Выбрать главу

Усё рознамасцёвае насельніцтва камеры гаманіла, гуло, часамі там-сям чуўся закацісты рогат. Многія ў зацятым маўчанні снавалі ў праходзе паміж двух нараў ад дзвярэй да акна і назад. Некаторыя стаялі каля дзвярэй і пазіралі на астрожны калідор праз жалезныя ёмкія пруты, устаўленыя адзін да аднаго на такой адлегласці, што можна было прасунуць між іх руку. Крыху ніжэй прутоў у дзвярах быў прароблены ваўчок, круглая дзірка, каб варта магла бачыць, што робіцца ў камеры. З розных камер на калідоры таксама далятаў прыглушаны шум, чуўся звон і бразгат ланцугоў-кайданаў. Усе камеры былі замкнуты на замок, бо ўжо адбылася паверка, і парашы займалі пачэснае месца каля дзвярэй.

Позна вечарам астрог угаманіўся. Адзін за адным пачыналі класціся людзі на сваіх шчупленькіх казённых сеннічках, умошчваючыся плячо ў плячо на цвёрдых і брудных нарах. Хто клаўся моўчкі, панура, а хто, уладзіўшыся ў сваім берлажку, казаў што-небудзь жартлівае.

— Эх, брат, дзе рай дык рай! Лажыся спаць, калі хочаш, уставай, калі зажадаецца або калі пакліча параша, а то і зусім не ўставай. І ахоўваюць цябе, як генерал-губернатара!..

Перад Лабановічам паўстала пытанне: як прымасціцца на ноч? Сымон і Уладзік прыйшлі на дапамогу: яны ссунулі свае нішчымныя сеннікі ўсутыч і ўлегліся ўсе трое.

— Не дрэйф, Андрэй, заўтра ўладзімся лепей,— падбадзёрваў яго Сымон Тургай.

Уціснуўшыся паміж сяброў, ляжаў Лабановіч на кавалачку сенніка. Скаціцца не было куды: і справа і злева шчыльна ляжалі людзі. У галаве ўсё перамяшалася. Які доўгі быў дзень! Колькі ўражанняў! Часамі здавалася, што гэта — цяжкі пачварны сон, ад якога Андрэй абудзіцца і ўсё знікне. Ён прыгадаў той момант, калі Бабека чытаў прысуд. Тады тры гады зняволення ў крэпасці вялікага ўражання не зрабілі. Андрэй памятае, як ён зірнуў на сяброў і пасміхнуўся. А цяпер, лежачы на цвёрдых нарах, сціснуты жывымі чалавечымі целамі, ён уявіў сабе тры гады: тысячу дзевяноста пяць дзён і начэй! Ён адчуў іх жыва, рэальна. Тры гады сядзець у гэтых брудных сценах, тры гады насіць на сабе кляймо пазбаўленага волі арыштанта! Тры гады быць адарваным ад жыцця, ад народа, ад усяго, з чым зжыўся і што табе міла і дорага!

На нейкі момант стала цяжка-цяжка, нібы апала сэрца. Але Андрэй прыгадаў, што ў гэтай камеры ёсць людзі, пазбаўленыя ўсякіх чалавечых правоў, закутыя ў кайданы і засуджаныя на доўгія гады ў катаргу. З якою радасцю памяняліся б яны на лёс Лабановіча! Гэта разважанне прынесла крыху заспакаенне Андрэю. Але заснуць ён не мог: як наліха, клапы ўчулі свежага чалавека і сталі кусаць часта і моцна.

Паволі камера заспакоілася. Прыціх звычайна шумны астрог. Па-ранейшаму цьмяна гарэлі лямпы. Зрэдку па калідоры крочыў турэмны наглядчык, падыходзіў да ваўчка камеры, прыглядаючыся, што робіцца ў ёй. Найчасцей яму даводзілася бачыць, як які-небудзь арыштант, зняўшы кашулю, садзіўся каля лямпы і пачынаў распраўляцца з паразітамі.

Цяжка варочаліся на нарах катаржнікі, пазвоньваючы кайданамі. «Навошта гэты здзек, гэта дзікасць і гвалт над чалавекам?» — думаў, выбіўшыся са сну, Лабановіч.

«Ды не! — запярэчыў ён сам сабе.— Некаму гэта патрэбна. Вось жа і мяне ўпяклі ў астрог, нават не паклапаціўшыся падперці прысуд доказамі. Нездарма казаў Семіпалаў, што ўсё дыктуе палітыка. Так яно і ёсць: зараз спатрэбілася скінуць з царскай дарогі небяспечных людзей, а заадно і такіх, што ў пэўны момант могуць стаць небяспечнымі».

Лабановіч папрабаваў паварушыцца, але гэта было трудна зрабіць, не патрывожыўшы сяброў. Сон абняў усю камеру, можна было вольна разважаць далей.

«Значыць, самаўладства баіцца,— думаў Лабановіч.— Чыноўнікі, салдаты, закон, на варце якога стаіць суд, жандары, паліцэйскія кручкі і шпікі. Здавалася б, грамозная махіна, аднак і ёй можна нагнаць страху. Спалохаліся, што недзе ходзіць па волі беспрацоўны «агарак»! Выходзіць, што і «агарак» — сіла!» Ад гэтай думкі Лабановіч пачуў сябе мацней і ўсміхнуўся. «У чым жа сіла такіх, як я? — запытаў сам сябе. На гэта ён адказаў, крыху счакаўшы: — Калі ты сам убачыў, што лад жыцця несправядлівы, і адкрыў сяму-таму вочы, дык так пакрысе і ўсе людзі стануць відушчымі. А гэта і ёсць жывая пагроза царызму».

Лабановіч прыгадаў Аксёна Каля з Высокага, што так старанна вучыўся грамаце, потым Шуську і Раткевіча на палявой сцежцы ў Мікуцічах. Далей успомнілася, як чакаў ён Вольгу Віктараўну ў Пінску, як пазнаёміўся з таварышамі Глебам і Грышам. Што з імі цяпер?