Выбрать главу

Забаўляліся людзі, як умелі, як маглі і як дазвалялі абставіны. Той год, калі Лабановіч прыйшоў у турму, асабліва апошнія месяцы, быў годам узмацнення рэакцыі. Усе прывілеі, якімі на першых часах карысталіся зняволеныя, паступова касаваліся. Астрожная адміністрацыя пачынала ўводзіць жорсткі рэжым, часта рабіла вобыскі, адбірала розныя рэчы, патрэбныя ў штодзённым абыходку, як самавары, нажы. Забіралі і кнігі, калі яны мелі хоць у найменшай ступені прагрэсіўны характар. Зняволеных вылучалі па катэгорыях і размяшчалі па асобных камерах.

Разам з групай іншых засуджаных у крэпасць у асобную камеру трапілі і нашы сябры. Зняволеных там было няшмат, чалавек сем-восем. Але гэты лік мяняўся: адны прыбывалі, другія выходзілі на волю, адбыўшы свой тэрмін. На агульны турэмны кацёл «крапаснікоў», як іх называлі, не залічвалі і харчоў не выдавалі. Замест гэтага на кожнага адпускалі па дзесяць капеек у суткі.

Перабраўшыся на новае месца, Уладзік па-гаспадарску акінуў камеру вокам і сказаў да сяброў:

— Тут, браткі, і занятак знайсці сабе можна: падвучыцца і па выхадзе на волю здаць экзамен на атэстат сталасці.

— Маладзец, Уладзік, што не дрэйфіш і пазіраеш далёка наперад,— пахваліў яго Сымон Тургай і з хітраватай усмешкай звярнуўся да Лабановіча: — Праўда, Андрэй: Уладзік цвяроза глядзіць на рэчы?

На гэта Лабановіч адказаў:

— Уладзік быў і застаўся чалавекам справы і мудрай жыццёвай практычнасці. І мне хочацца ў сувязі з гэтым расказаць пра адно здарэнне. Нейкія вандроўнікі падышлі да глыбокай рэчкі. Ні броду, ні моста не было. Плаваць яны не ўмелі і вады баяліся. На беразе ляжалі круглякі. Адзін з вандроўнікаў, найболей кемны, скаціў кругляк у рэчку, потым зняў камашы, сеў верхам на бервяно, а ногі прывязаў да бервяна, каб не з’ехаць у ваду. На сярэдзіне рэчкі кругляк перакруціўся, плавок бухнуўся галавою ў ваду, а ногі са шкарпэткамі задраліся ўгору! Спадарожныя стаялі на беразе, пазіралі і казалі: «Глядзі ты, які змыслы наш Яшка: рэчкі не пераплыў, а панчохі ўжо сушыць».

Уладзік заўважыў:

— Я, брат, з кругляка не з’еду! А там, глядзіш, перажыў дзень, і воля бліжэй. Вось канчаецца, дзякаваць Богу, месяц, значыць — адну трыццаць шостую часць няволі і скінулі з плячэй. Так ці не так?

— Так, так, Уладзік! — пацвердзілі Сымон і Андрэй.

— А калі так, давайце падумаем, як латвей арганізаваць наша жыццё ў астрозе.

Уладзік запрапанаваў стварыць камуну, каб усе грыўні былі ў адных руках і каб адзін чалавек меў права са згоды ўсіх іншых распараджацца гэтымі грашамі.

Усё насельніцтва новай камеры абмеркавала Уладзікаву прапанову і пастанавіла: Уладзіка выбраць за аконама, каб ён вёў харчовую справу — выпісваў праз Дожджыка прадукты. Заставалася выбраць і свайго кухара. Па турэмнаму статуту «кухару» ад асуджаных у крэпасць дазвалялася хадзіць на астрожную кухню і гатаваць абеды. Кухарам назначылі Сымона Тургая: ён быў калідорным старастам, але ахвотна згадзіўся ўзяць на сябе і новую ролю, набыўшы такім чынам і другую пасаду.

Так пачалося новае жыццё асуджаных у крэпасць, адбываўшых сваю кару ў мінскім астрозе.

ХL

Аднастайнасць астрожнага побыту крыху ажыўлялася, калі ў камеру прыбывалі новыя засуджаныя. Траплялі сюды людзі розных прафесій і сацыяльнага стану: дробныя чыноўнікі, пісарчукі, чыгуначнікі і іншыя так званыя інтэлігенты. Аднойчы прывялі нават канакрада з-пад Ракава, нейкага Касперыча, маладога, малапісьменнага, але хітрага лодара. Ідучы ў раздабыткі па часці канакрадства, Касперыч браў з сабою пракламацыі. Калі ён пападаўся на кражы, яго спачатку моцна білі, а потым вялі ў паліцыю. Пры вобыску выяўлялася, што Касперыч не канакрад, а «палітык». Канакрада судзілі за пракламацыі, як палітычнага злачынцу, а яму толькі гэта і трэба было. Апошні раз Касперыча замест доўгатэрміновай катаргі засудзілі ў крэпасць на дзевяць месяцаў. Касперыч вылажыў сваю праграму дзейнасці перад жыхарамі камеры, весела пасмейваючыся з уласнай хітрай выдумкі.

— Да якой жа палітычнай партыі належыш ты? — запытаў яго з сур’ёзным выглядам Сымон Тургай, ледзь стрымліваючы смех.

— Мая партыя — ратуй сам сябе,— адказаў Касперыч, пазіраючы на Тургая маленькімі свінымі вочкамі.

— Значыць, ты — аднабокі анархіст-індывідуаліст? — заўважыў Уладзік.

— А мне ўсё роўна які, хоць бы сабе і аднабокі,— азваўся Касперыч.

У камуну яго не прынялі, дый сам ён да яе не гарнуўся і жыў на сваю грыўню. Крыху разгледзеўшыся і зарыентаваўшыся ў нязвыклай абстаноўцы, Касперыч аднойчы запытаў Уладзіка: