Дваранінам стаў.
Верх узяў Барыс. Праз некаторы час ён пераносіў свае манаткі на новае месца, а з другіх камер выгуквалі:
— Дваранін! Дваранін!
— Барыс, колькі каштавала табе дваранства?
XXXIX
За два-тры тыдні Лабановіч азнаёміўся з астрожным жыццём у агульных рысах. Адгароджанае ад усяго свету высокімі сценамі, паўздоўж якіх удзень і ўночы хадзіла варта, загнанае ў цесны, смуродны астрог, акуты ў жалеза, гэтае жыццё было нецікавае, аднастайнае. Заведзены парадак не парушаўся ў сваіх асновах. Раніцаю, у пэўныя гадзіны, адбывалася паверка. Дзяжурны наглядчык з шумам расчыняў дзверы камеры і камандаваў:
— Смірна! Устаць на паверку!
У камеру ўваходзіў дзяжурны памочнік начальніка астрога, старшы наглядчык Дожджык, які здаўся Лабановічу з першага погляду падобным да Мураўёва-вешальніка.
На паверку падымаліся не адразу. Спачатку каманду дзяжурнага наогул не слухалі. Толькі той-сёй з самых адпетых падлізнікаў, хочучы падслужыцца да начальства, станавіўся навыцяжку, як салдат, пасярод камеры. Пасля таго як адбывалася паверка, камеры па чарзе адмыкаліся, арыштанты выходзілі на калідор, ішлі ўмывацца, прыводзіць сябе ў парадак. Вечарам, зрабіўшы паверку, наглядчыкі замыкалі камеры на ўсю ноч да наступнай раніцы.
У пэўны час прыносілі з пякарні хлеб. Пякарня была свая, арыштанцкая. Хлеб загадзя рэзалі на «пáйкі» ў прысутнасці другога старшага наглядчыка, Алейкі: ён сам кідаў «пáйкі» на вагу. Кавалак хлеба, стукнуўшыся ў талерку вагі, цягнуў яе ўніз, быццам бы «пáйка» важыла болей нормы — два з палавінаю фунты. Алейка быў спрытны махляр і нажываўся на арыштанцкім хлебе, гароху, капусце і сале.
У турме быў устаноўлены штат арыштантаў: разносчыкаў хлеба, кіпню і гарачай стравы ў абед. Хлебапёкамі, кухаркамі, калідорнымі, падмятайламі былі толькі крымінальнікі, пераважна кароткатэрміновыя. Кожны крымінальнік лічыў вялікай радасцю і гонарам папасці ў гэты штат. Адна толькі пасада, пасада падмятайлы, не дужа карысталася павагаю з боку арыштантаў. На справе ж падмятайлу было шмат весялей мець справу з венікам і памяцельнікам, з ачысткаю прыбіралень, чым сядзець увесь дзень у камеры. Апроч таго, падмятайла меў болей шырокія зносіны з людзьмі, з тымі ж арыштантамі, мог зрабіць ім сякую-такую паслугу і сам здабыць што-колечы.
Ды які цяжкі ні быў астрожны парадак, як ні абмежавана была воля астрожнікаў, загнаных, як звяры, у цесныя клеткі, усё ж і тут жыццё, чалавечыя пачуцці і імкненні выбіваліся на свае прасторы.
Сярод крымінальнікаў быў малады, крэпкі, як дуб, чалавек, поўнаўладны гаспадар у сваёй камеры. Уперадзе яго чакалі блуканні па перасыльных астрогах і доўгія гады катаргі. Але на яго твары ніколі не адбівалася і ценю пакуты, горкай развагі. Часамі на яго находзіла такая хвіліна, калі чалавеку хочацца разгарнуцца ва ўсю шырыню натуры. Не стрывае душа, нейкая бура падхопіць яе, і ён, расчысціўшы сабе месца ў камеры, пускаецца ў скокі. Ногі закуты ў цяжкія кайданы, а ён скача лёгка, прыгожа, выкрунтасіста. У гэтым была для яго асаблівая асалода, натхненне. Ён так умеў падзвоньваць сабе самому ланцугамі, падбіраць тоны, што гэты звон замяняў яму музыку, адпавядаючы ўласнаму настрою. І калі чалавек скакаў, яго рухі захоплівалі ўсіх. Размераны і нават музычны звон і бразгат ланцугоў разлягаўся па калідоры, далятаў у іншыя камеры. Да ваўчка падыходзілі дзяжурныя наглядчыкі, глядзелі, любаваліся бурнымі, нястрымнымі рухамі катаржніка Івана Гудзілы. Быць можа, ён выказваў гэтым свой пратэст супраць няволі і несправядлівасці грамадскага ладу, які зрабіў з чалавека злачынцу.
Вечарамі, калі камеры замыкаліся на ўсю ноч, зняволеныя прараблялі розныя цікавыя штукарствы, напрыклад, падыманне чалавека кончыкамі пальцаў або падыманне самога сябе на нары. Для гэтага трэба было падацца ўсім целам пад нары, а рукамі трымацца за іх край. Гэты нумар быў даволі трудны, і мала каму ўдавалася прарабіць яго. Падымалі чалавека кончыкамі пальцаў так. Пасярэдзіне камеры станавіўся хто-небудзь са зняволеных, пажадана чалавек ёмкі. Да яго падыходзілі пяць чалавек: двое падкладалі пальцы пад наскі, двое — пад локці і пяты — пад бараду. Па камандзе «падымай!» усе браліся гуртом, узнімалі чалавека досыць высока і насілі яго па камеры.
Каб насмяяцца з неспакушанага новапрыбыўшага чалавека, які на арыштанцкай мове называўся лабуком, рабілі так. Адзін чалавек клаўся ніцма на сяннік на нарах, другі лажыўся на яго спінаю. Наверх укладалі трэцяга, таго, з каго і хацелі паздзекавацца. Той, што ляжаў пасярэдзіне, хапаў ахвяру за рукі, а нагамі заціскаў ёй ногі. Тады падыходзіў які-небудзь спец па часці стаўляння «банек», агаляў верхняму жывот і ставіў «банькі»: біў дзервяною лыжкаю па адцягнутай скуры.