— Што, вас прымушаюць запускаць бараду? — здзівілася Ліда.
— Не,— засмяяўся Андрэй і зірнуў на наглядчыка Рутовіча, якому Дожджык загадаў быць пры спатканні. Наглядчык адышоўся далей.
— Мая барада належыць камуне, таварышам па камеры. У барадзе я хаваю грошы і складаны нож у часе вобыскаў, бо гэтага нам не дазваляецца мець на руках.
— У барадзе? Грошы і нож?! — здзівілася Ліда. Яна яшчэ ўважлівей ускінула цёмныя авалы вачэй на былога настаўніка і весела засмяялася. А потым на яе твары адбіўся сум.
— І многа вас ... такіх няшчасных у камеры?
— А чаму «няшчасных»? Часамі нам бывае і дужа весела. Часу многа, на службу хадзіць не трэба. Жывем успамінамі аб мінулым, гадаем пра сваю будучыню, пра волю, а яна ўжо блізка. Усюды, Лідачка, жыць можна, нават і ў астрозе. А вы як жывеце, Лідачка? Я вельмі рад, што ты ўспомніла мяне, наведала, бо думаў, што вы навекі страчаны для мяне.
Лідзін твар спахмурнеў. Вясёлая і такая чароўная ўсмешка пагасла. Ліда апусціла галаву, утупіла на момант вочы ў дол. Потым падняла іх на Андрэя.
— Можа, яно так і ёсць,— ціха і журботна прамовіла яна.
Лідзіны словы балюча адгукнуліся ў сэрцы Лабановіча. Ён адчуў сэнс іх і не распытваў дзяўчыну, што яны значаць. Ды Ліда сама растлумачыла:
— Я выходжу замуж.
Лабановіч авалодаў сабою і сваім хваляваннем.
— Ну, што ж? Жадаю вам быць шчаслівай у замужастве... За каго ж выходзіш, Ліда?
Лабановіч зварачаўся да яе то на «вы», то на «ты». Ліда выходзіла замуж за памочніка начальніка станцыі, на якой яна сама была тэлеграфісткаю. Горкая крыўда, быць можа, беспадстаўная, сціснула сэрца. Андрэй зараз не цікавіўся, хто гэты памочнік і на якой станцыі служаць яны. А калі ўвайшоў Дожджык і сказаў канчаць пабачэнне, Андрэй не пашкадаваў, што яно скончылася. На развітанне ён кіўнуў галавою. Ліда доўгім поглядам глядзела на Лабановіча. Яму здалося, што ў гэтым поглядзе было многа пакуты і жалю. А можа, яму проста здалося.
Ён амаль не спаў усю ноч і ўсё думаў, лежачы на астрожным матрацы, пра Ліду, пра яе чароўную постаць, пра апошні развітальны погляд, пра ўсё, што гаварыла яна на гэтым недарэчным пабачэнні. Чаго прыходзіла яна? Няўжо для таго толькі, каб абудзіць у сэрцы тое, што даўно перажыта, перачута? Нашто было прычыняць яму новы, яшчэ болей востры боль? А можа, і іншыя думкі і пачуцці кіравалі ёю? Можа, ён, Андрэй, нячула паставіўся да яе? І чаму не ўзяў у яе адраса? Ды нашто? Вобраз Ліды неадступна стаяў у вачах. І што найболей глыбока запала ў сэрца, гэта — апошні яе погляд.
«Ну, што ж? Калі б у чалавека не было горкіх разваг і прычын, выклікаўшых гэтыя развагі, дык не было б і належнай вастрыні для ўспрыняцця жыцця і яго з’яў», — падвёў падрахунак Андрэй сваім бяссонным думкам.
З радасцю і ў той жа час з жалем развітваўся Андрэй з Сымонам Тургаем, лепшым другам, якога набыў ён сабе ў астрозе. Сымон Тургай браў кірунак на свой Навагрудак, каб там выйсці на волю.
— Раскідалася наша «тройца»,— журботна сказаў Лабановіч, абнімаючы на развітанне Сымона.
— Дарма, Андрэй: не будзе тройцы, дык будзе двойца,— жартам адказаў Сымон.— Пішы, не забывай!
Андрэй з Уладзікам праводзілі Сымона да дзвярэй камеры. Дзверы замкнуліся, і хлопцы засталіся ўдвух з астрожных старажылаў.
— «Ах, братцы, мало нас! Голубчики, немножко?» — прыгадаў Уладзік выслоўе, вычытанае яшчэ ў пачатковай школе, і запытаў:
— Ну, што ты думаеш пра Янку Тукалу? Ён жа такі быў шчыры, прыязны. А вось пісьма так ні разу і не прыслаў.
— І я пра яго думаю. І ведаеш, хачу знайсці Янку! Не можа быць, каб ён так і прапаў.
— А як ты яго знойдзеш?
— Па памятных кніжках Мінскай губерні. У іх ёсць усе школы. Натраплю дзе-небудзь на след і непрыменна знайду і паеду да яго, пагляджу, што за чалавек ён цяпер.
Чым бліжэй падыходзіў час вызвалення, тым болей хваляваліся Уладзік і Андрэй. Але гэта хваляванне было радасным, жаданым. Турбавала зараз адно: як уладзяцца яны ў новым жыцці, на волі?
Нарэшце настаў той дзень, якога так прагна чакалі тры гады. Нічым асаблівым не адзначыўся ён, гэты дзень. Незадоўга да паўдня пятнаццатага верасня тысяча дзевяцьсот адзінаццатага года адамкнуліся дзверы ў камеру. Увайшоў той самы Рутовіч, што вартаваў Лабановіча ў часе пабачэння з Лідаю. У руках у яго быў ліст паперы з прозвішчамі Андрэя і Уладзіка.
— Ну, збірайцеся ў добры час!
У турэмнай канторы Лабановіч атрымаў рэчы, адабраныя ў яго тры гады назад: складаны ножык, «неразлучны спадарожнік грыбных паходаў», і грошы. Усяго грошай з тымі, што перадавалі з волі на імя Андрэя, набралася без малога сотня. Іх па-таварыску падзялілі.
Уладзіка і Андрэя павёў за вароты астрога Рутовіч. Каб мець поўную волю, трэба было яшчэ заявіцца ў сыскны аддзел. З далікацтва і з пачуцця чалавечнасці, а галоўным чынам у надзеі атрымаць на паўкварты, Рутовіч ішоў побач з вызваленымі, але па другім баку вуліцы, каб людзі не дагадваліся, што Уладзік і Андрэй — арыштанты, выпушчаныя з астрога. Завёўшы сяброў у сыскны аддзел, Рутовіч развітаўся з імі і, вясёлы, з рублём у кішэні, накіраваўся ў першы шынок, які трапіўся па дарозе. А сяброў яшчэ доўга трымалі ў сыскным аддзеле. Чыноўнік, ад якога залежала адпусціць іх, таксама чакаў хабару. Уладзік ужо гатовы быў даць таксама рубель.