Лабановіч адчуваў нейкую радасць. Яму было лёгка і прыемна. Ён чуў, як моцна звязан ён з жыццём. Яму па душы было гэта адзіноцтва, гэты лес і дарога, па якой ён цяпер ішоў. Куды ён ішоў? Нікуды. Яму проста люба было пабыць у лесе, паглядзець на слаўныя адзінокія хвоі, на старасвецкія дубы па краях палянкі. Ён многа разоў хадзіў тут і цяпер дзівіўся сам сабе, як гэта не зварачаў ён раней увагі на тыя малюнкі, якія бачыў прад сабою цяпер. Вакол было ціха і глуха. Усюды ляжаў снег, але ў паветры патыхала чымся новым, і чулася скорая вясна. Лабановіч сеў на роўна спілаваны пень, сядзеў і штось думаў. Але хіба гэта былі думкі? Не, перад ім праходзілі вобразы за вобразамі, цэлы іх шнур плыў і плыў у яго ўяўленні. Так праседзеў ён некаторы час, пакуль не пачуў глухі тупат конскіх ног і лёгкае шорганне і пасвістванне вузкіх, кованых жалезам палазоў. Ён падняў галаву. Бойкі конік, што дружнаю рыссю зараз жа выскачыў з-пад навіслых ялін на прасторную палянку, борзда імчаў лёгкія прыгожыя сані, у якіх звычайна ездзіць заможная шляхта або сярэдняй рукі панкі. На высокім сядзенні, па-запраўску трымаючы туга нацягнутыя раменныя лейцы, сядзела маладая паненка. На ёй было лёгкае футра; зімняя шапачка, надзетая крыху набок, вельмі ішла да яе твару. Здаровы холад зімы авеяў і разрумяніў ёй шчокі. Ад стройнае фігуркі так і патыхала здароўем і жыццём. Яна кінула зацікаўлены погляд на незнаёмага хлапца. Відаць, яе здзівіла гэта спатканне, а можа, нават і крыху спалохала: чаго сядзіць зімою на дарозе гэты чалавек? Яна шпарчэй пагнала каня. У колькі хвілін вазок знік з вачэй Лабановіча, зноў ускочыўшы ў лес пад шалаш калматых ялін і хвой. Але ён паспеў разгледзець і запамятаваць твар гэтае паненкі: тонкія бровы, бойкія сіняватыя вочы, пухлыя, прыгожа абрысаваныя губы. Дзяўчына была досыць прыгожая, як здалося Лабановічу.
«Напэўна, гэта і ёсць тая краля, за якою так падаюць усе хатовіцкія кавалеры,— падумаў Лабановіч.— Ну, не такая ўжо яна цікавая, як можна было б спадзявацца». Тым не меней ён устаў і рушыў у той бок, куды паехала дзяўчына. Праўда, ён пайшоў не дзеля таго, што ў гэты бок паехала завітанская красуня, ён проста падаўся дадому. Але, сказаць праўду, у яго такі была думка — а можа, ён спаткаецца з ёю. Усё ж было б цікава паглядзець на яе яшчэ раз, разгледзець лепей. Ды ўжо, калі на тое пайшло, трэба зрабіць так, каб і на мезены палец не даць падумаць ёй, што ён шукае спаткання або зацікавіўся ёю. Не, няхай на гэта яна выбачае. Ён проста зробіць так, каб гэта выйшла зусім выпадкова. Мінуўшы Сяльцо, Лабановіч надумаўся зайсці да старога Абрама выпіць бутэльку піва і крыху адпачыць.
У Абрама была чыстая каморка, куды часамі заходзілі больш важныя госці, чым простыя цельшынцы, якія звычайна таўкліся ў агульным памяшканні-карчме, яшчэ па старому звычаю, калі Абрам трымаў шынок. Увайшоўшы ў гэту каморку, Лабановіч раптоўна спыніўся: за столікам сядзела тая самая дзяўчына, якая нядаўна праехала і аб якой ён усё ж такі думаў. Яна разглядала карталюшкі, якія падаў ёй стары шынкар, і падрахоўвала лічбіны. Лабановіч ніяк не спадзяваўся спаткаць яе тут і прыйшоў у такое замяшанне, што не ведаў, як яму быць: далей ісці ці вярнуцца назад. Панна Людміла — бо гэта была яна — зараз жа падмеціла яго нясмеласць і замяшанне, і гэта ёй, як відаць, спадабалася. Яна ўскінула на яго свае сінія вочы. Лёгкая ўсмешка бліснула на яе твары. I гэта ўсмешка як бы казала: «А я і ведала, што ты да мяне прыйдзеш». Панна Людміла была крыху знароўлена кавалерамі, бо ўсе яны ў тутэйшай акрузе лічылі сваім абавязкам аддаць ёй падатак свае кавалерскае ўвагі. Адзін толькі Лабановіч ухіляўся ад гэтага і ўпарта не хацеў пазнаёміцца з ёю.
«Напэўна, думае, што я шукаю спаткання»,— падумаў настаўнік і яшчэ больш замяшаўся.
— Выбачайце! — прамовіў ён, крута павярнуўся і выйшаў вон з каморкі.
«Як дрэнна і па-дурному выйшла ўсё гэта,— разважаў сам з сабою Лабановіч.— Выходзіць так, як бы я збаяўся яе і збег. Фактычна гэта так і ёсць. I яна, напэўна, смяецца з мяне. I другім яшчэ раскажа». Ён моцна быў нездаволены сабою, бо трымаўся як які-небудзь школьнік у прысутнасці дзяўчыны, што хоць і незнаёма з ім, але добра ведае яго, як ведае і ён яе. А панна Людміла, застаўшыся адна, шчыра пашкадавала аб тым, што гэты дзівак так неспадзявана знік адгэтуль, як неспадзявана і з’явіўся тут. Ёй цікава было паглядзець на гэтага дзікуна і пустэльніка, які яшчэ аж дасюль не быў у Завітанках. З другога боку, ёй чулася і нейкае зняважанне яе дзявочае асобы, бо ніякі кавалер не зрабіў бы таго, што зрабіў гэты пустэльнік, як у сваіх думках называла панна Людміла цельшынскага настаўніка.