Мутнымі вачамі ён акінуў гасцей. Уваччу ўсё калыхалася і траілася. I невядома адкуль перад ім з’явіўся вобраз панны Ядвісі. «Ядвіська, мілая, слаўная!» — казаў ён у сваіх думках. Ён схіліў галаву і штось думаў. Потым раптоўна павярнуўся да Максіма.
— Максім Грэк! Вып’ем, брат?
— Вып’ем, прафесар.
— За здароўе тае маладзіцы, з якою можна пазнаць радасці раю!
— Брава, прафесар!
Лабановіч ужо зусім ап’янеў. Праўда, цвярозых тут і не было, апрача паненак — яны былі толькі вясёлыя,— і Саханюка, які гарэлкі не піў. Тым не меней Максім і Лабановіч выдзяляліся сярод гэтае кампаніі. Яны громка гаманілі, разводзілі рукамі і цалаваліся.
Саханюк непрыметна падышоў да калегі.
— Слухайце, калега: зойдзем на мінутку да мяне!
— Чаго? Не пайду. Я яшчэ піць хачу. Хачу пахаваць цельшынскага педагога, бо ён — фальшывы.
— На адну мінутачку, калега. Выйдзем.
— Саханюк! Мілы мой Саханючок! Ты — мой старэйшы брат. Я пакараюся табе... Але... Стой! Ты, брат, хіцёр, Саханючок: я ведаю, ты хочаш ад мяне пад п’яную руку падпіску ўзяць, што я аддаю табе гарцы.
— Гарцы ж ты мне і так аддасі як падарунак к вяселлю.
— Праўда, праўда, брат! — схамянуўся Лабановіч.— Жаніся, брат!.. Аддам табе гарцы, бо ты — чалавек, а не яловы пень, як думаў я раней.
Саханюк пад руку прывёў Лабановіча ў сваю кватэру.
— Куды ты мяне прывёў і нашто прывёў? Я хачу да паненак пайсці. Максім Грэк, свіны ты чалавек, дзе ты?
— Праспіцеся, калега. Ну іх! Будуць пальцамі паказваць і трубіць на цэлы павет — рады на язык падняць нашага брата.
— Эх, Саханюк, Саханюк! Ты і гарцы мае бярэш, ты і чэсць нашу настаўніцкую бароніш. Ты крануў маё сэрца. Жыві ж, Саханюк, на многія леты. Жаніся, брат, пладзіся, напаўняй пінскія балоты і валодай імі,— гаварыў Лабановіч з канапы, ледзьве варочаючы языком.
ХХVІІІ
Першую палескую вясну сустракаў тут Лабановіч. Здавалася, што засмучэнне, тая паласа тугі, што ўсю зіму не сходзілі з твару гэтага глухога кутка Палесся, цяпер прайшлі, бо штось новае і радаснае пачынала вызначацца і ў агульным выглядзе пустэляў балот, і гэтага панурага лесу, і асобных хвой і дубоў, што высока падымалі ўгару свае кучаравыя галовы або адзінока стаялі па краях лесу.
Вясна была ранняя, як і звычайна на Палессі. У лясах на ўгрэвах снег злазіў борзда, і вызваленая з-пад снегу зямля радасна выглядала на свет жаўтавата-шэрымі плямкамі, ужо выбіваўся і леташні бруснічнік, свежы і сакавіты, сухія галінкі вераску і ягадніку. Побач чыгункі, дзе так прыемна купаліся залатыя косы сонейка, у зацішку зялёных хвой і чырванаватага маладога бярэзніку, ужо цягнулася доўгая жоўтая паласа адтаўшай зямлі. Яна шырэла з кожным днём, з кожнай гадзінай.
А каля масткоў на чыгунцы стаяў вясёлы гоман звонкіх кропель, сцякаючых у ажыўшыя рачулкі і ручайкі. Засыпаныя снегам шпалы, старыя трухлявыя пні даўно загубленых дрэў, гнілыя галіны — усё выглядала з-пад снегу і ўсё, здавалася, радавалася, што не апошні раз бачыла сонца. А лес, асветлены і абагрэты сонцам, пазіраў зусім-такі весела. I было штось незвычайна прыемнае ў гэтых першых светла-бліскучых іскрынках абуджэння жыцця, у гэтым зямлістым паху прэлых леташніх лісцяў, дзе-нідзе шарэўшых на зямлі. I зусім іншыя струны душы закраналіся гэтым кволым патыханнем вясны, і іншыя парыванні разам з абуджэннем прыроды калыхалі душу ціхаю, няяснаю песняю ці даўно чутаю казкаю, поўнаю хараства і чараў, і кудысь цягнулі і клікалі. Куды? Можа, да таго невядомага, заўсёды павабнага, нерасчытанага і неадгаданага, закрытага заслонаю ружовых мараў, што ніколі не зліваецца з тваімі жаданнямі? А можа, гэты смутак аб чымсьці такім, міма чаго прайшоў ты няўважна і страціў навекі? Ці гэта — адбітак вечнага нездавалення чалавека, якое выдзяляе яго з круга жывёлін і вядзе па дарозе шукання і ўтварэння лепшых стасункаў жыцця і яго хараства? Ці гэта — імкненне рассунуць граніцы свайго кругагляду, каб пазнаць непазнанае, уведаць нязведанае? Але вечныя загадкі жыцця і вечныя нашы імкненні іх адгадаць, бо формы жыцця абмежаваны, само ж жыццё не мае граніц.
Пасля пісарскага бала Лабановіч некаторы час адчуваў сябе дрэнна. Яму было прыкра, што ён там напіўся, гаварыў розныя глупствы і нават піў за здароўе нейкай маладзіцы. Назаўтра ён раненька вырваўся з Хатовіч і бадай што ўцёк дадому. I вось цяпер, на другі дзень пасля п’янства, ён хадзіў па чыгунцы, крыху заспакоены, і ацэньваў свае паводзіны як чалавека і як настаўніка. Яму ўспаміналіся першыя дні прыезду сюды, яго намеры і планы. I цяпер усё гэта так не сходзілася адно з другім і не давала ніякага маральнага задавалення! Ён чуў нейкі неспакой душы. Яму хацелася кінуць тут усё і ісці. Куды? У свет, на новыя мясціны — і ўжо там пачынаць жыць як-небудзь іначай.