Выбрать главу

— Не дрэйф, Курачкін: будзеш на волі! — такая прымаўка бытавала тады ў турме.

Тым часам насельніцтва камеры патроху змяншалася. Выпусцілі Івана Сароку, Мардуховіча. За імі на чарзе быў дзед Юзафовіч. Праз некаторы час і яго паклікалі ў кантору, сказаўшы, каб забіраў манаткі. Хоць дзед і чакаў гэтага часу, але ўсё ж дужа ўсхваляваўся. Нескладаныя дзедавы пажыткі ўжо ляжалі на нарах. Наглядчык адамкнуў дзверы камеры і ўрачыста сказаў:

— Ідзі на волю, дзед!

Дзед Юзафовіч узрушыўся яшчэ болей. Ён схапіў з нараў клунак, а потым паклаў яго назад. З паспешлівасцю, колькі дазвалялі яму семдзесят гадоў, ён кінуўся да Тургая, да Лабановіча, моцна і доўга паціскаў ім рукі.

— Дзякую, дзякую вам за вашу дабрату, за ўвагу да мяне, старога.

Развітваючыся з Уладзікам, дзед абняў і горача пацалаваў яго.

— Няхай табе, сынку, дае Бог шчасця!

Болей ён гаварыць не мог: на сівыя вусы, як срэбра, скаціліся буйныя кроплі слёз.

— Трымайся, дзеду, у тваёй бравэрцы шмат захавана лекавай сілы! — жартаваў Уладзік.

У дзвярах дзед звярнуўся да жыхароў камеры:

— Бывайце, дзеткі, здаровы! Дай, Божа, і вам шчасліва дачакацца часу вызвалення.

Крыху стала сумна, калі дзед Юзафовіч старэчаю паходкаю спускаўся з другога паверха астрога ўніз і схаваўся за жалезнымі варотамі.

— Папрастарнела ў камеры, нібы ў лесе, калі ў ім ссякуць старое дрэва,— з сумам у голасе заўважыў Лабановіч.

Сымон Тургай, каб павярнуць настрой у другі бок, прамовіў:

— Ты не зважай на «старое дрэва»! Яно яшчэ падкоціцца да свае бабкі! Пайшоў на волю наш дзед!

Аляксандар Галубовіч, які ўвесь час маўчаў, падаў свой голас:

— А за дзедам і я следам.

Яму заставалася яшчэ дзён дзесяць пабыць з таварышамі, з якімі зблізіў трохгадовы побыт у астрозе.

Лабановічу хацелася паразважаць аб жыцці, аб людскім лёсе.

— Людзі, як хвалі ў рэчцы: ідуць ды ідуць адна за другою, покі не закалыша іх цішыня,— сказаў ён.

— Калі людзі — хвалі рачныя, дык няхай не закалыхвае іх людская цішыня,— мнагазначна заўважыў Галубовіч. На слова «людская» ён зрабіў націск і ўзяў Андрэя пад руку. Яны доўга шнуравалі па камеры, а потым прыселі на нарах, паціху ведучы гутарку, якая захапіла іх, а затым прадоўжылі яе ў часе чарговай пагулянкі.

— Такі стан рэчаў не можа цягнуцца дзесяцігоддзямі,— казаў Андрэй Галубовічу, ходзячы па турэмным двары.— Рэвалюцыйны рух прыдушаны, але не спынены — ён жыве. I хіба можна паставіць такую сцяну, праз якую не перайшлі б чалавечыя думкі! Рэвалюцыйны рух — жывая вада, што тоіцца ў нетрах зямлі, у сэрцы і пачуццях народа. Яна выб’ецца на паверхню, праложыць сабе дарогу і пазносіць усё, што скоўвае незлічоныя сілы людскія.

— Іначай і быць не можа,— пераконана пацвердзіў Галубовіч.— А для гэтага не трэба, каб «людская цішыня закалыхвала рачныя хвалі»... Дарэчы, да якой палітычнай партыі ляжыць тваё сэрца?

Аляксандар закрануў якраз тое пытанне, што даўно займала Андрэя. Лабановіч падумаў, паківаў галавою.

— Эх, дружа мой! — сказаў ён.— Калі б мы мелі такія вагі, дзе можна было б узважваць добрае і благое! Тады паставілі б на дарогах слупы з напісамі: налева — праўда, направа — хлусня. І так лёгка б стала хадзіць па свеце, затое, відаць, было б нудна і нецікава.

— Гатовай праўды захацелася? — прамовіў Галубовіч.— Не, брат, праўду трэба здабываць з боем. А гэта не так проста, як малююць балбатуны-анархісты: шах-мах — скінулі цара, і кожны сам сабе сіла і права. Можа, табе гэта даспадобы?

Лабановіч рашуча адмовіўся.

— Па шчырасці сказаць, я — на ростанях,— загаварыў ён,— не вырашыў, куды далучацца...

— Пара, брат, пераступіць гэты парог,— сказаў Галубовіч.— Спадзяюся, што ты зробіш верны крок. Правільна, зараз такі час, калі рэвалюцыйны рух прыцішыўся. Але ты сам нядаўна слушна казаў, што гэты рух — жывая вада, якая тоіцца ў сэрцы людзей. Жыццё не спыняецца і на месцы не стаіць — такая дыялектыка.

— А як прымаеш ты сацыялістаў-рэвалюцыянераў? Пытаюся так таму, што мне найчасцей прыходзілася сутыкацца з імі.

— І яны табе па душы? — запытаў Галубовіч.

— Не, гэтага я не сказаў бы. Я не бачу ў іх таго жывога, глыбокага струменю, што выводзіць рэчку на вялікія прасторы.

— Хоць гэта трохі і туманна, але ў асноўным верна,— адказаў Галубовіч.— Эсэры вабяць інтэлігентаў — выхадцаў з сялян. I вы ж хацелі ўвайсці ва Усерасійскі настаўніцкі саюз. А на гэтую арганізацыю ўплывалі эсэры. Яны казыраюць сваёю аграрнай праграмаю. Але ж гэта не праграма, а тупік, бо эсэры, заігрываючы з сялянствам, перабольшваюць яго магчымасці. Патрэбен цвёрды саюз сіл — пралетарыяту і сялянства. Тады рэвалюцыя пераможа. На такім пункце погляду і стаяць сацыял-дэмакраты.