— Усе мы — людзі граматныя,— сказаў пракурор,— нам даводзілася чытаць розныя почыркі. Няхай суд скажа тут сваё слова.
У заключэнне пракурор патрабаваў вышэйшай меры кары, што азначана ў артыкулах, па якіх адбываўся суд.
З грунтоўнай прамовай, без выкрунтасаў, але і не без шпілек, выступіў адвакат Петруневіч. Ён абараняў Тургая і Лабановіча. Петруневіч пачаў з пахвалы «натхнёнаму» выступленню пракурора.
— Гэта — узор красамоўства,— сказаў адвакат.— На жаль, толькі пракурор згусціў фарбы. Вы паглядзіце, гаспада суддзі і гаспада саслоўныя прадстаўнікі, на падсудных: усё гэта — зялёнае юнацтва, веснавая паводка, што не тоўпіцца ў берагах. Не трэба мець злачынную душу і злачыннае сэрца, каб падпасці пад уплыў тых ці іншых асоб, тых ці іншых ідэй і зрабіць памылку. Пракурор у сваёй прамове спасылаўся на залатыя словы паэта-народніка — «сеяць разумнае, добрае, вечнае». Дазвольце і мне спаслацца на генія рускай паэзіі, на бяссмертнага Пушкіна:
И долго буду тем любезен я народу,
Что чувства добрые я лирой пробуждал,
Что в мой жестокий век восславил я свободу
И милость к падшим призывал.
Апошні радок Петруневіч прадэкламаваў, як артыст, вымаўляючы кожнае слова асобна і робячы на ім лагічны націск.
— Юнацтву ўласціва кіпенне, бурленне,— казаў далей абаронца.— Колькі юнакоў-студэнтаў прымала ўдзел у дэманстрацыях, у выступленнях, у бунтах супроць таго ці іншага грамадскага парадку, супроць закону! Хіба можна называць іх злачынцамі? Паводка ўваходзіла ў берагі, і бунтары канчалі універсітэты, паступалі на дзяржаўную службу, рабіліся стараннымі чыноўнікамі і дзеячамі ў розных галінах жыцця. Яны былі адданымі суддзямі, таленавітымі следчымі і пракурорамі, асабліва ў палітычных справах.
Бабека заварушыўся.
— Прытрымлівайцеся межаў кодэкса і матэрыялаў суда,— заўважыў ён Петруневічу.
— Прымаю да ведама, гаспадзін старшыня, але не магу не адзначыць таго, што і ў сцверджанні пракурора па адрасу падсуднага Лабановіча — па абліччы апостал, а па зубах сабака — заключана нейкая юрыдычная функцыя.
Пракурор пагладзіў сівавата-рыжы вус, але змоўчаў. А Петруневіч правіў сваё адвакацкае права і скончыў прамову зваротам да суда з просьбаю — прыняць пад увагу маладосць падсуднага Сымона Тургая і панесеную ім ужо кару — паўтара года зняволення ў астрозе. Што ж датычыць падсуднага Лабановіча, то адзінае абвінавачанне, выстаўленае супроць яго, пабудавана на хісткім грунце і, як давялі эксперты, рассыпалася, а таму падсудны Лабановіч павінен быць апраўданы.
Мяцёлкін сказаў кароткую, лагодную прамову і, па прыкладу Петруневіча, прасіў суд уважыць і маладосць падсуднага і яго пакаранне да суда — зняволенне на год з чвэрцю. Астраўца Мяцёлкін прасіў апраўдаць: падсудны ні ў чым не выявіў свае незаконнае дзейнасці.
Бабека запытаў кожнага з падсудных, ці хочуць яны сказаць сваё слова суду. Падсудныя адмовіліся. Тады старшыня зачытаў суддзям некалькі пытанняў, на якія суд павінен быў сказаць: вінаваты або не вінаваты. Пасля гэтага Бабека абвясціў перапынак на дзве гадзіны. Суд пайшоў у спецыяльны пакой на нараду, прасцей сказаць — на абед, бо спрактыкаваны старшыня ўжо меў у партфелі прыгавор.
XXXVII
Лабановіч выйшаў з залы суда з такім адчуваннем, нібы ў яго галаве ляжала цэлая куча намалочанай, але не правеянай збажыны. Так многа было супярэчлівых думак, пачуццяў, вобразаў, уражанняў.
Было ўжо каля шасці гадзін вечара. Зранку Лабановіч нічога не еў і накіраваўся ў рэстаран. Яго прывабіла шыльда «Каўказ». Але нічога каўказскага ў тым рэстаране не было, і нават гаспадар яго мала чым з выгляду адрозніваўся ад Бабекі: тая ж раздвоеная барада, толькі не сівая, а цёмна-русая, і сам рэстаратар быў шчуплейшы.
Андрэй заказаў сабе чарку гарэлкі і катлет. Усё адно: засудзяць — піць не давядзецца, апраўдаюць — заробіць і на выпіўку, і на закуску. Думка аб тым, засудзяць яго ці апраўдаюць, была асноўнай. Праўду сказаць, Лабановіч быў упэўнены, што яго апраўдаюць. Гэту ўпэўненасць падтрымаў і адвакат Петруневіч, калі ў перапынку падышоў да Андрэя і сказаў: «Можаце не трывожыцца — вас павінны апраўдаць».