Выбрать главу

Лабановіч абвёў вачамі зняволеных, што покатам ляжалі на нарах, цяжка храпучы і ўскрыкваючы цераз сон. «Пэўна, і тут ёсць людзі, што ведаюць глыбіні і далечы рэвалюцыі. Знойдзецца з кім таварышаваць і павучыцца».

Ва ўяўленні ўсплыла постаць сацыял-дэмакрата Кастогіна ў доме на мінскай ускраіне. «Вось каб давялося яшчэ сустрэцца...»

Перад Лабановічам паўстаў велічны вобраз грознай, хоць і залітай крывёю нядаўняй рэвалюцыі. Паветра дыхала навальніцай, полымя магло ўзгарэцца...

«Значыць, барацьба будзе. Трэба больш гарнуцца да людзей. Тады...»

Што будзе тады, Лабановіч выразна не ўяўляў, але адчуў, што пакіруе сваё жыццё неяк інакш. Такі настрой рашучасці ўзняў яго дух.

Толькі пад самую раніцу моцна заснуў Андрэй, і сон падмацаваў яго. Аднак абудзіўся ён рана, калі Уладзік і Тургай яшчэ спалі. Пры святле дня і камера і насельніцтва яе выглядалі, здавалася, весялей. Лабановіч ляжаў моўчкі, наглядаў за ўсім, што рабілася тут: было цікава прыгледзецца да жыцця, да людзей у новых абставінах. Тым часам то той, то другі паварушваўся на нарах, абуджаўся. Шмат хто з жыхароў камеры пачынаў дзень завілаватаю лаянкаю, ні да каго не адрасаванаю, пасля чаго парадкаваў сваё ложа ды ішоў умывацца. Умываліся над парашаю, бо ўмывальнікі знаходзіліся ў прыбіральні і трэба было чакаць, пакуль адамкнуць камеру. Звычайна к гэтаму часу ўставалі ўсе, апроч самых заядлых лежабокаў.

— Ну, як, старына: выспаўся? — дабрадушна і хітравата запытаў Андрэя Уладзік.

— Дзе тут выспішся, калі ты ўночы скрыгічаш зубамі так, нібы табе на іх трапіў Бабека! — адказаў жартаўліва за Андрэя Сымон Тургай, які ляжаў з другога боку.

— Нічога, Уладзік, трохі паспаў... Жыць можна,— махнуў рукою Лабановіч.

— Будзем падымацца, чорт ім тата! — прамовіў Тургай і прысеў на нары.

Як вымагаў камерны парадак, заведзены самімі зняволенымі, сябры падгарнулі свае сеннікі бліжэй да сцяны і накрылі грубымі казённымі коўдрамі, зробленымі немаведама з якога матэрыялу.

Тым часам наглядчык адамкнуў камеру і выпусціў усіх «на апраўку». У камеры былі свае дзяжурныя — вынесці на дзень і прынесці на ноч парашу. Асобны дзяжурны быў для падмятання камеры і для наглядання за агульным парадкам у ёй. Дзяжурылі па чарзе, прычым дзяжурны меў пэўную ўладу. Напрыклад, калі ён падмятаў праход паміж нарамі, дык мог загадаць сесці на нары, каб не заміналі. І ўсе павінны былі слухацца яго, хто б ён там ні быў.

Разам з усім насельніцтвам камеры Лабановіч выйшаў на калідор, які цягнуўся праз увесь будынак астрога. Усе астатнія камеры былі зачынены, людзей выпускалі па чарзе. Невялікія акенцы ў адным і ў другім канцы калідора давалі мала святла. Ад таго, што сцены былі афарбованы напалавіну ў чорны колер, здавалася яшчэ цямней.

Уладзік і Сымон, як «старыя арыштанты», былі кансультантамі і паведамілі прыяцелю шмат цікавага з астрожнага побыту, напрыклад, пра камеры ў вежах. На астрожнай мове яны называліся «дваранскімі». Туды звычайна саджалі людзей важных: чыноўнікаў, пачынаючы з калежскіх асэсараў, паноў, калі ім даводзілася пападаць у астрог. Траплялі туды таксама і палітыкі, калі яны мелі вагу і не пустыя кішэні. У «дваранскіх» камерах было святлей і весялей. І рэжым там іншы: увесь дзень дзверы былі адчынены. Замест цвёрдых нар стаялі выгодныя тапчаны, паліліся печы, дзе можна было гатаваць сабе смачную страву, грэць чай і наогул песціць сваю асобу. Папасці ў такую камеру звычайнаму смяротнаму было цяжка. Для гэтага трэба было мець заруку за сценамі астрога, каб добра дагадзіць адміністрацыі, або такія сродкі, якія расчынілі б дзверы ў «дваранскую» камеру. На гэтым грунце, як апавядалі «старыя арыштанты», вынікалі часамі смешныя праявы.

Неяк у адну з «дваранскіх» камер, дзе было вольнае месца, імкнуліся папасці два прэтэндэнты: эсэр і анархіст. Паміж імі пачалося змаганне. Адміністрацыя не спяшалася аддаваць каму-небудзь перавагу. Яна проста брала «падаткі» з аднаго і з другога да таго часу, пакуль хто-небудзь не перакрываў у значнай меры свайго канкурэнта. У першай камеры, дзе ўсё гэта было вядома, з цікавасцю сачылі за барацьбой кандыдатаў у «дваране». Па камеры праносілася чутка:

— Барыс (эсэр) сягоння даставіў у кантору тры фунты масла.

На гэта адказвалі:

— Што там тры фунты масла! Анатоль (анархіст) заслаў туды з паўпуда мёду.

Масла і мёд падхватваліся на языкі і служылі тэмаю для жартаў і смеху. Украінскую песню «Узяў бы я бандуру» перайначылі і спявалі:

Узяў бы дзежку мёду

Ды ў кантору даў.

Скажуць арыштанты —