— Але ж партыя эсэраў не з’яўляецца адзінай, строга злітнай арганізацыяй,— заўважыў Лабановіч.— У яе радах ёсць розныя плыні.
— Тым горш,— адсек Галубовіч.— Гэта толькі сведчыць, што эсэры — дробнабуржуазная партыя, якая не мае пад сабой надзейнай асновы.
Лабановіч пасміхнуўся.
— Такі аргумент гаворыць і не ў карысць сацыял-дэмакратаў, бо і сярод іх ёсць дзве плыні. Ты ж сам казаў мне аб гэтым.
— Калі я гаварыў — сацыял-дэмакраты, дык меў на ўвазе бальшавікоў,— прамовіў Галубовіч.
Аляксандар крыху задумаўся, а потым з ясным, прасветленым тварам пачаў:
— Адзінае вернае і правільнае вучэнне аб рэвалюцыі і аб законах, па якіх развіваецца грамадства, гэта — марксізм, марксісцкае светаразуменне. Ад усяго сэрца раю табе: азнаёмся, глыбока засвой гэту навуку — яна будзе для цябе не верставым слупам, а маяком, які паказвае дарогу. Сіла бальшавікоў у тым, што яны цвёрда трымаюцца марксізму.
Галубовіч ускінуў вочы на Андрэя.
— Не палічы гэта за нейкую пропаведзь. Я звяртаюся да цябе як да чалавека, якому веру. Бальшавікі адкідаюць прыгожыя словы, мы не цураемся самай чорнай работы ў імя рэвалюцыі. Трэба абудзіць народ, выхаваць, згуртаваць і павесці на рашучы і ўжо астатні штурм царызму. Ты не павінен застацца ў баку ад гэтага штурму.
Галубовіч узяў Андрэя за плечы і пільна паглядзеў яму ў вочы.
— Дазволь мне верыць, Андрэй, што ты ніколі не адступішся ад народа. Я не сумняваюся ў гэтым, бо ты і так моцна з ім звязаны. А таму — уступі ў цесную сувязь з марксістамі, з бальшавікамі. На гэтай дарозе, спадзяюся, мы з табой сустрэнемся. Калі не знойдзеш ты мяне, я адшукаю спосаб напамянуць табе гэтую гаворку.
Пагулянка скончылася. Наглядчыкі пачалі падганяць зняволеных вяртацца ў камеры. Ідучы па сходах, Галубовіч гаварыў далей:
— Хацелася б мне сказаць колькі слоў і аб нашых таварышах, аб Тургаю і Лявоніку. На Тургая я таксама моцна пакладаюся, ён не збочыць з дарогі. А вось Лявонік — у ім я не ўпэўнены. Першае выпрабаванне, першая бура, змяўшыя часова яго жыццё, адвярнулі яго ад рэвалюцыі, ад народа, ён будзе шукаць у далейшым спакою і абывацельскага прытулку.
Усё, што казаў Галубовіч, западала ў душу Андрэя. Чалавек гэты, крыху старэйшы за Лабановіча, шмат перажыў, шмат перадумаў і цвёрда ішоў па шляху рэвалюцыйнай дзейнасці, быў пераконаным бальшавіком. Сардэчная размова зацягнулася на ўвесь вечар і заняла добрую палову астрожнай ночы.
ХLІІІ
У свой час, сардэчна развітаўшыся з сябрамі, Галубовіч выйшаў з астрога. Андрэй крыху правёў яго па калідоры.
— Да сустрэчы! — яшчэ раз паціснуў руку Галубовіч.
Вярнуўся ў камеру Андрэй з невыразным пачуццём. Ён быў рад, што сябар выйшаў на волю. У той жа час было шкада, што перарвалася сяброўства. I камера здалася пустою. Але вобраз малапрыметнага, удумлівага, разважлівага таварыша не выходзіў з памяці.
Час праходзіў сваёю чаргою. З кожным днём набліжаўся тэрмін вызвалення.
— Ну, хлопцы,— сказаў аднойчы Сымон Тургай Уладзіку і Андрэю,— тыдні праз два і я вылятаю ў вырай: адпраўляюся па этапу ў сваю навагрудскую турму на вызваленне.
— Хоць і шкада будзе разлучацца з табою, але мы парадуемся і тваёю і нашымі радасцямі,— адказаў Лабановіч. Ён яшчэ хацеў штось сказаць прыяцелю, але дзверы ў камеру расчыніліся, увайшоў суровы Дожджык. Ён хітравата зірнуў на Андрэя:
— Ідзіце ў кантору: да вас прыйшлі на пабачэнне.
Да Лабановіча амаль кожны тыдзень прыходзіў у адведзіны хто-небудзь з блізкіх або старых знаёмых. Таварышы па няволі яму часамі з гэтай прычыны зайздросцілі. Але сягонняшні дзень не быў днём наведвання. Хто ж бы гэта мог быць? Лабановіча прывялі ў пакой, дзе звычайна адбываліся спатканні. Там было даволі цёмна. Апроч таго, асоб, што прыходзілі з волі, адгароджвала ад зняволеных падвойная драцяная сетка. Ад аднаго яе крыла да другога было не меней як аршын. Спатканні звычайна адбываліся ў прысутнасці турэмнай варты.
Лабановіч заняў месца па адзін бок сеткі. З процілеглага боку стаяла жанчына. Андрэй паўглядаўся ў рысы яе твару і сумеўся. Насупраць яго стаяла Ліда, ды не тая вучнёўка-падлетак, а расцвіўшая ва ўсёй красе, зграбная, стройная, свежая, бы майская кветка, дзяўчына! Андрэй не зводзіў з яе вачэй і маўчаў, нібы ў зняменні.
Ліда ўсміхнулася.
— Не пазнаеце мяне?
— Ліда! Лідачка! — вырвалася з грудзей Андрэя.
— А вы так змяніліся, сталі такім бледным ды яшчэ бараду запусцілі. Каб я сустрэла вас у горадзе, дык і не пазнала б.
— Бледны, Лідачка, таму што сяджу пад замком, без свежага паветра. А сваёй барадзе я не гаспадар.