— Што ты кажаш?! — выгукнулі ўсе разам.
— А вось слухайце. Апынуўся гэта я на зямлі, азірнуўся, прыгнуўся і шусь — у каноплі! Разорамі, загуменнямі выбраўся з вёскі і напрасткі — у хмызняк! І — на дарогу. Наперадзе, бачу, лес, ды далекавата. Бегчы на ўсю шпаркасць не выпадае: згледзяць, адразу дагадаюцца. Трэба ж і кемлівасць мець. І што вы думаеце? Азірнуўся я — смаліць за мною верхам на кані кудлаты мужык без шапкі, толькі касмыкі на галаве трасуцца. Дагоніць, не дабягу да лесу! Дух займае, бягу, а пагоня ўсё бліжэй. Ззаду ж за конікам з пяць мужыкоў! Чэшуць навыперадкі! Што рабіць?
— Ой! Гэта проста трагічна! — спачувальна ўздыхнуў Тургай.— Кажы, што далей!
Зыгмусь правёў пальцамі па вусах.
— Бачу — густы лазовы куст пры дарозе. Я — у куст! I не ведаю, што будзе далей. Мужык, думаю, у куст з канём не ўедзе. У момант разгледзеўся: ад куста канаўка ў бок дарогі. А паўздоўж дарогі яна і шырэйшая і глыбейшая і ўся зарасла травою. Я з куста — у канаву! Папоўз. Дапоўз да дарогі. Кудлаты мужык спыніў каня, закінуў яму на шыю павады, а сам — на зямлю! Спыніўся, махнуў мужыкам рукою: — тут, бач, злачынец! А я вось-вось каля кудлатага мужыка. Ён асцярожна абыходзіць куст. Конь хрумстае траву на ўзбочыне дарогі каля саменькага мяне. Павады з’ехалі з шыі — ледзь не на галаву мне! Я — хоп за павады! Конь спужаўся, а я — скок на яго ды наўскапыта ў лес! Толькі і бачылі мяне!
— Ну, Зыгмусь! Герой ты, далібог, герой! — не ўтрываў Сымон і міргнуў сябрам. А гэта быў знак — выкрыць і высмеяць самахвальства Зайкоўскага.
Выкрыванне і высмейванне вяліся тым жа парадкам, якім карысталіся «залівакі»: гаварыць самыя неверагодныя рэчы ды ў яшчэ большых памерах.
— Такія прыгоды рэдка з кім здараюцца,— нібы з зайздрасцю пачаў Уладзік.— Ды не ў прыгодах справа, самае важнае, як будзе трымацца чалавек. Кемлівасць, вынаходніцтва — вось што ўратавала Зыгмуся... Мне таксама хочацца расказаць пра адно здарэнне. Пайшоў я неяк пад восень збіраць грыбы. Зайшоў у лес. Бачу — старая хвоя, а ў хвоі дупло. Узлез на хвою: што там у дупле робіцца? Засунуў руку, а мяне за палец — цоп нейкі звярок! Аж кроў пайшла. Я абматаў руку торбачкаю ды ізноў у дупло! Злавіў за хіб нейкага звярка і цягну яго. Выцягнуў — куніца! Я яе мордачкаю аб хвою — стук! стук! — ды на дол. Засунуў руку ізноў — другая куніца! Я і яе такім жа манерам — стук аб хвою ды ўніз. І ведаеце? Шэсць куніц выцягнуў з дупла! Звязаў я іх за хвасты, перакінуў праз плячо ды патарабаніў дамоў. Па тры з палавінаю рублі шкурку прадаў! Што скажаш, Зыгмусь?
Зыгмусь даўжэй зацягнуўся махоркаю і апусціў вочы, гадаючы, што адказаць на запытанне і як наогул паставіцца да апавядання Уладзіка. Ды Лабановіч папярэдзіў Зыгмуся.
