Выбрать главу

Стары Юзафовіч, лежачы на нарах, наглядаў, як мардаваўся Уладзік. Часамі ён не вытрымліваў і лагодна, па-бацькоўску, казаў:

— Эх, сынку, маеш кроплю здароўя і сілы, дык шануй іх, бо гэтак доўга не надыхаеш.

Пасля ранішняй зарадкі і снедання Уладзік прымошчваўся каля стала, браў падручнікі па лацінскай мове і па алгебры. Пазаймаўшыся старанна з гадзіну, Уладзік завучваў некалькі лацінскіх слоў, сказаў, склонаў, пасля чаго рабіў перапынак і пытаў дзеда Юзафовіча:

— Скажы, дзед, што значыць: «Dentibus crepitavit»?

Дзед адмоўна круціў галавою:

— А Бог яго ведае, сынку! Можа, ксёндз адказаў бы на гэта.

— А гэта, дзеду, значыць,— з выглядам прафесара тлумачыў Уладзік,— зубамі скрыгіча!

— Я во і гляджу, што ты, сынку, скрыгічаш уночы зубамі! — адказвае дзед Юзафовіч.— Кінь, дзеткі, і гэта сваё мардаванне і гэту навуку — здаравейшы будзеш!

Уладзік сапраўды часта ўночы скрыгітаў зубамі.

У хуткім часе захапленне латынню прайшло. Засталося ад яе ў памяці Уладзіка ўсяго некалькі слоў і сказаў, якімі ён карыстаўся ў некаторых выпадках. Калі, напрыклад, трэба было сказаць, што ўсё на свеце нетрывала, што ўсё праходзіць або забываецца, дык ужываўся сказ: «Siс transit gloria mundi» — так праходзіць слава зямлі.

Таксама як і Сымон Тургай, Уладзік пачаў болей захапляцца матэматычнымі навукамі. Да іх на некаторы час далучыўся і Андрэй Лабановіч. Адносна латыні Сымон і Андрэй прытрымліваліся слоў Пушкіна: «Латынь из моды вышла ныне», хоць ад Уладзіка і самі непасрэдна з падручніка перанялі некалькі лацінскіх выслоўяў.

Кожны з насельнікаў камеры меў свой занятак і праводзіў час так, як лічыў для сябе найбольш мэтазгодна.

Іван Сарока не толькі цэлымі гадзінамі сядзеў каля закованага ў жалеза акна і крышыў для галубоў счарсцвелы арыштанцкі хлеб. Сарока лічыўся майстрам на ўсе рукі: дома ён быў добрым гаспадаром і нават аграномам. Усім цікавіўся, да ўсяго даходзіў сам, сваёю галавою. Калі галубы былі накормлены так, што ўжо болей не ляцелі на падаконнік, Сарока знаходзіў сабе іншы занятак. Ад людзей, галоўным чынам тых, што сядзелі ў астрозе, пераняў ён умельства вылепліваць з хлеба мастацкія фігуры і пешкі для гульні ў шахматы, вельмі трывалыя і моцныя. Паламаць іх было цяжка, можна было разбіць, хіба толькі палажыўшы на кавадла і б’ючы ёмкім малатком. Сакрэт моцы заключаўся ў тым, што перад вылепліваннем хлеб трэба было перажаваць і вымесіць спецыяльным спосабам, пасля чаго ён рабіўся гнуткім і клейкім. Вылепіўшы і адштукаваўшы фігуры і пешкі, Іван Сарока афарбоўваў іх у адпаведныя колеры, і тады ўжо выраб атрымліваў пуцёўку ў жыццё. Попыт на шахматы быў вялікі. Ад астрожных майстроў яны часамі пераходзілі на волю, у горад, а ў камеры амаль не сходзілі са стала. Каля пары шахматыстаў, якія зрэдку мяняліся, заўсёды стаяў невялікі гурток аматараў шахматнай гульні. Нагуляюцца, бывала, так, што калі пакладуцца вечарам спаць, дык і шахматная дошка, і фігуры, і заматованы кароль доўга стаяць у вачах.

Адзін толькі Лазар Мардуховіч не прымаў удзелу ў шахматнай гульні і не цікавіўся ёю. Ён лічыў, што гэта не дастойна рабочага чалавека. Зранку пасля паверкі Лазар ішоў пад канвоем у турэмную шавецкую майстэрню шыць і рамантаваць абутак. Хадзіў туды па сваёй волі, бо не было такога права, каб прымусіць засуджанага ў крэпасць да той ці іншай працы. Перад вячэрняю паверкаю яго прыводзілі ў камеру. Лазар, закончыўшы рабочы дзень, старанна ўмываўся, надзяваў свой лепшы гарнітур, падмацоўваўся хлебам і каўбасою. Пасля гэтага з паўгадзіны хадзіў па камеры ўзад і ўперад, потым клаўся на сваё месца на нарах і спяваў песні. Голас у яго быў праз меру танклявы, дый песні падбіраў ён жаласныя, пераважна астрожныя.

Говорила сыну мать —

Не водись с ворами:

В Сибирь-каторгу сошлют,

Скуют кандалами.

З вялікім натхненнем спевака заліваўся Лазар, надаючы свайму голасу самую тонкую лірычнасць. Спяваў ён выключна для самога сябе і ў спевах знаходзіў найвышэйшую асалоду. Як ставіліся жыхары камеры да песень, Лазара мала цікавіла. На дзеда Юзафовіча, як і на шмат каго з карэнных жыхароў камеры, Лазаравы спевы рабілі самае непрыемнае ўражанне. Але навошта псаваць чалавеку настрой, калі ў песнях забываў ён астрожную няволю?

— А бадай ты захлынуўся гэтаю сваёю песняю! — ціха бурчаў дзед Юзафовіч, але так, каб пачуў Уладзік.

Дзед любіў Уладзіка і кампанаваў з ім болей, чым з іншымі. Калі часамі Уладзіку нядужылася, дзед накрываў яго нанач сваёю бравэркаю. Назаўтра Уладзік уставаў здаровы.

— Ну, дзеду, у вашай бравэрцы захована лекавая сіла,— казаў Уладзік, аддаючы Юзафовічу вопратку.— Прапацеў, і як рукой зняло!