Выбрать главу

Аляксандар Галубовіч, шнуруючы з аднаго канца камеры ў другі, з прытоенаю ўсмешкаю прыслухоўваўся да неверагодных падзей, аб якіх расказвалі Андрэй і Уладзік. А калі Сымон Тургай пачаў апавяданне пра свайго дзеда, Галубовіч прыпыніўся каля слухачоў і прысеў разам з імі. Пасля нечаканага фіналу, якім скончыў Тургай сваё апавяданне, Галубовіч громка зарагатаў. Дый нельга было не смяяцца, гледзячы на сур’ёзную Сымонаву міну, з якой выдаваў ён лухту за праўду.

— Не звяліся яшчэ цуды на нашай зямлі,— гаварыў, рагочучы, Галубовіч.

— Закасаваў ты, брат Сымон, усіх нас: і Зыгмуся, і Уладзіка, і мяне,— сказаў Лабановіч, таксама не могучы ўтрымацца ад смеху.

Сябры весела смяяліся. Да агульнай весялосці далучыўся сам Зыгмусь Зайкоўскі і шмат хто з таварышаў.

Жыхары камеры асцерагаліся потым хадзіць сцежкамі Зыгмуся Зайкоўскага.

ХLІ

Аляксандар Галубовіч займаў своеасаблівую пазіцыю. Ён мала калі прымаў удзел у забаўках сяброў па камеры. Часам цэлымі гадзінамі ляжаў на нарах з кніжкаю ў руках. Кнігі ён літаральна глытаў, даставаў іх шмат. Па ўсім было відаць, што ён мае сувязі за сценамі астрога.

Калі да Галубовіча зварачаўся хто-небудзь з сяброў з запытаннем, ён лагодна і жычліва адказваў, тлумачыў незразумелае, а за жарт плаціў дасціпным дабрадушным жартам.

Падняўшыся з нараў, Галубовіч браўся за свой абыклы занятак — мераў крокамі камеру, мусіць, разважаў над прачытаным. На твары яго клаўся адбітак нейкай неспакойнай думкі. Потым аблічча яго праяснялася, Аляксандар развясельваўся, падыходзіў да Уладзіка, ці да Сымона, або да Андрэя — гэта была самая знітаваная чацвёрка ў камеры.

— Ну, што, дружок? Пусцім дымок? — казаў Галубовіч, лагодна ўсміхнуўшыся.

Сябры садзіліся каля тытунёвай скарбонкі і закурвалі. Яны не распытвалі Галубовіча, чаму ён часамі такі маўклівы і сур’ёзны. А Галубовіч, нахадзіўшыся, пакурыўшы, трохі пажартаваўшы, садзіўся на нары і доўга запісваў нешта ў ёмкі сшытак.

Андрэй аднойчы ўбачыў, што Аляксандар Галубовіч вырваў напісанае са сшытка, улажыў у пераплёт кнігі і перадаў яе на пагулянцы аднаму з крымінальнікаў.

Андрэя цягнула да гэтага чалавека. Галубовіч таксама ставіўся да яго больш уважліва, хоць выразна гэтага не паказваў, а часцей зварачаўся да Уладзіка і дабрадушна падсмейваўся з яго.

Уладзік жа строга прытрымліваўся ім самім заведзенага ладу. Кожны дзень раніцаю ён займаўся гімнастыкаю «па Мюлеру». Гімнастыка гэта была зручна тым, што ёю можна было займацца і ў астрозе. Складалася яна з цэлага рада розных практыкаванняў. Пачыналася з таго, што гімнаст станавіўся пасярод камеры, шырока расстаўляў ногі, а рукі клаў на пояс. Наўперад ён нагінаўся, пругка трымаючы паясніцу, потым адкідаўся назад, затым нахіляўся налева і направа. Другое практыкаванне складалася з таго, што, не знімаючы рук з пояса, Уладзік пакручваўся вакол свае восі то ў правы, то ў левы бок, наколькі хапала змогі. Далей у ход пускаліся рукі і ногі. Кульмінацыйны пункт гімнастыкі заключаўся ў тым, што гімнаст клаўся на падлогу, выцягнуўшыся ва ўвесь рост, абапіраўся на пальцы рук і на наскі. На кончыках пальцаў трэба было падымацца і апускацца дванаццаць разоў. Гэта лічылася рэкордам. Выконваючы такое практыкаванне, Уладзік моцна ўдыхаў і выдыхаў паветра носам. Прарабіўшы ўвесь комплекс гімнастыкі, ён стамляўся, пасля чаго казаў:

— А цяпер папіць кіпяточку.

Сырой вады Уладзік, ахоўваючы здароўе, не піў, у яго заўсёды была ў запасе гатаваная.