— Ты — аконам, і прыгоды твае аконамскія,— сказаў ён Уладзіку.— Са мною не такі быў выпадак, праўдзівей, са мною і з маім бацькам. Бацька мой быў пчаляр. На лета завёз ён пяць вулляў бліжэй да лесу, каб зручней было пчолам насіць мёд. І вось аднойчы, надвячоркам, чую: раве нешта, ды так, што аж зямля гудзе. Зірнуў я — бачу, бацька трымае за хвост вялізнага звера і цягне да сябе. Я дагадаўся, што гэта мядзведзь прыйшоў паласавацца мёдам. Бацька цягне мядзведзя назад, а ён тужыцца наперад. I чую я — гукае бацька: «Андрэй! бяры лейцы ды бяжы сюды!» Я заскочыў у сенечкі, схапіў лейцы ды на пчольнік! Прыбег — бацька цягне мядзведзя за хвост. Мядзведзь упіраецца і арэ лапамі зямлю, як сахою. «Закідай пад жывот лейцы!» — крычыць бацька. Я спрытна закінуў лейцы, зрабіў пятлю, каб не скінуліся. «Цягні!» — камандуе бацька. Ён цягне мядзведзя за хвост, а я за лейцы. Пачуў гэта мядзведзь ды як рванецца! Адарваў хвост! Бацька з хвастом на спіну паваліўся і ногі задраў. Я адзін трымаю звяругу. А ён яшчэ мацней рвануўся. Я нагамі па калені ў зямлю закапаўся. І раптам лейцы — трэсь! Толькі кончыкі ў маіх руках засталіся. Сарваўся мядзведзь і паджгаў у лес. Замест хваста пару ляйчын павалок з сабою. Падняўся бацька з зямлі, паківаў галавою: шкада, што мядзведзя выпусцілі. А потым кажа мне: «Ну, сынок, цяпер мядзведзь па мёд хадзіць не будзе».
Дзед Юзафовіч, белавусы сямідзесяцігадовы чалавек, сапраўдны аконам, засуджаны ў крэпасць на адзін год, ляжаў на нарах, залажыўшы рукі за галаву, слухаў ды пасмейваўся.
Іван Сарока, спрытны мужычок з-пад Астрашыцкага Гарадка, не зварачаў увагі на ўсе гэтыя плявузготы, сядзеў каля падаконніка і шавецкім нажом — нож узычыў яму шавец Лазар Мардуховіч, малады хлапец, засуджаны ў крэпасць на паўтара года,— рэзаў скарынкі хлеба на дробненькія кавалачкі, каб пакарміць галубоў. Яны зляталіся на падаконнік цэлымі чародамі.
— Ось, чэрці шарачковыя! — азваўся Тургай на расказы сяброў.— Што ж мне сказаць пасля гэтага? Хіба пра свайго дзеда? Мой дзед важыў адзін пуд і адзін фунт... Што вы смеяцёся? Далібог, праўда: адзін пуд і фунт! Баба мая, бывала, возьме яго пад паху і нясе, як абмалочаны аўсяны сноп. А спачатку дзед быў чалавек ёмкі, дужы. Калі б Андрэеў бацька паклікаў не Андрэя, а майго дзеда, дык яны мядзведзя не выпусцілі б. Ды вось якое ліха здарылася з дзедам. Паснедаў ён на Сёмуху ды пайшоў пад вішню ў халадок адпачыць. А ўстаў, пачуў, што нешта не далягае ў вуху. I пачаў ён з таго дня сохнуць. Сох, сох, аж покі ад яго не застаўся адзін пуд і адзін фунт. На галаву скардзіўся дзед: баліць і шуміць у галаве. Павезлі дзеда ў бальніцу. Агледзелі яго дактары, выслухалі, а потым кажуць: «Аперацыю трэба рабіць: у мазгах нешта завялося». Зрабілі дзеду аперацыю: падрэзалі накрыватку на галаве, чэрап, ну, як на кавуне скарынку. Як толькі паднялі накрыватку, з дзедавых мазгоў — скок жаба! Не верыце? — Тургай стукнуў сябе кулаком у грудзі і з самым сур’ёзным выглядам пабажыўся, што гэта праўда.— Аказалася вось што,— тлумачыў далей ён,— калі дзед ляжаў у халадку, яму ў вуха залезла малюсенькая жабка. З вуха перабралася ў мазгі, смактала іх і гадавалася.