюза настаўнікаў і дзеячаў народнай асветы, адозва «Да ўсіх настаўнікаў і настаўніц», складанне якой прыпісвалася Лабановічу, зварот да настаўнікаў аб байкоце і іншая дробязь.
Пачаўся допыт сведак, якіх прывёў да прысягі нейкі невядомы папок. Найболей цікавымі былі паказанні новых экспертаў. З напружанай увагай слухаў іх Лабановіч.
Новы эксперт, Гоман, выкліканы судом па хадайніцтву абароны, катэгарычна заявіў:
— Гаспадзін старшыня! Гаспада суддзі! Я дзіўлюся, як магла ранейшая экспертыза на падставе зверкі почыркаў сцвярджаць, што адозву «Да ўсіх настаўнікаў і настаўніц» напісаў Андрэй Лабановіч. Ніякага падабенства ў характары пісьма абсалютна няма!
І Гоман пачаў падрабязна, літара за літараю, абвяргаць заключэнне ранейшай экспертызы.
Пракурор яшчэ больш нахмурыўся: сук, на якім сядзеў ён, каб кідаць шышкі ў падсуднага Лабановіча, аказаўся падсечаны. І горш за ўсё, што і ранейшы эксперт, Ярмін, адрокся ад падпісанага ім заключэння.
— Як жа гэта так: вы ж падпісвалі экспертызу? — сурова заўважыў пракурор.
— Экспертызу рабіў нябожчык Асмольскі. Ён падсунуў яе мне, я паверыў яму і падпісаў. Цяпер жа, калі я сам сваімі вачамі пабачыў, якія там почыркі, дык маё сумленне не дазваляе мне ўзводзіць паклёп на нявіннага чалавека. Не хачу браць грэх на душу! — рашуча закончыў Ярмін.
Здавалася, заключэнне новых экспертаў і асабліва словы Ярміна зрабілі ўражанне на пракурора і на суд. Зусім абыякава паставіўся да гэтага Бабека. Ён звярнуўся да пракурора і да адвакатаў:
— Ці маеце запытанні да сведак, або, можа, хочаце дадаць што-небудзь?
Пракурор і адвакаты запытанняў не мелі. Для абвінаваўчай прамовы старшыня даў слова пракурору.
Як напрактыкаваны ў гэтых справах чалавек, пракурор павольна звярнуўся да суда. Голас яго спачатку быў ціхі, але выразны, ён паступова павышаў тон.
— Вы чулі абвінаваўчы акт, у якім грунтоўна, лагічна, аб’ектыўна пададзена перад вамі, гаспада суддзі і гаспада саслоўныя прадстаўнікі, уся мярзотная дзейнасць злачыннай групы, паставіўшы перад сабою мэту — разбурыць, звергнуць вякамі ўсталёваны дзяржаўны лад. Злачынцы, частка якіх сядзіць на лаве падсудных, а частка яшчэ знаходзіцца ў гэтай зале на становішчы свабодных людзей, не грэбавалі ніякімі спосабамі для ажыццяўлення сваіх злачынных мэт. Яны страцілі сумленне, забыліся аб сваім доўгу, аб сваёй ролі, якая адведзена ім: «сеяць разумнае, добрае, вечнае».
Чым далей, тым болей распаляўся пракурор, хоць гэты запал быў штучны, акцёрскі. Гаварыў ён доўга, не прамінуў ніводнай рысачкі з таго, што было адзначана ў абвінаваўчым акце, і аздабляў усё самымі згубнымі, бязлітаснымі ўкрасамі. Кожнаму падсуднаму ён даў асобную характарыстыку. Асабліва даставалася Тургаю і Уладзіку. Адносна Лабановіча пракурор заўважыў, што гэты падсудны хоць і мала фігуруе ў абвінавачанні, але, як гаворыць народная прыказка,— па абліччы апостал, а па зубах сабака. Хоць заключэнні экспертаў разыходзяцца, але самым аўтарытэтным экспертам ёсць суд.