Выбрать главу

Старшы канвойнай каманды пастукаў кулаком. У жалезнай сцяне брамы адчыніліся дзверцы, таксама жалезныя. Адтуль выглянуў вусаты пануры твар астрожнага прываротнага. Зірнуўшы на канвой і на арыштаваных, ён моўчкі прыадчыніў вароты і прапусціў іх у кантору. Там сядзеў Рагоза, дзяжурны памочнік начальніка турмы. Ён прыняў арыштаваных, распісаўся. Канвойнікі выйшлі. Цяпер прыведзеныя ў астрог засуджаныя называліся проста арыштантамі.

— Абыскаць! — загадаў рыжавусы Рагоза з чырвоным ад гарэлкі тварам.

Два наглядчыкі прывычнымі рукамі і спрактыкаванымі пальцамі абмацалі ўсе кішэні і вопратку ад галавы да пят. У Лабановіча забралі складаны ножык, нязменнага спадарожніка грыбных паходаў, бумажнік, у якім хавалася рублёў пятнаццаць грошай. Таксама залезлі ў кашалёк, дзе было з паўрубля дробязі. Бумажнік і кашалёк павытрасалі, грошы палажылі на стол. Усе адабраныя рэчы запісалі ў асобную кнігу.

— Адседзіш свой тэрмін, пры вызваленні атрымаеш,— растлумачыў Рагоза Лабановічу.

— Завесці ўсіх у першую камеру на другім паверсе,— аддаў загад старшы наглядчык Дожджык, падобны з выгляду да вядомага генерал-губернатара Мураўёва.

— Ну, пайшлі! — скамандаваў наглядчык, якому быў дадзен загад весці арыштантаў.

Пераступіўшы парог канторы і праціснуўшыся праз другія вузкія варотцы ў браме, сябры апынуліся на турэмным двары і пачуліся вальней.

— Што, не спадзяваўся? — запытаў Андрэя Сымон Тургай і паціснуў яму крэпка руку.

— І спадзяваўся і не спадзяваўся. Ну, ды чорт іх бяры! Абы разам з вамі на адзін тэрмін,— адказаў Лабановіч.

— Правільна гаворыш, Андрэй! — азваўся весела Сымон.

Ужо было цёмна. Пануры астрог цьмяна асвятляўся газоўкамі, ад гэтага вокны здаваліся сляпымі. На жалезных прутах віселі торбы, клуначкі з арыштанцкім скарбам. Заўважаліся ў вокнах і твары жыхароў гэтага жудаснага дома, аднак здавалася, нібы гэта мітусіліся не людзі, а іх цені. Жыхары цёмнага астрога пазналі прыбыўшых.

— Сымон! Уладзік! — чуліся галасы з розных акон за жалезнымі кратамі.— Колькі далі?

— Драй! — адказаў чамусьці па-яўрэйску Сымон.

Каб папасці на другі паверх у камеру, трэба было прайсці яшчэ адны жалезныя дзверы. Яны расчыніліся з рэзкім бразгатам. Па жалезных прыступках, скупа асветленых начнымі лямпамі, падняліся на першы, а потым і на другі паверх, павярнулі налева. Насустрач ішоў калідорны наглядчык у чорным шынялі. Усё тут было чорнае: і жалезная брама, і вароты, і адзенне наглядчыкаў, і калідор.

— Адчыняй першую камеру! — сказаў наглядчык, што вёў засуджаных з канторы.

Калідорны наглядчык не спяшаючыся ўлажыў ёмкі ключ у замок камеры, адамкнуў, паглядзеў на прыйшоўшых.

— З прыбыткам прыйшлі! — з насміханнем прамовіў ён, акінуўшы вокам Лабановіча.

— Не выскаляйся, Бакіноўскі, пускай у камеру,— строга сказаў Тургай.

— Што, хіба хутка пакідаеш яе? — не сунімаўся Бакіноўскі. Ён шырока расчыніў дзябёлыя, акутыя жалезам дзверы, і хлопцы ўвайшлі ў камеру.

— Ну, вось мы і дома, дзякуй Богу,— пажартаваў Уладзік. З гэтай камеры яго і Сымона павёў канвой на суд.

ХХХVІІІ

Малюнак, што паўстаў перад вачамі Лабановіча, ашаламіў яго. Камера была бітком набіта людзьмі, бледнымі, худымі, як шкілеты. Пры цьмяным асвятленні курáвай лямпы камера здавалася бруднай трушчобай, куды сходзяцца нанач цёмныя людзі, аматары глухіх завулкаў і дарог. Даўно беленыя сцены брудна-рыжаватага колеру выглядалі жудасна, прыгняталі. Насельнікі камеры, якіх за доўгі час перабывала тут тысячы, забівалі ў сцены цвікі, каб павесіць свае манаткі. У дзірках каля цвікоў тоўпіліся кучы клапоў са шматлікім патомствам. Пры сцяне каля дзвярэй стаялі збітыя з грубых дошчак паліцы. На іх ляжаў хлеб, арыштанцкія «пайкі», лыжкі і розныя дазволеныя рэчы астрожнага ўжытку. Угары над дзвярамі красаваўся «каляндар», нарысаваны вугалем чатырохкутнік, падзелены на сем клетак. У кожную клетку ўпісвалася чысло, а калі дзень канчаўся, яго перакрэслівалі. Так рабілі, пакуль не праходзіў тыдзень, а потым пісалі новы каляндар. На другой сцяне ва ўсю даўжыню значыўся таксама напісаны вугалем лозунг «У барацьбе здабудзеш ты права сваё!». «Цікава, як гэта эсэры здабываюць тут правы?» — пасміхнуўся Лабановіч.

У камеры сядзелі людзі розных узростаў, нацыянальнасцей і сацыяльнага становішча. Тут былі прадстаўлены ўсе катэгорыі арыштантаў: крымінальнікі і палітычныя, або, як называлі іх у турме, палітыкі. Былі засуджаныя на катаргу, у высылку, у арыштанцкія роты, у крэпасць, як Лабановіч і яго сябры. Былі і такія, што чакалі яшчэ суда. Засуджаныя на катаргу былі апрануты ў арыштанцкае адзенне і закуты ў кайданы, злучаныя доўгім, цяжкім жалезным ланцугом. Каб зручней было хадзіць, ланцуг, згарнуўшы папалам, звычайна падвязвалі да раменнага пояса.