— Колькі чалавек можа з’есці сырога сала?
Уладзік засцярожліва паглядзеў на Касперыча, спадзеючыся нейкага падвоху. А для «старога» арыштанта даць ашукаць сябе лічылася ганьбаю.
— Галоднай куме хлеб на ўме? — хітра пасміхнуўся Уладзік.
— Можа, і так,— абыякава прамовіў Касперыч і паўтарыў пытанне: — Не, не на жарты: колькі чалавек здужае з’есці сырога сала?
— Гледзячы, які чалавек і якое сала,— адказаў Уладзік.— Я, напрыклад, выгаладаўшыся, з’еў бы фунтаў са два.
— Два фунты! — зняважліва адклікнуўся Касперыч.— А я магу з’есці сем фунтаў!
— А не разарве цябе? — не паверыў Лабановіч і сказаў Сымону Тургаю: — «Палітык» бярэцца з’есці сем фунтаў сырога сала!
Сымон хадзіў па камеры і не зварачаў увагі. Пасля запытання Лабановіча ён спыніўся.
— А чорт яго ведае, які ў «палітыка» трыбух.
Касперыч рашуча сцвярджаў сваё і гатовы быў ісці ў заклад.
Каля Уладзіка і Касперыча сабраўся цэлы гурт. Нават Аляксандр Галубовіч, пераважна сур’ёзны, маўклівы, замкнёны ў сабе чалавек, піцерскі рабочы, бальшавік па сваіх палітычных пераконаннях, далучыўся да грамады таварышаў па камеры.
— Калі нават і з’есць, дык вырве з яго,— сказаў Галубовіч.
Спрэчка ўсё больш разгаралася.
— Дык што, хлопцы, рызыкнём хіба? Як, Уладзік, рызыкнём? — звярнуўся Тургай да сяброў і да «аконама».
Уладзік выдаў кавалак сала з агульных запасаў, Сымон Тургай адважыў на кухні сем фунтаў і аддаў Касперычу. Той узяў з паліцы невялікі кавалак хлеба, сеў на нары і пачаў есці. Ён еў прагавіта: адрываў, як воўк, зубамі ёмкія порцыі сала, разам з кавалачкам хлеба. І сала і хлеб прападалі ў пашчы Касперыча. Ён варушыў сківіцамі, як жорнамі, малоў сала і хлеб, а потым, таксама па-воўчы, глытаў іх. І вочы яго блішчалі, як у воўка. З кожным разам сала заставалася ўсё меней і меней.
— Усё змеле! — расчаравана сказаў Уладзік.
І сапраўды, Касперыч залажыў у рот апошні кавалак хлеба і сала, не спяшаючыся пачвакаў, глынуў з выглядам пераможцы і нават засмяяўся.
— О,— сказаў ён,— цяпер аж да заўтрашняга можна трываць!
Тургай гучна зарагатаў.
— Ось прожар дык прожар!
А Касперыч, як і нібыта таго, пагульваў па камеры і пасміхаўся.
Касперыч адседзеў свае дзевяць месяцаў і выйшаў на волю. У памяці аб ім толькі ўсяго і засталося, што сем фунтаў сырога сала ды свіныя вочкі і сківіцы, якія варушыліся, як камяні ў жорнах.
Сярод кароткатэрміновых зняволеных часамі пападаліся аматары, што любілі шмат гаварыць і наплесці з тры кашалі рознай хлусні. Свае выдумкі для ўзвелічэння саміх сябе яны падносілі як сапраўднасць. Іх слухалі, нават заахвочвалі, каб даць разалгацца яшчэ болей. Па-астрожнаму такіх людзей проста называлі залівакамі, ад выразу — заліваць кулі, што значыць ілгаць.
Да залівак належаў нядаўна прыведзены ў камеру Зыгмусь Зайкоўскі. Гэта быў просты чалавек гадоў трыццаці, сталяр па прафесіі. Асвойтаўшыся ў камеры, Зайкоўскі садзіўся каля стала на нары, скручваў ёмкую цыгарку з грамадскай махоркі, а яна стаяла ў памястоўнай скрынцы, смачна зацягваўся і расказваў аб сваіх прыгодах.
Адно такое апавяданне запомнілася Лабановічу.
Аднойчы Зыгмуся, так расказваў ён, затрымалі несвядомыя сяляне за агітацыю супроць царскіх парадкаў і пасадзілі ў пусты свіран. Сядзець там Зайкоўскі не хацеў. Вось і пачаў ён снаваць з кутка ў куток. Спачатку было цёмна, а потым вочы прыгледзеліся і сёе-тое можна было разабраць. Абмацаў Зыгмусь усе дошкі ў падлозе. Яны былі тоўстыя і шчыльна прыбіты плінтусам. Не было за што зацяць не толькі рук, але і пальцаў. План узадраць падлогу і зрабіць падкоп адпадаў. Але Зыгмусь цвёрда пастанавіў выбрацца. Ён зладзіў падмостак, узлез на яго, агледзеў столь. Падмостак быў нетрывалы, уперціся ў яго, каб плячамі ўзадраць дошку, было немагчыма. На шчасце, у свірне стаяла дзябёлая дубовая кадушка. Зыгмусь павярнуў яе дном угору, узлез, зрабіў спробу: угнуў галаву, а хрыбецінай і плечуком налёг на дошку. Дошка падалася і зарыпела. Зыгмусю аж страшна стала: а што, як пачуюць? Але навокал было ціха. Зыгмусь падняў дошку яшчэ вышэй. З гары за карак пасыпаўся пясок і розная дрэнь. Ну, ды ліха з імі! Праз хвіліну Зайкоўскі быў ужо на гары. Паслухаў — ціха. Тады ён прадраў страху і праз дзірку шуснуў на зямлю, а там яго толькі і бачылі.
Скончыўшы расказваць, Зыгмусь сам першы громка зарагатаў.
— І ўцёк?! — у вялікім здзіўленні і з робленым захапленнем выгукнуў Сымон Тургай.
— Ну ж і лаўкач! — абазваўся Уладзік.
— Ды ты ж асілак: узадраў хрыбецінаю дошку! — таксама здзівіўся і Лабановіч.
— А ты што думаў! — узнёсла прамовіў Зыгмусь і яшчэ з большым пыхам дадаў: — Ды гэта яшчэ не ўсё!